Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Узнагароджваем „вераскі“, што прабіліся праз цэглу». Кінапрэмія «Чырвоны верас» абвясьціла доўгі сьпіс — хто туды трапіў?


На паказе «Чырвонага верасу — 2024», архіўнае фота
На паказе «Чырвонага верасу — 2024», архіўнае фота

У доўгі сьпіс прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» увашлі 60 стужак. Усяго на прэмію было пададзена 74 заяўкі. Пра асаблівасьці новага сэзону Свабода распытала адну з арганізатарак прэміі Ірэну Кацяловіч.

У доўгі сьпіс «Чырвонага верасу-2026» увайшлі 60 ігравых, дакумэнтальных і анімацыйных фільмаў. Сёньня Беларуская прэмія кінакрытыкаў абвясьціла хто будзе змагацца за перамогу ў трэцяй эдыцыі.

Сярод прэтэндэнтаў — імёны вядомых беларускіх рэжысэраў: Андрэя Куцілы, Мары Тамковіч, Андрэя Кашперскага, Мікіты Лаўрэцкага, Юрыя Сямашкі, Арцёма Лобача, Аляксандра Міхалковіча, Ганны Бадзякі, а таксама новых аўтараў.

«Мы атрымалі 74 заяўкі, 60 трапілі ў доўгі сьпіс. Гэта можа быць зьвязана як з тым, што фільмаў у прынцыпе паўстае менш у сувязі зь неспрыяльнымі ўмовамі, так і зь перасьцярогамі фільммэйкераў удзельнічаць у якіх-кольвек ініцыятывах.

Я вельмі ўсьцешаная сёлетнім доўгім сьпісам — ён разнастайны, у ім багата добрых стужак і вядомых, і новых шматабяцальных творцаў, будзе добрая канкурэнцыя», — расказала Свабодзе Ірэна Кацяловіч.

Таксама Ірэна Кацяловіч адзначыла, што ў сёлета сярод намінантаў прэміі зьявіліся новыя імёны.

«Новыя імёны ў доўгім сьпісе ёсьць, і я ўжо ўяўляю, хто б мог атрымаць узнагароду „Адкрыцьцё году“ гэтым разам. На папярэднім „Чырвоным верасе“ „адкрыцьцём“ стаў Юры Сямашка. Мушу сказаць, што беларускія незалежныя фільмы сапраўды ўражваюць.

Я ўпэўненая, што пры належным чынам наладжаных працэсах і ва ўмовах падтрымкі сваёй краіны беларускае кіно мела б шырокую прадстаўленасьць на міжнародных кінафэстывалях і з посьпехам расказвала б сьвету пра беларусаў. Магчыма, мы гэта яшчэ засьведчым. Пакуль жа „Чырвоны верас“ сапраўды ўзнагароджвае „вераскі“, што прабіліся праз цэглу», — кажа адна з заснавальніц прэміі.

У журы прэміі ўвайшлі 20 чалавек: гэта дасьледніцы кіно Альміра Усманава, Саша Разор і Вольга Ісакава, кінааналітык Максім Жбанкоў, фэстывальны арганізатар Ігар Сукманаў, кінакрытыкі Ганна Яфрэменка і Ульяна Рубанава, кінажурналістка Натальля Бабілёнская і сузаснавальнікі прэміі — кінакрытыкі і Тарас Тарналіцкі і Ірэна Кацяловіч. Некаторыя экспэрты ананімныя.

«Беларусь па зразумелых прычынах паволі зьнікае з нашых экранаў. І фільмаў, зьнятых у Беларусі, становіцца ўсё менш», — адзначае Ірэна Кацяловіч.

Прэмію «Чырвоны верас» заснавалі чацьвёра энтузіястаў-кінакрытыкаў у 2021 годзе, калі стала канчаткова зразумела, што беларускае незалежнае кіно існуе ў новай рэчаіснасьці: «неляяльнае» кіно станавілася немагчымым унутры Беларусі.

Назвы ўсіх фільмаў доўгага сьпісу «Чырвонага вераса — 2026» можна паглядзець тут.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG