Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колас зьняў фільм пра “маці плэнэраў”


Уладзімер Колас з гераіняй фільма Адай Райчонак
Уладзімер Колас з гераіняй фільма Адай Райчонак

Кінарэжысэр Уладзімер Колас пачаў прэзэнтацыйны маратон дакумэнтальнага фільма “Галерэя Ады”. Галоўнай гераіняй стужкі – 70-гадовая Ада Райчонак.


Былая вясковая настаўніца Ада Райчонак заснавала мастацкую галерэю ў мястэчку Германавічы Шаркаўшчынскага раёну і ладзіць плэнэры з удзелам беларускіх і замежных мастакоў. Цікавасьць да стужкі выказалі кампаніі больш чым 10 эўрапейскіх дзяржаваў, а таксама катарскі канал “Аль-Джазіра”. Карціна створана намаганьнямі студыі «Эвэрэст», тэлеканала «Белсат» пры падтрымцы Эўрапейскага інстытута кіно.
Уладзімер Колас – старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі, таму першымі дакумэнтальна-публіцыстычную стужку ацэньвалі прадстаўнікі інтэлігенцыі. Сярод уважлівых гледачоў былі Генадзь Бураўкін, Вольга Іпатава, Валянцін Голубеў, Радзім Гарэцкі, Алег Трусаў, Пятро Садоўскі, Іван Нікітчанка ды іншыя. Яны потым казалі, што фільм атрымаўся надзвычай жыцьцёвы, а ўсе паўтара дзясяткі плэнэраў, арганізаваных Адай Райчонак, сталі нагодай для глыбокага роздуму аб лёсе сучаснай вёскі і асобы ў цяперашняй Беларусі.
Плэнэр на тле гаспадарчых клопатаў
Жыцьцё ў беларускай глыбінцы паказанае праз лёс Ады Райчонак – былога вязьня Віцебскага гета, колішняй вясковай настаўніцы; маці, якая страціла маладога сына, а краіна – выдатнага краязнаўцу, этнографа, празаіка Міхася Райчонка. Пры гэтым спадарыня Ада пасьпявае даглядаць немалую гаспадарку, у перапынках паміж увіханьнем ля парасятаў і даеньнем каровы размаўляючы па тэлефоне з мастакамі ды пісьменьнікамі. Уладзімер Колас перакананы: такія асобы заслужылі права, каб пра іх даведаліся людзі і ў іншых кутках сьвету:
“Гэта ўнікальная зьява для Беларусі: у сваёй вёсцы яна заснавала мастацкую галерэю і цяпер запрашае мастакоў з усёй Беларусі. І, дарэчы, ня толькі зь Беларусі пачынаюць да яе езьдзіць на плэнэры. Вось яна такая – яна маці плэнэраў. І калі такая зьявілася нагода, і заяўкі я падаў на эўрапейскі конкурс, то першае, што прыйшло ў галаву, гэта заяўка пра гісторыю Ады. Калі мы прыехалі і пачалі працаваць над гэтым праектам, то столькі даведаліся, столькі ўбачылі, што, безумоўна, гэта не для аднаго фільма! Можа некага з тых, хто ўдзельнічаў у фільме, падача зьдзівіць, можа інакш героі бачылі гэтую тэму, бо далёка ня ўсё ўвайшло ў гэты фільм”.
Сама спадарыня Ада да свайго ўдзелу ў кінаэкспэрымэнце паставілася самакрытычна:
«Я вельмі хвалююся. Бо, ведаеце, нам ніколі не даводзілася на плэнэрах супрацоўнічаць зь кіношнікамі. Гэта было з аднаго боку і вельмі цікава, але і вельмі нязвыкла. Колас “эксплюатаваў” мяне, як кажуць, напоўніцу. Я вясковая жанчына і кожны дзень дастаю са студні ваду. Але ён мяне дзесяць разоў прымусіў гэта зрабіць – даставай гэтую ваду. А ў фільм урэшце гэта так і не ўвайшло. Гэта ўсё, канечне, у жарт кажу. Я вельмі ўдзячная Ўладзімеру Коласу, што ён усё ж увекавечыў нашы старадаўнія Германавічы».

Жыхары Германавічаў – галоўныя героі фільма. Простыя людзі са складанымі лёсамі на некалькі тыдняў “пасунуліся” да высокага, да мастацтва. Праз стужку расказваецца лёс адзінокага бацькі Стася, ад якога зьбегла жонка, пакінуўшы на яго трох малых дзяцей. Тут жа лёс 45-гадовага мужчыны, якога не падзялілі жонка і суседка, а ўрэшце ён застаўся адзін.
Іншы сэнсавы пласт фільма – вядомыя графікі і жывапісцы: Аляксей і Ігар Марачкіны, Яўген Шатохін, Георгі Скрыпнічэнка, Янка Рамановіч, Аляксандар Фалей ды іншыя. Яны знаходзяць кантакт зь вяскоўцамі, многія зь якіх потым становяцца прататыпамі мастацкіх вобразаў.
Кожны чалавек – як Сусьвет
На кадры раз-пораз накладаецца Аляксандар Лукашэнка, голас якога рэтрансьлюе радыёкропка ды ўзмацняльнікі на вуліцах. Але ягоныя заявы пра імклівае набліжэньне вёскі да горада абвяргаюць аб’ектыўныя рэаліі: жыцьцё ў вёсцы па-ранейшаму далёкае ад цывілізацыі.
Генадзь Бураўкін і Ада Райчонак заканчвалі адну школу. Але толькі цяпер спадар Бураўкін адкрыў у ёй новы талент:
«Хачу Аду па-зямляцку пахваліць. Я глядзеў на яе і зразумеў: яна ж бліскучая актрыса! Паверце майму вопыту канэматаграфічнаму пэўнаму. Паглядзіце, як яна ідзе, які ў яе позірк. Гэта тое, што даецца нават ня ўсім акторам. Што мне, здаецца, хораша ў фільме зроблена, дык гэта тое, што амаль усё дакладна выбудавана. Тут ня проста праўдзівыя людзі, а кожны чалавек у сабе нясе лёс. Вельмі добра, што ня проста характар адлюстраваны, а лёс! Вось як у гэтага чалавека, ад якога жонка ўцякла і трох дзяцей пакінула, як у таго чалавека, былога зэка, у якога ўсе плечы ў татуіроўках...»
Сама Ада Райчонак у фільме так тлумачыць, чаму спалучыла будзённасьць з духоўнасьцю (урывак з фільму):
«Жывём мы на вёсцы, і ня бачым хараства -- таго, якое вакол нас. І таму я веру: тая справа, якую я раблю, некалі павінна яна адпаведным чынам паўзьдзейнічаць на людзей. Зразумеюць людзі мяне. Мы павінны стаць лепшымі».
Пісьменьніца Вольга Іпатава канстатуе, што ёй фільм вельмі спадабаўся, назваўшы яго адначасна жорсткім і лірычным:
«Ён зроблены вельмі прафэсійна, ён шматплянавы. Лукашэнка – надакучлівы, які балбоча абы-што – яшчэ адзін плян гэтага фільма. Натуральныя, нармалёвыя людзі жывуць на гэтай зямлі, і гэты плян пастаянна перарываеца нейкімі фантастычнымі лёзунгамі Лукашэнкі. Гэта вельмі дакладна працягнута па ўсёй стужцы. Фільм уражвае: жорсткі і вельмі лірычны. З аднаго боку, жорсткасьць жыцьця, выміраньне вёскі. І разам з тым – людзі. Кожны зь іх – сапраўдны Сусьвет. І мастакі – гэта таксама плян. Кожны мастак са сваім почыркам, са сваёй адметнасьцю размовы зь людзьмі. Як аркестар сабраны ў фільме. Апроч таго, добрая музыка, ёсьць проста цудоўнейшыя апэратарскія кадры: Лукашэнка гаворыць, і раптам сабачка пачынае лізаць прымач. Проста ўдача здымачнага калектыва».
26 сакавіка паказ стужкі «Галерэя Ады» плянуецца на тэлеканале «Белсат». Жаданьне набыць фільм рэжысэру пацьвердзілі больш чым 10 эўрапэйскіх краінаў, а таксама арабскі тэлеканал «Аль-Джазіра».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG