Падачу электраэнэргіі ў Гішпаніі і Партугаліі аднавілі амаль цалкам, паведамляе Associated Press з спасылкай на мясцовых апэратараў. На 6:00 раніцы электразабесьпячэньне ў Гішпаніі пасьля буйнога збою аднавілі на 99,16%, паведаміў гішпанскі апэратар электраэнэргіі Red Electric.
У суседняй Партугаліі электразабесьпячэньне ў большасьці хатніх гаспадарак таксама аднавілі: каля 95% з 6,5 мільёнаў кліентаў краіны маюць доступ да сеткі, паведамляе RTP з спасылкай на апэратара сеткі E-Redes.
Афіцыйныя асобы ў Гішпаніі і Партугаліі пакуль не паведамілі, што стала прычынай маштабнага адключэньня электраэнэргіі. У тэлевізійным звароце ўвечары 28 красавіка прэм’ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс сказаў, што ўлады ўсё яшчэ расьсьледуюць здарэньне.
Нацыянальны цэнтар кібэрбясьпекі Партугаліі заявіў, што няма ніякіх прыкметаў таго, што адключэньне стала вынікам кібэратакі, пра імавернасьць якой казалі раней.
Выступаючы перад журналістамі ў Брусэлі, выканаўчы віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Тэрэза Рыбэра таксама выключыла сабатаж. Тым ня менш адключэньне — « адзін з самых сурʼёзных эпізодаў, зафіксаваных у Эўропе апошнім часам», адзначыла яна.
Увечары 28 красавіка многія жыхары гарадоў Гішпаніі, у тым ліку Мадрыду, леглі спаць у поўнай цемры. У Мадрыдзе з гаўбцоў дамоў, у якія вярнулася электрычнасьць, раздаваліся радасныя воклічы. Больш чым праз 16 гадзін пасьля адключэньня некаторыя ўсё яшчэ спрабавалі патэлефанаваць сваім блізкім, але мабільнай сувязі не было.
У сувязі з спыненьнем мэтро і цягнікоў, закрыцьцём крамаў і офісаў у сувязі з блэкаўтам тысячы людзей высыпалі на вуліцы Мадрыду 28 красавіка. Ратаўнікі ў Гішпаніі заявілі, што выратавалі каля 35 тысяч пасажыраў, якія захрасьлі на чыгунках і ў мэтро. Няпэўнасьць пэрспэктывы аднаўленьня падачы электраэнэргіі ўзмацняла расчараваньне і неспакой у буйных гарадах.
Адключэньне электраэнэргіі ператварыла ўвечары 28 красавіка спартовыя цэнтры, вакзалы і аэрапорты ў часовыя сховішчы. Муніцыпалітэт Барсэлёны разьмеркаваў 1200 ложкаў па крытых цэнтрах адпачынку для разьмяшчэньня жыхароў, якія ня маглі вярнуцца дадому, і замежных падарожнікаў, якія засталіся ў няпэўным стане. Па ўсёй Барсэлёне і Мадрыдзе людзі спалі на лаўках і на падлозе вакзалаў.
У нямногіх супэрмаркетах, якія працягвалі працаваць на рэзэрвовых генэратарах у Барсэлёне і Лісабоне, людзі запасаліся сушанымі прадуктамі, вадой, ліхтарыкамі на батарэйках і сьвечкамі. Прадаўцы ўручную пералічвалі эўра, бо многія касавыя апараты перасталі працаваць.
Працавала мала заправак, і кіроўцы, якія адважваліся езьдзіць без сьвятлафораў, зь цяжкасьцю знаходзілі паліва. Жыхары з электрычнымі дзьвярнымі ключамі аказаліся замкнёнымі ў сваіх дамах.
Зьявілася пагроза для выжываньня тых, каму патрэбныя мэдычныя паслугі, напрыклад, лядоўня для інсуліну або сілкаваньне для дыялізных апаратаў і кіслародных канцэнтратараў. Некаторыя лякарні — але ня ўсе — працавалі з дапамогай генэратараў.
Форум