Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ствараецца госьпіс – прытулак для паміраючых


Сьвятлана Курс, Менск Першы ў Беларусі госьпіс для дарослых будзе адкрыты ў Менску. Ягоныя заснавальнікі спадзяюцца, што гэта пакладзе пачатак стварэньню сеткі госьпісаў і зьменіць стаўленьне грамадзтва да тых, хто памірае ад невылечных хваробаў.

Што такое госьпіс? Госьпісы ўзьніклі ў Сярэднявечнай Эўропе. Так называліся кельлі ў кляштарах, дзе манахі прымалі пілігрымаў і падарожнікаў, зьнясіленых і паміраючых. Цяпер госьпісамі завуць ня толькі прытулкі для паміраючых, але і ўсю сыстэму дапамогі, філязофію праводзінаў чалавека ў сьмерць.

10 гадоў таму мэдык-энтузыястка Ганна Гарчакова стварыла першы ў Беларусі дзіцячы госьпіс, які працуе дагэтуль. Усе гэтыя гады спадарыня Гарчакова адстойвала перад Міністэрствам аховы здароўя неабходнасьць існаваньня сыстэмы госьпісаў, і нарэшце чыноўнікі пагадзіліся з тым, што людзям лепей паміраць ва ўтульнай абстаноўцы, пад наглядам анэстэзіёлягаў і псыхолягаў, а не ў прыгнятальнай атмасфэры шпіталяў. І днямі зьявілася рашэньне аб узьнікненьні першага дзяржаўнага госьпісу. Спадарыня Гарчакова разьлічвае, што гэта запачаткуе сетку такіх прытулкаў.

(Гарчакова: ) “Гэта сумесны праект. Дагэтуль у Беларусі няма ніводнага дзяржаўнага госьпіса. Калі будзе зарэгістраваны першы дзяржаўны госьпіс, паверце, пойдзе сетка як па масьле. У нас краіна добрая для стварэньня сеткі госьпісаў, бо добра разьвітая сыстэма мясцовай мэдыцыны. Ствараюцца сацыяльныя ложкі, а гэта блізкая ідэя. Госьпісы патрапляюць у хвалю”.

Варта адзначыць, што госьпіс узьнік дзякуючы падтрымцы адміністрацыі Заводзкага раёну Менска. Яе кіраўнік Вячаслаў Юхновіч распарадзіўся знайсьці будынак і за кошт мясцовага бюджэту адрамантаваць. Усяго ў прытулку будзе 30 месцаў.

Ці дастаткова гэта? У краіне штогод некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек памірае ад раку. І ім, і іхным блізкім патрэбная прынамсі псыхалягічная дапамога. Аднак прытым неабавязкова ляжаць у госьпісах, бо пры іх існуе шырокая праграма выязной дапамогі. Да прыкладу, дзіцячы госьпіс на 50 месцаў, па словах спэцыялістаў, забясьпечвае патрэбы Менска і Менскай вобласьці.

Якія паслугі аказвае госьпіс? Гэта праграма сумеснага гараваньня (аказаньне дапамогі блізкім паміраючага), пілёт-праграма (аказаньне дапамогі паміраючаму ў хатніх умовах), кругласутачны выезд дактароў і куратарства сямейнай мэдычнай сястры. Карацей – аблягчэньне душэўнага і фізычнага болю і страху паміраючага і ягонай сям’і. А зьвярнуцца туды можа кожны, каго напаткала гэткае гора. Каардынаты госьпісаў ёсьць у даведцы Менскага раёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG