Жыхары Бараўлянскага сельсавету Менскага раёну, якія пратэстуюць супраць высяканьня векавога лесу каля іхных дамоў, а таксама намераў збудаваць на вызваленым месцы аб’екты сацкультбыту, маюцца арганізаваць акцыі пратэсту ў знак нязгоды з горадабудаўнічай палітыкай уладаў.
Жывы ланцуг вакол лесу і пікет выканкамаў
«Вось літаральна сядаю пісаць заяўку на тры масавыя мерапрыемствы, — кажа Свабодзе адзін з актывістаў бараўлянскага супраціву Іван Вайтовіч. — Па-першае, плянуем ачапіць жывым ланцугом участак лесу, вызначаны пад зьнішчэньне. Па-другое, мітынг каля Бараўлянскага сельскага выканкаму. Па-трэцяе, пікетаваньне Менскага раённага выканаўчага камітэту. Паводле нарматываў, заяўка павінна быць накіравана за 15 дзён да мерапрыемства, але будзем папярэджваць: калі людзі выйдуць масава і стыхійна раней тэрміну, гэта застанецца на сумленьні найперш тых, хто давёў іх да такога стану».
Як удакладніў суразмоўца, пратэставыя акцыі адбудуцца па названых адрасах 6, 7 і 9 кастрычніка адпаведна.
Як інфармавала Свабода, насельнікі Бараўлянаў пратэстуюць супраць высяканьня лесу, засваеньня вызваленай тэрыторыі і пракладкі новай шашы побач з дамамі. Іх падтрымалі жыхары пасёлкаў Лескаўка, Лясны і Досьледны.
Гаворка вядзецца пра высечку масіву на 5 гектарах — улады хочуць зьнішчыць лес, правесьці камунікацыі, пабудаваць школу і дзіцячы садок, а пасьля і жылыя дамы. Жыхары лічаць, што мэтазгодна весьці будоўлю на свабодным месцы — на полі. А спачатку трэба забясьпечыць такой патрэбнай інфраструктурай тых, хто ўжо жыве ў Бараўлянах і ваколіцах.
Аднак іх аргумэнты застаюцца непачутымі. Як кажа Іван Вайтовіч, геадэзісты ўжо пачалі браць у лесе пробы грунту, каб падрыхтаваць глебу для пачатку будаўнічых работ. Пра гэта сьведчаць і дакумэнты, якія актывістам удалося здабыць па сваіх каналах:
«Патрэбную інфармацыю мы атрымліваем праз розныя крыніцы, афіцыйна яе здабыць немагчыма. Дык вось удалося патрымаць у руках „Нарад на выкананьне геадэзічных работ“. То бок, прыяжджала бурыльная ўстаноўка, рабіла сьвідравіны, спэцыялісты вывучалі характарыстыкі апорнай глебы. Стандартная працэдура, якая звычайна папярэднічае актыўным будаўнічым работам. Мы бачылі, што дазвол выдаў Бараўлянскі выканкам, і гэта зьвязана з будаўніцтвам школы ці дзіцячага садку. Гэта значыць, нам даюць зразумець, што мэханізм закруціўся, пайшлі затраты, фінансаваньне будаўніцтва на месцы лесу. Нас гэта, безумоўна, напружвае».
Дастукацца да прэзыдэнта і адклікаць дэпутатаў
Крыху раней паўстала ініцыятыва адкліканьня дэпутатаў, якія балятаваліся з населеных пунктаў Бараўлянскага сельсавету, уключна са старшынём Савету дэпутатаў Менскага раёну Сяргеем Шаблыкам. Таксама агучаны намер праз Генпракуратуру і парлямэнт адклікаць Івана Ліпніцкага, старшыню Савету дэпутатаў Менскай вобласьці. Жыхары перакананыя: абраныя асобы ня толькі нічога ня робяць дзеля вырашэньня праблемных пытаньняў, а непасрэдна датычныя да ўвядзеньня грамадзкасьці ў зман.
«У Менаблвыканкаме адбылося паседжаньне рады па архітэктуры і будаўніцтве, — працягвае Іван Вайтовіч. — Праект ухвалены без аніякага ўліку меркаваньня ініцыятыўнай групы. Мы падрыхтавалі пярэчаньне, паколькі катэгарычна нязгодныя з такім сцэнаром засваеньнем ляснога масіву — гэта поўная неадпаведнасьць пажаданьням людзей, якія там жывуць. На асабовым прыёме ў адміністрацыі прэзыдэнта перадалі прапановы, як „разруліць“ канфліктную сытуацыю. Сёньня нашы прадстаўнікі ў камітэце Дзяржкантролю. З намі трэба лічыцца: як-ніяк сабрана 4,5 тысячы подпісаў. Толькі частка, якую пасьпелі ахапіць фізычна. 80-90% тых, да каго мы зьвярталіся, падпісваліся без пытаньняў. Магу сьмела сьцьвярджаць: нашу асьцярогу падзяляюць сама меней тысяч 20 жыхароў Бараўлянаў».
Паводле Івана Вайтовіча, людзі найперш падпісаліся пад тым, што яны супраць далейшага ўшчыльненьня ў Бараўлянах, якое ня ўлічвае складаную сытуацыю вакол сацыяльных аб’ектаў — школаў, садкоў, паліклінік, спартыўных пляцовак. Усё гэта павінна быць у крокавай даступнасьці, а ня ў чыстым полі, якое хочуць стварыць за кошт зьнішчэньня лесу.
У падтрымку сваіх патрабаваньняў жыхары вывешваюць на дамах плякаты ў абарону лесу. А таксама выказваюць гатоўнасьць за ўласныя сродкі абсталяваць паркавую зону з лаўкамі, арэлямі, дарожкамі на лясной тэрыторыі, вызначанай пад высечку. Побач знаходзіцца дзіцячы анкалягічны цэнтар, дзіцячая вёска, шматкватэрныя дамы, куды маленькія пацыенты з бацькамі ды жыхары панэлек маглі б прыходзіць і адпачываць на паветры. Паўнавартаснага парку ў пасёлку няма і не было.
Калі кампанія супраціву і паходаў па дзяржаўных інстанцыях ня будзе мець плёну, актывісты з ініцыятыўнай групы за ўратаваньне бараўлянскага лесу пакідаюць за сабой права падаць у суд на аўтараў ушчыльненьня пасёлкавай забудовы праз наўмыснае нанясеньне шкоды прыродзе і некалькім дзясяткам тысяч грамадзянаў.