Як вынікае з інфармацыі грузінскіх журналістаў, колішні сьледчы пракуратуры і цяперашні дэпутат, кіраўнік парлямэнцкай фракцыі “Наша Грузія” Валеры Гелбахіяні зьнік з Тбілісі адразу пасьля таго, як улады абвінавацілі яго ў антыдзяржаўных дзеяньнях. Напачатку Гелбахіяні быццам бы вылецеў у Лёндан. Потым, ужо разам зь сям’ёй, накіраваўся ў Менск. Тут, у беларускай сталіцы, ён нібыта мае кватэру.
Паводле газэты “Алія”, журналісцкая крыніца (зямляк і сябар Гелбахіяні, які да таго ж працуе ў сыстэме беларускага МУС) паведаміла, што некалькі дзён таму гэтую кватэру абрабавалі — злодзеі вынесьлі зь яе 10 тысяч даляраў. Гелбахіяні папрасіў свайго сябра ў Менску заняцца гэтым выпадкам. Неўзабаве грузінскага дэпутата ўжо заўважылі ў Менску.
Супрацоўніца Messenger.ge Крысьціна Ташкевіч кажа:
“Гэта крыніца ананімная. Яна сьцьвярджае, што Гелбахіяні быццам бы знаходзіцца ў Менску. Крыніца таксама сьведчыць, што Гелбахіяні паехаў у Беларусь, таму што адтуль лёгка трапіць у Маскву. Нейкі час ён будзе знаходзіцца ў Беларусі, а потым пераедзе ў Маскву. Наколькі нам вядома, у Грузіі яму пагражае крымінальная справа. Яна распачатая як супраць яго, так і супраць Бадры Патаркацышвілі. Аднак гэта працяглы працэс”.
Як сьведчаць грузінскія калегі, Тбілісі пакуль не рабіў афіцыйнага запыту пра міжнародны крымінальны вышук Гелбахіяні.
У сваю чаргу ў штабе Бадры Патаркацышвілі сьцьвярджаюць, што “інфармацыя пра цяперашняе месцазнаходжаньне колішняга калегі іх ніколькі не цікавіць” і што яны нічога ня ведаюць пра Гелбахіяні.
Грузін, як ні круці, мае пэўны калярыт. Калі ён нелегал, то доўга не пратрымаецца.
У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі Свабодзе сьцьвярджаюць, што нічога ня чулі пра гэтую гісторыю.
“Вы называеце такія прозьвішчы, што я іх упершыню чую. Тут са сваёй сытуацыяй цяжка разабрацца”, — кажа адказны супрацоўнік прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка. — “Доўга без рэгістрацыі такі чалавек пратрымацца ня можа. Гэта не ўкраінец ці расеец, які можа згубіцца сярод беларусаў. Грузін, як ні круці, мае пэўны калярыт. Калі ён нелегал, то доўга не пратрымаецца. У нас тут праводзяцца рэгулярныя распрацоўкі па нелегалах”.
На пытаньне, ці шмат у сыстэме беларускага МУС супрацоўнікаў грузінскага паходжаньня, суразмоўца Свабоды адказаў наступнае: “Калі ёсьць, дык вельмі замаскіраваныя”.