Улады гораду “лічаць магчымым разгледзіць пытаньне пра стварэньне помніка ахвярам палітычных рэпрэсіяў і ўладкаваньня ўрочышча Курапаты”, гаворыцца ў лісьце намесьніка старшыні Менскага гарвыканкаму Міхаіла Ціцянкова.
Такі ліст у адказ на свой зварот атрымалі старшыня Беларускага добраахвотнага аб’яднаньня аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч і намесьнік старшыні сэкцыі “мэмарыял” гэтай арганізацыі Ўладзімер Раманоўскі.
Ціцянкоў піша, што ў дадзены момант Менгарвыканкам займаецца стварэньнем мэмарыялу “Трасьцінец” і ўпарадкаваньнем Менскіх брацкіх вайсковых могілак першай усясьветнай вайны, піша БелаПАН.
Курапаты – урочышча пад Менскам, дзе ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.
У красавіку - траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі "Мартыралёг Беларусі". У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах. У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.
Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.
Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.
У Курапатах неаднойчы зьдзяйсьняліся факты вандалізму.