Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму лорд Бэл не зрабіў зь Беларусі цукерку?


Тымаці Бэл
Тымаці Бэл

Гадавы кантракт зь Беларусьсю брытанскага піяршчыка лорда Бэла скончыўся 18 жніўня. Ці можна назваць пасьпяховай місію Тымаці Бэла, ці выканаў ён тыя задачы, якія ставілі перад ім беларускія ўлады? Увогуле, ці магчыма сродкамі піяру і палітычнай рэклямы зьмяніць імідж краіны, нягледзячы на рэаліі і ўзровень разьвіцьця гэтай краіны?


На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць палітоляг Уладзімер Падгол і намесьнік рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч.

Цыганкоў
: “Кантракт Тымаці Бэла зь Беларусьсю скончыўся. Пра гэта сам кіраўнік брытанскага PR-агенцтва Bell Pottinger Group, зь якім беларускія ўлады заключылі гадавы кантракт, заявіў у інтэрвію брусэльскаму інтэрнэт- выданьню EUobserver. Ці была ўдалай гэтая ідэя беларускага кіраўніцтва, ці прынесла місія лорда Бэла нейкую карысьць Беларусі? Ці можна назваць гэтую місію пасьпяховай з пункту гледжаньня, напрыклад, Лукашэнкі?”

Дзяржаўным структурам “да лямпачкі” лорд Бэл


Падгол: “Як кажуць навукоўцы, “адмоўны вынік — таксама вынік”. З гэтага пункту гледжаньня любыя кантакты прыносяць плён. Аднак
з гледзішча эфэктыўнасьці ў нас даволі складаная задача — мы ня бачылі дамовы, ня ведаем пра тыя пункты, якія меўся выконваць лорд Бэл. Таму мы можам толькі вельмі ўскосна разважаць наконт гэтага...”

Цыганкоў: “Але некаторыя крокі Лукашэнкі часта зьвязваюць менавіта з парадамі лорда Бэла. Гэта і публічнае зьяўленьне сына Міколы, і паездка ў Ватыкан... Ці можна гэта ацаніць як посьпехі Бэла?”

Падгол: “Вядома ж, не. Пры чым тут лорд Бэл да паездкі Лукашэнкі ў Ватыкан? Дзяржаўныя структуры маюць магутную аналітычную групу, пралічваюць шмат крокаў, і ім да лямпачкі лорд Бэл.

Калі казаць пра Колю, то ўнутры Беларусі гэта выклікае адмоўную рэакцыю. Паводле маіх зьвестак, электарат Лукашэнкі вельмі нэгатыўна ставіцца да зьяўленьня Колі. На міжнароднай арэне дык гэта ўвогуле хіба анэкдот. Таму гэта правальныя рэчы, і я ня ўпэўнены, што Бэл меў да гэтага хаця б нейкае дачыненьне”.

Беларусі патрэбны не піяршчык, а настаўнік ангельскай мовы для дзяцей


Марціновіч
: “Мне здаецца, мы пакуль сьпяшаемся казаць, што місія Бэла скончаная. Дакладна ў інтэрвію EUobserver Бэл сказаў толькі, што тэрмін дзеяньня гадавога кантракту зь ім скончаны. І зараз, наколькі я ведаю, ідзе ўзгадненьне пытаньня, ці працягваць гэты кантракт. Таму лічыць гэты этап скончаным было б зарана.

Што да эфэктыўнасьці ягонай працы за мінулы год, то тут я б пагадзіўся з Уладзімерам, што гэтая дзейнасьць не была надта эфэктыўнай. Па-першае, асноўнай мэтай Бэла было не паліттэхналягічнае кансультаваньне Лукашэнкі (бо гэтым займаюцца іншыя людзі), а спрыяньне пазытыўнаму вобразу Лукашэнкі і Беларусі ў замежных мэдыях. Дзеля гэтага, як сам Бэл казаў мне, ён лічыў мэтазгодным максымальна распаўсюджваць той мэсыдж, які Беларусь сфармулюе для Захаду.

Сам Бэл паказьнікам эфэктыўнасьці сваёй працы лічыў, напрыклад, прызнаньне восеньскіх парлямэнцкіх выбараў. Нагадаю, прызнаньня гэтага не адбылося.

Ці было сфармулявана РБ новае бачаньне свайго месца ў адносінах з Эўразьвязам? Мне здаецца, не. Лёнданскі інвэстыцыйны форум, які зь вялікай помпай быў праведзены пры падтрымцы Бэла, не прынёс шмат плёну. Бо, як мы зараз ведаем і рагочам з гэтага — калі на беларускае прадпрыемства тэлефануе патэнцыйны ангельскамоўны інвэстар, то там проста кідаюць слухаўку.

Таму, на мой погляд, беларускай прамысловасьці патрэбны не піяршчык, а проста настаўнік ангельскай мовы для дзяцей. Вось калі ўся сыстэма вывучыць ангельскую мову, дык тады ўжо можна прыступаць да фармаваньня нейкага мэсыджу, а піяршчык ужо, у сваю чаргу, растлумачыць яго замежным мэдыям”.

Цыганкоў: “Што тут першасна — ці проста ніхто цяпер ня ў сілах зрабіць зь беларускага кіраўніцтва цукерку, ці проста Бэл недастаткова таленавіты і ня выканаў сваю задачу?”

Журналісты зьяжджалі расчараванымі — ня Бэла віна


Марціновіч: “Не, лорд Бэл вельмі таленавіты піяршчык, ён абяляў іміджы значна больш складаных лідэраў. Напрыклад, я б зьвярнуў увагу на ягоную працу з кіраўніцтвам Малайзіі, якая прынесла шмат плёну.

Але ж праблема ў тым, што стаўленьне Менску да Захаду — гэта не задача піяршчыка. Ягоная функцыя — распаўсюджваць нейкія ўжо сфармаваныя меркаваньні. Калі мы чакалі, што Бэл растлумачыць нам, як паводзіць сябе з Захадам, з Расеяй — то гэта фантастыка. Гэта не ягоная функцыя.

З сваімі задачамі ён справіўся вельмі добра. Ён сюды прывозіў журналістаў, дэлегацыі, яны тут на ўсё глядзелі. Але тое, што нічога ня ўгледзелі, і тое, што яны зьяжджалі адсюль расчараваныя — дык гэта ня Бэла віна”.

Беларускай рэальнасьці, антырэкляме ніякі лорд не дапаможа


Цыганкоў: “Віктар лічыць, што Бэл з прафэсійнага пункту гледжаньня зрабіў, што мог, проста місія была невыканальная і ён ня мог зрабіць больш, чым дазваляе беларуская рэальнасьць. Але Ўладзімер Падгол на пачатку нашай размовы заявіў, што лічыць місію правальнай. Уладзімер, вы настойваеце на гэтым?”

Падгол: “Я ня мог за пяць хвілін памяняць сваю пазыцыю. Віктар прывёў вельмі добры прыклад — Лёнданскі інвэстыцыйны форум. Але няшмат хто ведае ці памятае, што адбывалася па-за форумам. Тады журналісты адной з найбуйнейшых брытанскіх газэт падрыхтавалі інтэрвію з Лукашэнкам, якое выйшла акурат падчас форуму. І нам трэба памятаць, што гэта ж дэмакратычнае грамадзтва. Дык вось, у гэтым самым нумары ў два разы больш далі месца апазыцыі і прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці, дзе яны ўшчэнт зь лічбамі і фактамі разьнесьлі ўсё, пра што казаў Лукашэнка — якая ў Беларусі цудоўная дэмакратыя і гэтак далей”.

Цыганкоў: “Бэл адзначае, што за мінулы год “істотна пацяплелі дачыненьні паміж Беларусьсю і ЭЗ”. Гэта можна прызнаць ягоным дасягненьнем?”

Падгол: “Няма ў інструмэнтальнай паліталёгіі такіх фармулёвак, як “пацяплелі” — гэта ўсё прапаганда. Ёсьць парамэтры дэмакратызацыі — зроблена тут нешта ці не? Інвэстыцыйны клімат — памяняліся парамэтры ці не? Гэта канкрэтныя паказьнікі.

Працягну цытатай Лукашэнкі пра сакратарак прадпрыемстваў, які кідаюць слухаўкі, пачуўшы ангельскую мову. Ва ўчарашняй “СБ” артыкул пра тое, як выпускніца-выдатніца ін’яза не захацела ехаць на пэрыфэрыю. І журналістка зьдзекуецца з гэтай дзяўчыны. Дык трэба такіх дзяўчатак накіроўваць сакратаркамі на заводы, а іх — у цьмутаракань! Вось вам і рэкляма, ніякі лорд не дапаможа ў гэтым”.

Зараз наймаць Бэла — гэта тое самае, што спрабаваць рабіць касьмічны карабель у краіне, дзе яшчэ ня вынайшлі паліва.


Цыганкоў: “Ці ёсьць сэнс беларускаму кіраўніцтву працягваць супрацоўніцтва з лордам Бэлам ці іншай такой структурай — з таго пункту гледжаньня, што перамены з сытуацыяй у самой Беларусі значна больш патрэбныя, чым нейкія піяр-крокі?”

Марціновіч: “Такая супраца патрэбная, але ж не на гэтым этапе. Зараз наймаць Бэла — гэта тое самае, што спрабаваць рабіць касьмічны карабель у краіне, дзе яшчэ ня вынайшлі паліва.

На гэтым этапе трэба давесьці элітам, як сабе паводзіць з замежнымі журналістамі ды інвэстарамі. Растлумачыць ім, што прадпрымальнік ды інвэстар — гэта ня вораг, а наадварот.

Перад Бэлам ставіліся два блёкі задач — эканамічная ды палітычная. У эканоміцы ўсё разбураецца ад таго, што самі прадпрыемствы не гатовыя да размовы з ангельскамоўнымі заходнімі інвэстарамі. Яны працавалі з расейцамі і думалі, што да скону будуць купляць яраслаўскія рухавікі і збываць сваю прадукцыю ў Расею. Дык вось не!

Што да вынікаў у палітыцы, то Палата прадстаўнікоў дагэтуль не прызнаная, хаця выбары адбываліся ўжо ў часе існаваньня кантракту з Бэлам. І не адбылося гэтага прызнаньня не таму, што піяршчык кепскі, а таму, што Менску сказаць не было чаго. Такім чынам, узнаўляць супрацу трэба тады, калі будзе што сказаць, калі сыстэма будзе іншая, калі мовы будуць ведаць і гэтак далей. А зараз гэта ня мае ніякага сэнсу”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG