Пра гэта піша БелТА з спасылкай на дырэктара Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў (РІКВ) Дзьмітрыя Міронава.
У пачатку лістапада зацьвердзілі спэцыфікацыю экзамэнацыйнай (тэставай) работы для правядзеньня ЦЭ і ЦТ у 2026 годзе. Гэта дакумэнт, у якім вызначаецца структура і зьмест часткі А і часткі В тэставай работы, пазначаецца колькасьць заданьняў, іх тыпы і разьмеркаваньне па ўзроўнях складанасьці, а таксама пералік элемэнтаў зьместу навучальнага прадмету і час выкананьня тэставай работы.
«Гэты дакумэнт штогод распрацоўваецца па кожным прадмеце на падставе навучальных праграмаў і праграмаў для ўступных іспытаў і зацьвярджаецца міністрам адукацыі», — расказаў Дзьмітры Міронаў.
Ён адзначыў, што асноўная задача спэцыфікацыі — даць дакладнае, поўнае апісаньне праграмнага матэрыялу, разьдзелаў, тэмаў, элемэнтаў зьместу ў кожнай тэме, якія будуць у тэставай рабоце.
«Напрыклад, дзякуючы спэцыфікацыі ў беларускай мове ўдзельнікі ЦЭ і ЦТ 2026 году ўжо сёньня могуць пазнаёміцца з тымі праграмнымі разьдзеламі, якія ўвойдуць у тэст: „Маўленьне. Тэкст. Стылістыка“, „Фанэтыка і артаэпія. Артаграфія“, „Лексыка. Фразэалёгія“, „Марфэмная будова слова“. Важна адзначыць, што разьмеркаваньне заданьняў па ўзроўнях складанасьці ў экзамэнацыйнай рабоце 2026 году па ўсіх прадметах у параўнаньні з 2025 годам будзе такой самай», — падкрэсьліў дырэктар РІКВ.
ЦЭ і ЦТ патрэбныя беларускім абітурыентам для паступленьня ва ўнівэрсытэты.
Форум