Дата дня
У кастрычніку 1939 году ў акупаванай фашыстамі Чэхаславаччыне праскія студэнты і іх выкладчыкі выйшлі на дэманстрацыю, каб адзначыць гадавіну ўтварэньня Чэхаславацкай дзяржавы. Войскі акупантаў разагналі дэманстрацыю, пры гэтым быў застрэлены студэнт мэдычнага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту Ян Оплэтал. Ягонае пахаваньне перарасло ў акцыю пратэсту. Дзясяткі дэманстрантаў былі арыштаваныя.
17 лістапада акупанты рана ранкам уварваліся ў студэнцкія інтэрнаты. Больш за 1200 студэнтаў былі арыштаваныя і заключаныя ў канцлягер. Дзевяць студэнтаў і актывістаў студэнцкага руху былі пакараныя сьмерцю ў сутарэньнях турмы без судовага прысуду. Праз гэтыя падзеі 17 лістапада было выбранае як Міжнародны дзень студэнта.
17 лістапада 1989 году ў Празе адбыліся студэнцкія дэманстрацыі, што далі пачатак «Аксамітнай рэвалюцыі». У Чэхіі і Славаччыне 17 лістапада адзначаецца як дзяржаўнае сьвята пад назвай Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю.
Таксама ў гэты дзень
1992 — у Менску стварылі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. У 2004 годзе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусі анулявала ліцэнзію ЭГУ на аказаньне адукацыйных паслугаў. З 2005 году ЭГУ аднавіў працу ў Літве.
2020 — Журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай прысудзілі па 7 дзён арышту нібыта за ўдзел у акцыі пратэсту. Іх затрымалі 15 лістапада ў адным з дамоў на «плошчы Перамен», калі яны вялі жывую трансьляцыю разгону мітынгу ў памяць пра загінулага Рамана Бандарэнку. Пазьней на журналістак завялі крымінальную справу і прысудзілі ім па 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Дар'я Чульцова ўжо адбыла тэрмін і выйшла на волю, на Кацярыну Андрэеву завялі яшчэ адну справу, абвінаваціўшы яе ў здрадзе дзяржаве, і прысудзілі яшчэ 8 гадоў калёніі.
2020 — У Чэхіі пачала працу Амбасада незалежнай беларускай культуры.
У гэты дзень нарадзіліся
1906 — Янка Багдановіч, беларускі пісьменьнік, выдавец часопіса «Шлях моладзі», мэмуарыст, вязень ГУЛАГу.
1938 — Вадзім Сукманаў, беларускі рэжысэр дакумэнтальнага кіно. Зьняў фільмы пра Якуба Коласа, Янку Маўра, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, пра беларускую Вільню ды іншыя.
1942 — Марцін Скарсэзэ, амэрыканскі кінарэжысэр.
У памяці
1825 — у гэты дзень па сатрым календары памёр Зарыян Далэнга-Хадакоўскі, беларускі гісторык, фальклярыст, археоляг.
1917 — Агюст Радэн, францускі скульптар.
2005 — Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая, краязнаўца, аўтарка кніг пра гісторыю Нясьвіжа, роду Радзівілаў і замку.
2013 — Дорыс Мэй Лэсінг, ангельская пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 2007 году.
https://smarturl.click/MAzp