Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольнаму воля, шалёнаму поле


Віктар Жыбуль, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Вольнаму воля, шалёнаму поле – у гэтай беларускай прыказкі ёсьць вядомы расейскі адпаведнік: вольному воля, спасённым рай. Адчуваеце розьніцу? Расейцу прыходзяць у галаву хрысьціянскія алюзіі, беларусу – хутчэй паганскія. Дзе поле – там і вецер... Не, “шалёны”, хоць і памяркоўны, беларус у рай не сьпяшаецца. І мысьліць ён часьцей катэгорыямі зямных стыхіяў. Поле, якое патрэбна яму, знаходзіцца хутчэй яшчэ на гэтым, чым ужо на тым сьвеце. Гэта можа быць поле зроку, поле дзейнасьці альбо поле экспэрымэнтаў. У кожнага з нас яно сваё, і кожны з нас, па меры сваёй “шалёнасьці”, робіць на ім што пажадае: хоча – арэ ды сее, а хоча – сабак ганяе.

А можа, воля – гэта тое, чаго вечна не ставала беларусам – да такой ступені, што нават звычайнае поле (не абмежаванае, не абгароджанае, не абцягнутае калючым дротам) ужо раем здаецца? Гэта менавіта беларусам маглі прыйсьці ў галаву такія праекты апошніх гадоў, як “Верш на Свабоду” і “Слоўнік Свабоды”. Гэта ў беларусаў ёсьць адразу некалькі сьвятаў Волі й Незалежнасьці – толькі ня ўсе зь іх дзяржаўныя. Здавалася б, радавацца трэба, што столькі сьвятаў! Шалёнаму – поле! Але тут чамусьці прыгадваецца зусім невясёлая мініятурка Івана Чыгрына:

Рускія вызвалялі нас ад палякаў. Палякі – ад рускіх. А мы як былі нявольнікамі – так і засталіся.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (4-ы квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG