Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Мсьціславе абрынулася сьцяна касьцёла ХVII стагодзьдзя


У Мсьціславе абрынулася сьцяна помніка архітэктуры XVII стагодзьдзя — касьцёла Сьвятога Міхала Арханёла. Аварыйны будынак стварае пагрозу двум навучальным установам, якія месьцяцца ў касьцельным комплексе. Заняткі спыненыя.

Рэстаўратар: Уся сьцяна можа абрынуцца ў любы момант

Гэта ня першае здарэньне з касьцёлам за гэты год. Улетку развалілася адна зь дзьвюх калёнаў галоўнага нэфу. Пасьля гэтага мсьціслаўскі рэстаўратар Юры Маліноўскі папярэдзіў раённыя ўлады, што можа абрынуцца частка касьцёла.

Такім быў касьцёл са сьцяной
Такім быў касьцёл са сьцяной

Апошняя калёна не магла доўга выстаяць пад узрослай нагрузкай — і абрынулася таксама.

«Я папярэджваў: калі разбурыцца другая калёна, то абрынецца ўся сьцяна з паўднёвага боку. Пакуль абрынулася толькі частка сьцяны разам з скляпеньнямі. Тая, што засталася, можа абрынуцца ў любы момант. Дах пакуль трымаецца на мэталічных канструкцыях, але і ён абрынецца ў любы момант», — кажа Юры Маліноўскі.

Юры Маліноўскі
Юры Маліноўскі

Юры Маліноўскі ўдзельнічаў у рэканструкцыі касьцёла да пачатку 2000-х гадоў. Потым грошы перанакіравалі на замак у Міры і палац у Нясьвіжы. З таго часу працы на помніку архітэктуры ў Мсьціславе не аднаўляліся, кажа рэстаўратар.

Ураджэнец Мсьціслава рабіў відэазвароты да двух міністраў культуры. Не дапамагло

Журналіст, выхадзец з Мсьціслава Дзяніс Касьцюковіч у 2016 годзе пасьля ліставаньня з службоўцамі, адказнымі за захаваньне гістарычнай і архітэктурнай спадчыны, запісаў відэазвароты да міністра культуры.

Спачатку зьвяртаўся да Барыса Сьвятлова.

Пазьней — да Юрыя Бондара.

Сьвятлову Дзяніс паведамляў, што абрынулася адна з калён, а Бондару — што і на другой зьявіліся трэшчыны. Звароты выніку не далі — частка касьцельнай сьцяны абрынулася.

У райвыканкаму грошай на рэстаўрацыю помніка архітэктуры няма

Касьцёл у 2016-м годзе
Касьцёл у 2016-м годзе

Атрымаць камэнтар пра разбурэньне мсьціслаўскага помніка архітэктуры ў Міністэрстве культуры не ўдалося. Журналісту казалі, што адказныя за пытаньні захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны на нарадзе.

У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Мсьціслаўскага райвыканкаму паведамілі, што ў навучальных установах побач з касьцёлам заняткі спыненыя. Тэрыторыю агародзяць. Супрацоўнік аддзелу сказаў, што райвыканкам інфармаваў пра сытуацыю з помнікам архітэктуры лістамі Міністэрства культуры і Магілёўскі аблвыканкам. Пасьля абрынаньня сьцяны напісалі ім зноў.

«Пытаньне пра зьнішчэньне помніка архітэктуры не стаіць, але з той часткай будынка, якая абрынулася, неабходныя захады па стабілізацыі канструкцыі, каб яна далей не разбуралася», — сказаў чыноўнік.

На абсьледаваньне будынка, распрацоўку праектна-каштарыснай дакумэнтацыі, паводле чыноўніка, патрабуецца ня меней за 100 тысяч рублёў. Такіх грошай у мясцовай улады няма.

Дэпутат Марзалюк: дзівіць, чаму не прыехалі агледзець помнік рэстаўратары

Ігар Марзалюк на «Дажынках-2016» у Мсьціславе (у цэнтры)
Ігар Марзалюк на «Дажынках-2016» у Мсьціславе (у цэнтры)

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк адзначыў, што мясцовая ўлада вымушаная праходзіць «грувасткія ўзгадненьні» зь Менскам, каб узаконіць правядзеньне нескладаных прац па кансэрвацыі помніка, пакуль ня знойдуцца сродкі на паўнавартасную рэстаўрацыю. Дэпутат зьбіраецца ініцыяваць адпаведныя зьмены ў заканадаўстве.

«Тое, што ў мясцовай улады няма грошай — гэта факт. Але, як я лічу, павінны былі прыехаць рэстаўратары і вырашыць, якую тэхнічна варта правесьці кансэрвацыю помніка. Пра гэта іх прасілі ня два месяцы таму. Але чамусьці ніхто не прыехаў, і мяне гэта дзівіць», — пракамэнтаваў здарэньне з помнікам архітэктуры Ігар Марзалюк.

У 2015 годзе Ігар Марзалюк заклікаў зрабіць Мсьціслаў нацыянальным гісторыка-культурным запаведнікам.

Езуіцкі касьцёл з тыльнага боку, архіўнае фота
Езуіцкі касьцёл з тыльнага боку, архіўнае фота

Будынак касьцёла не эксплюатуецца з савецкіх часоў. Ня вызначаны і ягоны ўласьнік.

На пачатку 1990-х гадоў за аднаўленьне касьцёла браліся рэстаўратары з Польшчы, але працаваць ім не далі.

Езуіцкі касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла заклалі ў 1637 годзе. Узводзілі яго ў стылі віленскага барока. З 1842 у будынку праваслаўная царква Cьвятога Мікалая Цудатворцы. З 1925 году храм зачынены. Пасьля Другой усясьветнай вайны ў касьцёле месьціўся Дом культуры, а ў кляштары — школа-інтэрнат для глуханямых дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG