Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на супраціў грамадзкасьці, бараўлянскі лес рыхтуюць да высечкі


Празь дзень пасьля публікацыі на Свабодзе, у якой расказвалася пра пляны ініцыятыўнай групы пасёлку Бараўляны пад Менскам да канца абараняць векавы лес, каля масіву зьявіліся машыны з буравой тэхнікай і работнікі зь піламі.

Як паведаміў адзін з актывістаў мясцовага супраціву Іван Вайтовіч, у сярэдзіне дня 22 верасьня супрацоўнікі падразьдзяленьняў аховы прыроды і лясгасу пачалі меціць дрэвы чырвонай фарбай і рабіць нейкія разьлікі па пэрымэтры.

Ад больш актыўных дзеяньняў, на яго думку, іх стрымала толькі тое, што да месца канцэнтрацыі людзей у спэцвопратцы і геадэзічнай тэхнікі пачалі падцягвацца ўзбуджаныя жыхары. Прынамсі, бэнзапілы з кузавоў камунальнікі дастаць не адважыліся.

Па словах суразмоўцы, такая сьпешка можа быць выклікана толькі адным. На першую дэкаду кастрычніка жыхары Бараўлянаў, Лескаўкі, Ляснога і Досьледнага плянуюць адразу тры масавыя акцыі.

Па-першае, жыхары зьбіраюцца ачапіць жывым ланцугом кавалак лесу, прызначаны пад зьнішчэньне. Па-другое, сабраць мітынг каля Бараўлянскага сельскага выканкаму. Па-трэцяе, арганізаваць пікетаваньне Менскага раённага выканаўчага камітэту.

Паводле папярэдняй інфармацыі, пратэставыя акцыі адбудуцца па названых адрасах 6, 7 і 9 кастрычніка адпаведна.

Людзі пратэстуюць супраць высяканьня лесу каля іхных дамоў, а таксама намераў збудаваць на вызваленым месцы абʼекты сацкультбыту. Пры гэтым яны не адмаўляюць, што інфраструктуру трэба паляпшаць, але лічаць, што ўзводзіць дзіцячыя садкі, школы, паліклінікі трэба побач з ужо абжытымі дзялянкамі, а не на месцы зьнішчанага лесу. Такіх участкаў, на іх перакананьне, больш чым дастаткова вакол ужо асвоеных тэрыторый.

Адрасам канфлікту стаў лясны масіў на плошчы 5 гектараў. Улады спасылаюцца на тое, што сцэнар дзеяньняў зацьверджаны горадабудаўнічым плянам. Жыхары ж перакананыя, што няма патрэбы ахвяраваць прыродай, калі ёсьць альтэрнатыва.

Пакуль аргумэнты грамадзкасьці застаюцца непачутымі. Геадэзісты ўжо пачалі браць у лесе пробы грунту, рыхтуючыся да пачатку будаўнічых работ, а сёньня пазначылі фарбай багата дарослых дрэваў — звычайна так робяць перад «прарэджваньнем» пасадкі.

У падтрымку сваіх аргумэнтаў людзі пачалі вывешваць на ўласных дамах плякаты ў абарону лесу, а таксама зьбіраць подпісы за перагляд горадабудаўнічых плянаў.

Калі кампанія супраціву і паходаў па дзяржаўных інстанцыях ня будзе мець плёну, актывісты з ініцыятыўнай групы за ўратаваньне бараўлянскага лесу пакідаюць за сабой права падаць у суд на аўтараў ушчыльненьня пасялковай забудовы праз наўмыснае нанясеньне шкоды прыродзе і некалькім дзясяткам тысяч грамадзянаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG