Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рыцарскі фэст» у Мсьціславе прымеркавалі да перамогі ВКЛ у Грунвальдзкай бітве


Беларуская крылатая кавалерыя ў Мсьціславе
Беларуская крылатая кавалерыя ў Мсьціславе

Больш за тры дзясяткі клюбаў рыцарскай рэканструкцыі зь Беларусі і Расеі на замкавай гары паказваюць сваё майстэрства валоданьня зброяй сярэднявечнага ваяра. На рысталішчы — вершнікі, пешыя рыцары, лучнікі.

Сьвята сэрэднявечнай культуры, прымеркаванае да гадавіны перамогі аб’яднанага войска Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага на Грунвальдзкім полі, праходзіць у дзясяты раз. У сечы на Грунвальдзе брала ўдзел і мсьціслаўская дружына.

Адкрыцьцё фэсту дабраслаўляе Пётар Мсьціславец
Адкрыцьцё фэсту дабраслаўляе Пётар Мсьціславец

Урачыстае адкрыцьцё фэстывалю адбылося на цэнтральнай плошчы Мсьціславу пад помнікам асьветніку і кнігадрукару Пятру Мсьціслаўцу. На працягу трох фэстывальных дзён наведнікам пакажуць каталіцкія і праваслаўныя сьвятыні, а таксама знакавыя мясьціны гораду. Ахвочых чальцы рыцарскіх клюбаў навучаць сярэднявечным танцам і валоданьню зброяй рыцара.

Рыцары на рысталішчы. У сечы перамагае мацнейшы
Рыцары на рысталішчы. У сечы перамагае мацнейшы

«Шмат хто думае, што клюбы рыцарскай рэканструкцыі — гэта спосаб схавацца ад рэаліяў у гісторыі, аднак насамрэч гэта спосаб для сучаснага мужчыны выйсьці з зоны свайго камфортнага жыцьця», — патлумачыў сваё захапленьне рыцарствам чалац менскага конна-гістарычнага клюбу «Залатая шпора» Максім. Гэты клюб рэканструюе беларускую крылатую кавалерыю 15-17 стагодзьдзяў.

На замкавай гары дама зь сярэднявечча
На замкавай гары дама зь сярэднявечча

Для дзяўчат эпоха рыцараў таксама прыцягальная, дадае чалец гэтага ж клюбу Юлія.

«Мы рэканструюем адзеньне таго часу, манэру апранацца, паводзіць сябе. Для дзяўчат цікавая тэма баляваньняў, тагачасных танцаў. Мы таксама можам езьдзіць на конях, але як дамы. Мы ня ўдзельнічаем у рыцарскіх забавах. У нашым клюбе не прынята, каб дамы ваявалі».

Лучніцы нароўні з мужчынамі змагаюцца за перамогу ў стральбе
Лучніцы нароўні з мужчынамі змагаюцца за перамогу ў стральбе

«Мы вывучаем часы Залатой Арды», — адзначыла наступная суразмоўніца, чалец менскага стралковага клюбу «Лучнік» Аляксандра.

«У тую эпоху жанчына нароўні з мужчынамі ваявала, — патлумачыла яна. — Таму жанчына таго часу з лукам на кані — будзённасьць. Для эўрапейскай культуры дамы меліся быць у сукенцы. У наш клюб ідуць дзяўчаты, у якіх ёсьць дух суперніцтва».

Вершнікі змагаюцца за прыхільнасьць дам. Падымаюць дзідаю хусьцінкі
Вершнікі змагаюцца за прыхільнасьць дам. Падымаюць дзідаю хусьцінкі

Пабачыць спаборы рыцараў на замкавую гару прыйшло багата народу. Нямала на фэст прыехала расейцаў з суседніх раёнаў Смаленскай вобласьці.

У рыцарства з маленства
У рыцарства з маленства

У 2007 годзе правядзеньне фэсту ініцыяваў мсьціслаўскі ксёндз Караль Тамэцкі. Ажыцьцявіць задуманае дапамог Цэнтар сацыяльных інавацыяў зь Менску ў супрацоўніцтве з выканаўчай уладай. Менская грамадзкая суполка спадзявалася, што ў арганізацыі фэстывалю будзе ўдзельнічаць актыўная частка мясцовай грамадзкасьці, аднак такія чаканьні ня спраўдзіліся Цяпер фэст арганізуе мсьціслаўскі райвыканкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG