Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Opentenders.by: карупцыянэры як на далоні


Дасьледчыцкія цэнтры SYMPA і BIPART запачаткавалі праект «Open tenders», пакліканы зрабіць празрыстай ахутаную таямніцай сакрэтнасьці працэдуру дзяржаўных закупаў.

Цягам апошніх гадоў грамадзкасьці ня раз станавіліся вядомыя факты нямэтавага выкарыстаньня грашовых сродкаў чыноўнікамі: ад прызначаных для службоўцаў з «вэртыкалі» люксавых пазадарожнікаў, кошт якіх сувымерны зь месячным бюджэтам раёну, да валідатараў у грамадзкі транспарт, кожны зь якіх аказаўся даражэйшы за новую мадэль IPhone. Пасьля таго як факты траплялі ў прэсу, доступ да такіх матэрыялаў, як правіла, блякавалі, зьвесткі пра спробу разбагацець за дзяржаўны кошт губляліся.

Цяпер, як запэўнівае аўтар праекту Ўладзімер Кавалкін, сытуацыя карэнным чынам зьменіцца. Дзеля гэтых мэтаў створаная інтэрнэт-пляцоўка opentenders.by, на якой можна атрымаць поўную і падрабязную інфармацыю пра ўсе тэндэры, якія праводзяцца ў Беларусі. Праўда, тычыцца гэта толькі адкрытых афіцыйных крыніцаў. Сілавыя структуры ды іншыя ведамствы, якія прыкрываюцца сакрэтнасьцю, па-ранейшаму застаюцца па-за грамадзкім кантролем.

На гэты момант сайт opentenders.by функцыянуе ў тэставым рэжыме, але цягам тыдня завершыцца загрузка ўсіх даступных дадзеных, пачынаючы ад 1 студзеня 2013 году. Пасьля гэтага, кажа спадар Кавалкін, у рэальным часе можна будзе вывучаць дзяржаўныя тэндэры, атрымліваць неабходную статыстыку і рабіць высновы, наколькі мэтава расходуюцца грошы падаткаплатнікаў:

Трэба памятаць, што ўсе дзяржзакупы — гэта, па сутнасьці, трата грошай падаткаплатнікаў, кожнага з нас

«Мы дасьледуем дзяржзакупы і не перасьледуем канкрэтных чыноўнікаў, у нас няма такога інтарэсу. То бок бяром канкрэтны выпадак, і ўжо ўнутры яго шукаем факты і знаходзім цікавыя ідэі для публікацыяў, а магчыма, і для звароту ў сілавыя структуры — дзеля таго каб ужо яны, маючы на гэта кампэтэнцыю, распачыналі крымінальныя справы, праводзілі ўласнае расьсьледаваньне і ў выпадку неабходнасьці даводзілі справу да суду. Трэба памятаць, што ўсе дзяржзакупы — гэта, па сутнасьці, трата грошай падаткаплатнікаў, кожнага з нас. Таму чым больш адкрытая будзе працэдура, чым больш уважліва журналісты, неабыякавыя грамадзяне будуць сачыць за такога кшталту дзейнасьцю, тым менш нашых грошай у выніку пойдзе ў кішэні карупцыянэраў. Вось асноўная ідэя».

Праблема палягае ў тым, што сілавыя структуры, якія мусяць стаяць на варце законнасьці, часьцяком самі карыстаюцца не зусім чыстымі мэханізмамі дзяржаўных закупаў. Адзін з такіх прыкладаў прыводзіць Уладзімер Кавалкін:

«Узяць, да прыкладу, „кейс“ Сьледчага камітэту, які мы надрукавалі сумесна зь „Ежедневником“. Як выявілася, адна і тая ж кампанія аказваецца самым пасьпяховым пераможцам у тэндэрах на дзяржзакупы ў справе распрацоўкі сайтаў для афіцыйных органаў. Прыкладам, сайт Сьледчага камітэту каштаваў парадку 80 тысяч даляраў па тагачасным курсе. У той жа час падобныя сайты для выканкамаў ці іншых дзяржаўных структураў каштавалі ў межах 3–5 тысяч даляраў. Вось такая прынцыповая розьніца. Атрымаўся цікавы матэрыял, але, на жаль, дакапацца да сутнасьці праблематычна. Мы не пракуроры, ня сьледчыя, таму ня можам сьцьвярджаць, што мае месца карупцыя ці растрата грошай. Але абсалютна законна мы можам паставіць пытаньне: а ці ёсьць там карупцыя, ці ёсьць неадэкватная растрата сродкаў? Менавіта дзеля гэтага мы і запусьцілі наш праект, і першая яго частка — якраз сайт opentenders.by».

Уладзімер Кавалкін
Уладзімер Кавалкін

Уладзімер Кавалкін спадзяецца, што з дапамогай праекту «Open tenders» зацікаўленыя журналісты і грамадзкія актывісты здолеюць выявіць занадта «шчыльныя» сувязі паміж асобнымі закупнікамі і пастаўшчыкамі ды выбудоўваць рэйтынгі найбольш «пасьпяховых» кампаніяў-пераможцаў:

«Ёсьць цэлы шэраг абсалютна закрытых працэдур — напрыклад, закуп з адной крыніцы. Мы таксама змагаемся з гэтым у пляне заканадаўства, але пакуль бясплённа. Больш за ўсё ў гэтым сэнсе нас абурае адзін з указаў прэзыдэнта, які быў падпісаны ў апошні дзень мінулага году і вельмі моцна спрасьціў мэханізм закупу з адной крыніцы. Спрашчэньне якога кшталту? Калі праводзіцца працэдура адкрытага дзяржзакупу і яна ўрэшце не адбылася, то закупнік пасьля ўзгадненьня з вышэйстаячым органам можа правесьці закуп з адной крыніцы. А гэта патэнцыйна карупцыйнаёмісты артыкул. Схема вымалёўваецца вельмі простая. Нейкі вышэйшы орган прызначыў дырэктара заводу, трэсту і г.д. Яны добра разумеюць, што ёсьць дзяржпраграма, ёсьць фінансаваньне, грошай вялікая колькасьць, і патэнцыйна можна з гэтага нешта атрымаць. У такім выпадку абвяшчаецца тэндэр з такімі ўмовамі, якія ня могуць быць выкананыя ніводным пастаўшчыком. Альбо толькі адным, патрэбным. Адпаведна, працэдура дзяржзакупу зрываецца, ідзе ўзгадненьне з вышэйстаячай арганізацыяй, і ўсе зацікаўленыя бакі задаволеныя».

Праект дасьледчыцкіх цэнтраў SYMPA і BIPART выкарыстоўвае ідэю Open source intelligence — маніторынг на падставе адкрытых крыніцаў. Інтэрнэт-пляцоўка opentenders.by распрацаваная перадусім для журналістаў і неабыякавых грамадзянаў, якія могуць спраўдзіць свае падазрэньні адносна сумнеўных працэдураў дзяржаўных закупаў. Інфармацыя будзе даводзіцца да грамадзкасьці і спрыяць праваахоўным органам у правядзеньні абгрунтаваных праверак і расьсьледаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG