Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеля чаго апазыцыя падрыхтавала антыкрызісную плятформу?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 27-га сакавіка

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы распрацавалі праграму дзеяньняў па пераадоленьні крызісу. Хто адрасат гэтага дакумэнту? У чым сутнасьць апазыцыйнай альтэрнатывы? Ці гатовае беларускае грамадзтва да лібэралізацыі і рынкавых рэформаў?

Удзельнікі: кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і палітоляг Сяргей Нікалюк.

Валер Карбалевіч
Яраслаў Раманчук
Сяргей Нікалюк

Хто адрасат гэтага дакумэнту?

Валер Карбалевіч: “АДС зьбіраюцца шырока прэзэнтаваць сваю антыкрызісную праграму на антыкрызісным форуме ў панядзелак. Безумоўна гэта неабходны крок, можа, нават запозьнены, бо крызіс разьвіваецца ўжо некалькі месяцаў. Адразу ўзьнікае пытаньне, якая функцыя гэтага дакумэнту. Для чаго і для каго ён падрыхтаваны, хто яго адрасат? Спадар Раманчук, вы адзін з распрацоўнікаў гэтага дакумэнту. Патлумачце яго сэнс”.

Яраслаў Раманчук: “Плятформа адрасавана і апазыцыйным актывістам, і моладзі, і тым 40% насельніцтва, якое ня вызначылася ў сваіх прыхільнасьцях.

Падрыхтаваны таксама матэрыял, адаптаваны да шырокіх слаёў грамадзтва, дзе простаю моваю, “на пальцах” тлумачыцца сэнс нашых прапановаў. Мы падлічылі, што з дапамогай нашай праграмы эканоміцца каля 15 млрд. даляраў. Такая сума застанецца ў гаспадарчых суб’ектаў,
Мы падлічылі, што з дапамогай нашай праграмы эканоміцца каля 15 млрд. даляраў.
хатніх гаспадарак у выніку рэалізацыі гэтага дакумэнта. Гэта больш, чым той аб’ём інвэстыцыяў і крэдытаў, якія імкнецца атрымаць улада.

Сярэдняя сям’я пры рэалізацыі праграмы зэканоміць 300 даляраў у месяц на набыцьці ежы і яшчэ 200 даляраў — на вопратцы і хатніх рэчах.

Ёсьць яшчэ адзін дакумэнт, большы па аб’ёме, дакладны — 100 крокаў рэформаў. Ён арыентаваны на адмыслоўцаў. Гэта для таго, каб дзяржаўныя мэдыі не абвінавацілі нас, што мы папулісты, нічога ў эканоміцы не разумеем. Усе гэтыя дакумэнты дапаўняюць адзін аднаго“.

Сяргей Нікалюк: “Якая эфэктыўнасьць гэтага дакумэнту? Зразумела, што ва ўмовах цяперашняга рэжыму ніякія прапановы апазыцыі ня могуць прымацца ўладамі. Таму гаворка толькі пра тое, ці набудзе апазыцыя новых прыхільнікаў.

Добра, што дэмакратычныя сілы падрыхтавалі такі дакумэнт. Спадзяюся, што прэзэнтацыя гэтай плятформы не зьвядзецца да 1-2 мерапрыемстваў“.

Ці ёсьць альтэрнатыва?

Карбалевіч: “Дакумэнт апазыцыі па сваёй прыродзе павінен быць альтэрнатывай. У чым сутнасьць вашай альтэрнатывы? Урад таксама мае антыкрызісны плян. Чым ваша плятформа адрозьніваецца ад уладнай?”

Раманчук: “Плян ураду я б назваў так: “52 крокі: хто ў лес, хто па дровы”. Там мала канкрэтыкі, а шмат бюракратычных выразаў: “удасканаліць”, “паглыбіць”…

Прапаную пяць тэзісаў, якія і зьяўляюцца нашай альтэрнатывай плянам ураду.
Людзі могуць разьмяркоўваць грошы больш эфэктыўна, чым робіць улада.
Першы тэзіс: трэба давяраць чалавеку і пакідаць яму 80% таго, што ён зарабіў. А сёньня дзяржава забірае 70% таго, што чалавек зарабляе. Людзі могуць разьмяркоўваць грошы больш эфэктыўна, чым робіць улада.

Другі тэзіс: трэба даць чалавеку волю, зямлю і ўласнасьць. Улады прапануюць бюракратычную прыватызацыю зь вялікай рызыкай карупцыйных схемаў.

Трэці тэзіс: трэба дапамагаць бедным людзям, а не суб’ектам гаспадараньня. Чацьвёрты тэзіс: не “кашмарыць” бізнэс. Пяты тэзіс: кантроль за чыноўнікамі з боку грамадзтва.

Гэтыя тэзісы і зьяўляюцца ідэалягічнай асновай нашай антыкрызіснай праграмы“.

Карбалевіч: “Калі рэзюмаваць, то гэты дакумэнт скіраваны на аслабленьне ролі дзяржавы, наданьне большай свабоды грамадзянам і суб’ектам гаспадараньня. Інакш кажучы, гэта праграма лібэралізацыі. Але і ўлады абвясьцілі курс на лібэралізацыю. У чым розьніца?”

Раманчук: “Улады толькі гавораць пра лібэралізацыю. У 2008 годзе ўрад разьмяркоўваў 51% эканамічнага багацьця праз валавы ўнутраны прадукт, а вось цяпер, пасьля абвешчанай лібэралізацыі — толькі 48%. А мы прапануем рэальную лібэралізацыю”.

Ці гатовае грамадзтва да лібэралізацыі?

Карбалевіч: “Асноўная ідэя антыкрызіснай плятформы апазыцыі — гэта лібэралізацыя. Але ці гатовае грамадзтва да лібэралізацыі і рынкавых рэформаў? Вось Лукашэнка падчас паездкі на Віцебшчыну абрынуўся на гэтую праграму, абвінаваціў апазыцыю ў тым, што яна прапаноўвае прыватызаваць заводы. То бок сэнс абвінавачваньняў той жа: апазыцыя выступае за рынкавыя рэформы, працуе на замежных буржуяў”.

Нікалюк: “Калі б беларускае грамадзтва было гатовае да лібэралізацыі, то яна б даўно ўжо наступіла. Але ўжо каля 14 гадоў каштоўнасныя арыентацыі нашага грамадзтва не мяняюцца.

Больш грамадзян выступае за ўзмацненьне дзяржаўнага кантролю, а не за свабоду.
У мяне ёсьць лічбы сакавіцкага сацыялягічнага апытаньня. Высновы такія. Пад узьдзеяньнем крызісу патэрналісцкія настроі ў грамадзтве ўзмацняюцца. Больш грамадзян выступае за ўзмацненьне дзяржаўнага кантролю, а не за свабоду.

Людзі адчуваюць крызіс як катастрофу. Ёсьць такі індыкатар, які я называю індыкатарам матэрыяльнага становішча. У сакавіку ён складае мінус 60. Гэта значэньне 1994 году. Пры гэтым рэйтынг Лукашэнкі не зьмяніўся. Гэта новая сытуацыя. Бо ў мінулыя гады, як толькі даходы насельніцтва падалі, рэйтынг Лукашэнкі таксама падаў. А цяпер — не. Такая ж сытуацыя і ў Расеі з рэйтынгамі Пуціна і Мядзьведзева. Я тлумачу гэтую сытуацыю тым, што грамадзтва бачыць прычыну крызісу ў вонкавых чыньніках і хоча яшчэ большай абароны з боку дзяржавы“.

Карбалевіч: “Калі грамадзтва не прымае лібэралізму, то на якой аснове павінна грунтавацца антыкрызісная плятформа апазыцыі?”

Нікалюк: “Грамадзтва расколатае ў прапорцыі 3:7. Яно не мяняецца з 1993 году. Толькі 30% падтрымлівае лібэральныя ідэі”.

Раманчук: “Мінулым годам каля 80% падтрымлівалі эканамічныя і сацыяльныя рэформы. Можа, ня трэба ўжываць слова „лібэралізм“, калі людзі яго не прымаюць?”

Нікалюк: “Каб правесьці ў Беларусі лібэралізацыю, трэба зьмяніць культурную парадыгму грамадзтва. Як гэта адбылося ў Японіі ці Нямеччыне пасьля Другой сусьветнай вайны ў выніку паразы і разрухі. У Беларусі разьмеркавальныя дзяржава і грамадзтва. І калі ва ўлады заканчваюцца рэсурсы, то народ выходзіць на плошчу, але з патрабаваньнем не свабоды, а парадку. Гэта адбылося ў 1994 годзе. Думаю, цяпер гэта паўторыцца”.

Раманчук: “Гэтая праграма была прынятая кансэнсусам розных палітычных сілаў. Яна якраз і бароніць простага чалавека ад крызісу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG