Сваім праектам Эўракамсія адказвае на ініцыятыву Польшчы і Швэцыі аб пашырэньні супрацоўніцтва з Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай.
Цяперашняя формула ўсходняга партнэрства — “27 + 5(6)”. Паўнавартасны ўдзел у ім Беларусі пакуль пад пытаньнем. Рашэньне будзе прынята вясной у залежнасьці ад прагрэсу дэмакратычнага разьвіцьця краіны, перадае БелаПАН.
У праекце прапановы Эўракамісіі адзначаецца, што новыя пагадненьні аб асацыяцыі будуць падобныя да дакумэнтаў, падпісаных зь Літвой і Польшчай перад пашырэньнем ЭЗ у 2004 годзе. Але ў іх ня будзе палажэньняў наконт плянаў сяброўства ў ЭЗ.
Пагадненьне прадугледжвае стварэньне адзінай зоны свабоднага гандлю для разьвіцьця агульнага ўнутранага рынку, падобнага да Эўрапейскай эканамічнай зоны, якую ЭЗ дзеліць з Ісьляндыяй, Ліхтэнштэйнам і Нарвэгіяй. Для гэтага ўсе шэсьць постсавецкіх краін павінны будуць пераняць усе заканадаўчыя акты ЭЗ і прызнаць вэрдыкты Эўрапейскага суду.
Эўракамісія прапануе адкрыцьцё візавых цэнтраў для атрыманьня шэнгенскіх візаў, паступовае спрашчэньне візавага рэжыму і паніжэньне кошту візаў, а ў доўгатэрміновай пэрспэктыве — увядзеньне бязьвізавага рэжыму.
Дзеля энэргетычнай бясьпекі таксама мяркуецца падпісаць мэмарандум, каб энэргетычнай транспартнай сыстэмай сумесна маглі кіраваць пастаўшчыкі, краіны-транзытэры і спажыўцы.
Чакаецца, што прапанова Эўракамісіі будзе афіцыйна абнародавана 3 сьнежня. А 11 сьнежня яна будзе ўключана ў палітыку ЭЗ на Эўрапейскім саміце кіраўнікоў краін ЭЗ. У чэрвені 2009 году прапануецца правесьці саміт Усходняга партнэрства, а затым праводзіць рэгулярныя сустрэчы чыноўнікаў краін ЭЗ і Ўсходняй Эўропы.