Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Be2gether”: сцэны замест сьценаў


Іна Студзінская, Менск У мінулыя выходныя на тэрыторыі сярэднявечнага літоўскага замку Нарвілішкес, што за 50 мэтраў ад мяжы зь Беларусьсю, праходзіў музычны фэст “Be2gether” – “Быць разам”. Дэвіз фэсту – “Музыка адчыняе межы”.

І арганізатары, і ўдзельнікі, і госьці фэстывалю ў адзін голас сьцьвярджаюць, што фэст – не палітычнае мерапрыемства, а сапраўднае сьвята музыкі. Палітызаваць імпрэзу яшчэ за два тыдні да яе пачатку паспрабаваў МЗС Беларусі, выступіўшы з адмысловай заявай.

А.Зуокас: “Ідэя фэсту – разбурыць сьцены”

Адзін з ініцыятараў правядзеньня фэсту, былы мэр Вільні Артурас Зуокас правёў аналёгію з канцэртам “Сьцяна” легендарнага “Пінк Флойд” у Бэрліне:

“Была такая ідэя атрымаць дазвол у беларускіх уладаў, каб сцэна была над мяжой Літвы і Беларусі. Каб канцэрт сам праходзіў над мяжой (воплескі). Ідэя фэсту – разбурыць сьцены, ня толькі тыя, якія існуюць фізычна, але й тыя, якія ствараюцца штучна. Мы іх адчуваем, і хацелася б, каб іх папросту не было”.

На фэсьце выступілі больш за 30 гуртоў з розных краінаў сьвету – усясьветна вядомыя амэрыканскія “Morchееba”, “New York Ska Jazz Ensemble”, “Bloodhound Gang”. Публіка дапамагала музыкам:

Доўгі час не адпускалі са сцэны брытанскіх гуртоў “Therapy?” і “The Young Knives”. Натуральна, вельмі цёпла публіка ўспрымала гаспадароў-літоўцаў: Артураса Мамантаваса, Яану з брытанскім праектам “Joanna & the Wolf”.

С.Міхалок: “Усё цяжэй “дзяржаўным мужам” навязваць сваю пэўную ідэалёгію, што можна слухаць, а чаго нельга, указваць, з кім сябраваць”

Беларусь прадстаўлялі “IQ48”, “Drum Extasy” і “Ляпис Трубецкой”. Падтрымаць музыкаў прыехала каля 500 чалавек зь Беларусі. Над намётавым мястэчкам лунала шмат бел-чырвона-белых сьцягоў, а на выступах музыкаў гучала шматгалосае “Жыве Беларусь”.

На канцэрт “Ляпісаў” прыехалі міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайцякунас, амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, кіраўнік дыпляматычнага прадстаўніцтва Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

Паслухаем салістаў “Ляпісаў” Паўла Булатнікава і Сяргея Міхалка:

Булатнікаў: “Мы чыталі аб заяве беларускага Міністэрства замежных справаў. І нам вельмі спадабалася трактоўка, якую выказалі арганізатары: “У нас фэстываль называецца “Быць разам”, а ня супраць кагосьці”.

Міхалок: “Сьвет адзіны, і не існуе нейкіх межаў, якія могуць разьдзяляць мастацтва – мне здаецца, у гэтым сэнс гэтага форуму. Усё цяжэй становіцца “дзяржаўным мужам” быць стрымлівальным фактарам і навязваць сваю пэўную ідэалёгію, што можна слухаць, а чаго нельга, указваць, з кім сябраваць – усё гэта лухта”.

Міністар замежных справаў Літвы: “Фэстываль быў накіраваны на ўзмацненьне прынцыпаў добрасуседзтва”

Нягледзячы на вялікую колькасьць гасьцей, парадак на фэстывалі быў проста ўзорны. Тэрыторыю падзялілі на некалькі зонаў: дзьве вялізныя сцэны, зона актыўнага адпачынку з атракцыёнамі, забавамі, на адмысловых пляцоўках можна было пакаштаваць нацыянальныя літоўскія стравы, піва лілося ракой. Але непарадкаў, п’яных не было відаць. Дарэчы, захады бясьпекі ўжылі сур’ёзныя: без магнітнага бранзалеціка і дагляду на фэстываль не прапускалі нават міністра замежных справаў Літвы.

Не было і інцыдэнтаў на мяжы, якіх так баяліся беларускія ўлады. Міністар Пятрас Вайцякунас пашкадаваў, што не было беларускага кіраўніцтва:

“Я думаю, яны ацэняць, што фэстываль быў накіраваны на ўзмацненьне прынцыпаў добрасуседзтва. Я б з задавальненьнем паразмаўляў са сваім калегам міністрам Мартынавым, але, напэўна, яго тут не сустрэну”.

Беларускія гурты выглядалі ня горш за замежныя

Уражаньні госьця фэстывалю з Украіны:

“Цудоўны фэстываль! Што мяне больш за ўсё ўразіла – гэта камфортны гук, бо для музычнай імпрэзы гэта вельмі важна. Незабыўныя ўражаньні”.

А вось меркаваньні гасьцей фэстывалю зь Беларусі:

Дзяўчына: “Гэта было нешта фантастычнае, нерэальнае! Проста супэр! Больш за ўсё мне спадабаліся “Morchееba” і “Drum Extasy”.

Карэспандэнтка: “А як беларускія гурты выглядаюць на фоне амэрыканскіх, эўрапейскіх?”

Юнак: “Вельмі добра выглядаюць, вельмі прыстойна. Вось якраз гучыць “Drum Extasy”. Я думаю, яны нічым не саступаюць, да прыкладу, “Morchееba”.

“Be2gether” азначае “Быць разам!”, 27.08.2007 Пятрас Вайцякунас: “Не павінна быць межаў, якія нас падзяляюць”, 27.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG