Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскіх рэгіёнах пачалі адключаць мабільны інтэрнэт «да канца вайны»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады Ульянаўскай вобласьці ў Расеі паведамілі пра бестэрміновае адключэньне мабільнага інтэрнэту ў некаторых частках рэгіёну паводле рашэньня «фэдэральных уладаў» і пра тое, што гэта будзе маштабавана на іншыя рэгіёны.

На спэцыяльнай прэс-канфэрэнцыі з удзелам міністра лічбавага разьвіцьця Алега Ягфарава чыноўнікі паведамілі, што «мабільны інтэрнэт адключаюць менавіта па рашэньні фэдэральных уладаў», перадае «Настоящее время».

«Прычым ня толькі ва Ўльянаўску — па ўсёй Расеі паблізу абʼектаў спэцыяльнага прызначэньня. На мінулым тыдні, перад пачаткам доўгага адключэньня, фэдэральны цэнтар прыняў рашэньне пашырыць зоны бясьпекі вакол такіх абʼектаў, і гэта бестэрміновыя абмежаваньні, а не часовыя меры на пэрыяд атакі. Важна разумець: рэгіянальныя ўлады ня могуць паўплываць на гэтае рашэньне», — працытавала мясцовае выданьне «УлПравда» заяву.

У відэаўрыўку з прэс-канфэрэнцыі, які прывёў тэлеграм-канал Astra, чыноўнік абмовіўся, што гэта ягоная «здагадка, як чыноўніка».

У тых раёнах, дзе дзейнічаюць абмежаваньні, інтэрнэт будуць даступныя толькі дазволеныя ўладамі інтэрнэт-рэсурсы:

  • «Дзяржпаслугі»,
  • сэрвісы «Яндэкса»,
  • «Укантакце»,
  • «Аднаклясьнікі»,
  • Ozon,
  • Wildberries
  • і плацежная сыстэма «Мір».

У камэнтарах мясцовыя жыхары пішуць, што нават гэтыя рэсурсы не даступныя.

«Жах наогул. Што значыць не на час, а назаўжды?! Што за каменны век наступіў?! Няхай ня хлусяць, у Дзяржпаслугі не заходзіць, у Вайлдбэрыз таксама, у банкі не заходзіць. Усе сфэры спыніліся, заплаціць немагчыма, у шмат якіх крамах не працуюць тэрміналы. У падатковую прыйшлі, у іх нічога не працуе, у „Сбербанк“ прыйшлі — дапамагчы ня могуць, бо ў многіх выпадках трэба зайсьці праз тэлефон кліента, а інтэрнэту няма. Рэальна сярэднявечча», — напісала адна з карыстальніц.

У некаторых раёнах Ульянаўскай вобласьці мабільнага інтэрнэту няма ўжо больш за тыдзень, паведаміў праект «На связи».

З кастрычніка ў сярэднім у 58 рэгіёнах Расеі штодня адключаюць інтэрнэт, вынікае зь зьвестак праекту «Монитор Рунета».

18 кастрычніка ўкраінскія бесьпілётнікі атакавалі падстанцыю ў Вяшкайме Ульянаўскай вобласьці. Адбыліся два выбухі, гарадок застаўся безь сьвятла.

«Расея страціла падстанцыю „Вяшкайма“ (500 кВ) ва Ульянаўскай вобласьці — адзін з ключавых элемэнтаў сваёй энэргасыстэмы. Гэты абʼект забясьпечваў злучэньне паміж Ульянаўскай, Мардоўскай, Чуваскай і Самарскай абласьцямі і выконваў функцыю транзытнага вузла для пастаўкі электраэнэргіі ад Сызранскай і Жыгулёўскай ГЭС у цэнтральныя рэгіёны Расеі. Так бывае, калі бʼеш па энэргетыцы Ўкраіны», — пракамэнтаваў атаку кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяньня дэзынфармацыі Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Андрэй Каваленка ў Telegram.

30 кастрычніка ўрад Ульянаўскай вобласьці заявіў пра ўвядзеньне ў рэгіёне абмежаваньняў мабільнага інтэрнэту.

Раней стала вядома, што Міністэрства лічбавага разьвіцьця Расеі распрацавала папраўкі ў закон аб сувязі, згодна зь якімі апэратары павінны будуць адключаць паслугі на запыт ФСБ. Такім чынам улады маюць намер узаконіць інтэрнэт-шатдаўны, зазначалі экспэрты.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG