Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта недапушчальна»: Дом шлюбаў у Віцебску пабудуюць у ахоўнай зоне ў гістарычным цэнтры


Віцебскі краявід у сярэдзіне XIX ст.
Віцебскі краявід у сярэдзіне XIX ст.

Палац вырашана разьмясьціць на беразе Дзьвіны, непадалёк ад Дабравешчанскай царквы і помніка Аляксандру Неўскаму

Будоўля Палаца шлюбаў на дзьвінскім беразе была заплянаваная яшчэ ў 2012 годзе. Месца, абранае для абʼекта, — тэрыторыя гістарычнага цэнтру Віцебску. Цяпер гэта ахоўная зона, зацьверджаная пастановай Савету міністраў.

Тым ня менш гарадзкі аддзел архітэктуры і горадабудаўніцтва абвясьціў, што праект палаца пачне ўвасабляцца ў жыцьцё ўжо сёлета.​

Стрэлкай пазначана месца заплянаванага будаўніцтва
Стрэлкай пазначана месца заплянаванага будаўніцтва

«Чыноўнікі парушаюць пастанову Савету Міністраў»

Гісторык-археоляг, краязнаўца, стваральнік клюбу аматараў віцебскай даўніны «Ўзгорʼе» Ігар Цішкін лічыць недапушчальным будаваць Палац шлюбаў у заплянаваным месцы. На яго думку, Віцебску трэба браць прыклад з замежных краін і не імкнуцца ўсе адміністрацыйныя будынкі разьмяшчаць у цэнтры гораду.

«Узьвядзеньне новых будынкаў на рэштках помнікаў архітэктуры выключае магчымасьць вывучэньня старажытнасьцяў. Таму і распрацаваны праект віцебскіх ахоўных зонаў, і заканадаўства патрабуе, каб з гэтым лічыліся! Віцебскія чыноўнікі парушаюць пастанову Савету Міністраў і спасылаюцца на архітэктурны плян, распрацаваны яшчэ да прыняцьця гэтага дакумэнту. У гэтым галоўнае парушэньне. Ня кажучы ўжо пра эстэтыку», — кажа спэцыяліст.

Гістарычная тэрыторыя, вольная ад забудовы: калісьці тут стаяў Ніжні замак
Гістарычная тэрыторыя, вольная ад забудовы: калісьці тут стаяў Ніжні замак

Ён дадае, што немагчыма ўявіць, каб у гістарычным цэнтры Гамбургу ці Брэмэна збудавалі нешта «са шкла і бэтону».

«Калі ўжо такі неабходны Палац шлюбаў, дык збудуйце яго ў новым мікрараёне, дзе жыве шмат маладых людзей. Дык жа не! Усё трэба цягнуць у гістарычны цэнтар. На гістарычнай тэрыторыі ўзводзяць і новы будынак КДБ, і краму „Эўраопт“ збудавалі практычна ў рэчышчы Замкавага ручая, — абураецца Ігар Цішкін. — У гістарычнай частцы людзі павінны прагульвацца, дыхаць паветрам, разглядаць каштоўнасьці і краявіды! А ў Віцебску — на што мінакам глядзець? На будынак КДБ або на Палац шлюбаў?»

Відэапараўнаньне гістарычнай забудовы і цяперашняга краявіду на месцы, дзе зьбіраюцца будаваць ЗАГС. Аўтар відэа — Віктар Барысенкаў

Гараджане незадаволеныя рашэньнем уладаў, пачалі рабіць захады, каб будоўлі не было.

Сябры партыі БНФ зьвярнуліся ў Віцебскую гарадзкую пракуратуру з заявай, дзе патрабуюць адмяніць будаўніцтва ў ахоўнай зоне. На думку актывістаў, на гэтай тэрыторыі знаходзяцца падмуркі архітэктурнай дамінанты старога Віцебску — касьцёла дамініканцаў, трасіроўка былой Замкавай вуліцы і шмат іншых абʼектаў, і яны могуць пацярпець, калі пачнецца будоўля Палаца шлюбаў.

Віцяблян турбуе й тое, што кіраўніцтва гораду рыхтуецца выдаткаваць значныя сродкі на Палац шлюбаў, калі ў Віцебску бракуе нашмат больш неабходных абʼектаў — школ, паліклінік, дзіцячых садкоў. З пратэстам супраць будоўлі палаца і прапановай перадаць сродкі на сацыяльна важныя абʼекты зьвярнуліся ў гарвыканкам актывісткі стваранай БХД Тацяна Севярынец і Алена Шабуня. Аднак ім адказалі, што справа ўжо вырашаная і перагляду не падлягае.

Падобны адказ атрымаў і жыхар Віцебску Сяргей Сясіцкі, стваральнік інтэрнэт-пэтыцыі за адмену будаўніцтва. У лісьце за подпісам намесьніка начальніка аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва Леаніда Багданава было сказана, што Палац шлюбаў уключаны ў інвэстыцыйную праграму Віцебску на 2017 год, якая была ўхвалена мінулагоднім рашэньнем гарсавету. І што падстава для будаўніцтва — «Генэральны плян гораду, зацьверджаны 14.12.2016 г. указам Аляксандра Лукашэнкі № 453».

Цяперашні віцебскі ЗАГС — на першым паверсе жылога пяціпавярховіка. Колькі год таму яго меркавалі перавесьці ў які-небудзь з адрэстаўраваных гістарычных будынкаў. Але калі паставілі помнік Аляксандру Неўскаму, то абвясьцілі гэтую скульптурную кампазыцыю ўвасабленьнем сямейных каштоўнасьцяў, бо ў ёй тры фігуры — самога князя, ягонай жонкі і сына. І, паводле архітэктараў, помнік Аляксандру Неўскаму і новы Палац шлюбаў павінны сэнсава дапаўняць адзін аднаго.

Помнік Аляксандру Неўскаму ў Віцебску
Помнік Аляксандру Неўскаму ў Віцебску

Ня так даўно, яшчэ ў 2012 годзе, у архітэктурным пляне гораду прадугледжвалася аднавіць падмуркі і частку сьцяны Фарнага касьцёла на беразе Дзьвіны. Але сёньня пра гэта ўжо ня згадваюць, гаворка ідзе толькі пра Палац шлюбаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG