Павелічэньне стаўкі выклікала найперш заклапочанасьць у людзей, якія раней узялі крэдыты. Іх хвалюе, ці не давядзецца цяпер вяртаць больш грошай?
Прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч на просьбу “Свабоды” тлумачыць сытуацыю:
“Падвышэньне стаўкі рэфінансаваньня — гэта своеасаблівы баромэтар працэнтнай палітыкі Нацыянальнага банку. Таму, безумоўна, ад гэтага будуць залежаць як працэнты па ўкладах, так і працэнты па крэдытах.
Але тут усё залежыць ад умоваў дамовы, якую заключаюць банк і крэдытаатрымальнік альбо ўкладчык. Калі ў дамове прадугледжана, што працэнт па крэдыце складаецца са стаўкі рэфінансаваньня плюс нейкі працэнт (альбо мінус), то, безумоўна, са зьменай стаўкі рэфінансаваньня будзе павышацца і працэнт па крэдыце. Але гэта толькі ў беларускіх рублях. І наадварот, калі зьмяншаецца стаўка рэфінансаваньня, то будзе зьмяншацца і працэнт па крэдыце. Калі ж у дамове прадугледжана фіксаваная стаўка, то яна застаецца фіксаванай. Карацей, усё залежыць ад дамовы”.
Эканаміст Яраслаў Раманчук таксама лічыць новую стаўку рэфінансаваньня занадта нізкай:
“Для макраэканамічнай стабільнасьці трэба выходзіць на стаўку, якая была б вышэйшая за інфляцыю. Толькі тады можна казаць пра пачатак нейкай стабілізацыі. І яшчэ трэба кардынальна зьмяняць бюджэтную палітыку. Таму што інакш лякаматывам інфляцыі будзе ня толькі Нацыянальны банк, які грошы друкуе, але і ўрад, які актыўна гэтыя грошы траціць у нашай эканоміцы”.
Летась Нацыянальны банк Беларусі пяць разоў падвышаў стаўку рэфінансаваньня. Ад 17 сьнежня яна складала 12% гадавых.