Віцэ-прэзыдэнт літоўскай асацыяцыі аўтаперавозьнікаў Linava Алегас Тарасавас пацьвердзіў у камэнтары для Deutsche Welle, што праца перавозьнікаў празь беларускую мяжу цяпер паралізаваная.
Паводле яго слоў, у Беларусі затрымаліся каля 4,5 тысячы транспартных сродкаў, гэта значыць — ад 1,5 да 2 тысяч грузавікоў і каля 3 тысяч паўпрычэпаў.
Становішча з грузамі, як кажа Тарасаў, розная: ёсьць і скорапсавальныя тавары, ёсьць і пустыя грузавікі. У фурах могуць быць прадукты, мэдыкамэнты, адзеньне, прадукцыя прамысловых прадпрыемстваў.
Што будзе з гэтымі грузамі — незразумела, адзначае прадстаўнік Linava.
Раней паведамлялася, што беларускія мытнікі накіравалі каля 1100 грузавікоў на платныя спэцстаянкі ў раёне КПП. Кошт — 120 эўра за содні з грузавіка.
«Калі прастаім да 30 лістапада, гэта катастрофа», — лічыць Тарасавас.
Перавозьнікі пакуль не падлічвалі ўсіх стратаў, але, паводле ягоных слоў, «за мінулы тыдзень прыкладна 5 млн эўра заплацілі ў беларускі бюджэт, якія не павінны былі плаціць».
У Літве раней заявілі, што зноў зьвернуцца да Беларусі, «на больш высокім узроўні», каб іх заблякаваныя фуры змаглі вярнуцца.
Пра гэта заявіў кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі (НЦКК) Вілмантас Віткаўскас.
«Было прынятае рашэньне, што мы паўторна зьвернемся да беларускіх ведамстваў на больш высокім узроўні — на ўзроўні вярхоўнага ўпаўнаважанага па мяжы — з просьбай аб адкрыцьці двух пунктаў памежнага кантролю для эвакуацыйнага калідора ў абодвух напрамках — Меднікі і Салечнікі», — паведаміў Віткаўскас літоўскім журналістам.
Міністар унутраных спраў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч раней заяўляў, што на мяжы маглі затрымацца больш за тысячу зарэгістраваных у Літве грузавікоў, а асацыяцыя перавозчыкаў Linava паведамляла аб 5 тысячах грузавікоў, якія затрымаліся. Віткаўскас паведаміў, што НЦКК зарэгістраваў каля 500 такіх транспартных сродкаў, зьвесткі былі атрыманыя ад 57 транспартных кампаній.
Паводле Віткаўскаса, літоўскія ўлады зьвярнуліся і ў Эўрапейскую камісію, каб весьці размову ад ейнага імя весьці размову «з рэжымам Лукашэнкі наконт магчымых кампэнсацый».
Форум