Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь паслала сваіх ратавальнікаў у М’янму. Колькасьць ахвяраў землятрусу вырасла да 1700 чалавек


Разбор завалаў па землятрусе ў М'янме
Разбор завалаў па землятрусе ў М'янме

У М’янме і суседнім зь ёй Тайляндзе працягваюць разьбіраць завалы, выкліканыя магутным землятрусам, які адбыўся напярэдадні.

Землятрусу далі 7,7 балаў, гэта вельмі высокі паказьнік. Стыхія прынесла вялікія разбурэньні.

Кіраўніцтва Беларусі вырашыла дапамагчы ўладам М’янмы. Самалёт зь беларускімі ратавальнікамі з падразьдзелу «Зубр» вылецеў у азіяцкую краіну.

Як паведаміў міністар у надзвычайных сытуацыях Беларусі Вадзім Сіняўскі дзяржаўнай газэце «Зьвязда», гэта рэакцыя ўладаў краіны на міжнародны запыт М’янмы.

У першай частцы падразьдзелу беларускіх ратавальнікаў — 33 чалавекі, 2 кіналягічныя злучэньні, 2 адзінкі тэхнікі, рыштунак для аказаньня дапамогі пацярпелым.

31 сакавіка або 1 красавіка Беларусь накіруе ў М’янму другую частку атраду. Затым будзе трэці этап — адпраўка гуманітарнай дапамогі.

Кіраўнік ведамства ўспомніў, што адпраўлены ў М’янму падразьдзел мае практычны досьвед ліквідацыі наступстваў землятрусу. У лютым 2023 году ён працаваў у Турэччыне пасьля аналягічнай трагедыі.

На гэты момант вядома пра як мінімум 1700 ахвяр землятрусу ў М’янме і 17 у суседнім Тайляндзе. Аднак экстраныя службы папярэджваюць — лічбы не канчатковыя, працягваецца разбор завалаў. Мноства людзей, звыш 300, лічыцца зьніклымі бязь вестак. Звыш 3400 чалавек параненыя.

Сваіх ратавальнікаў у М’янму прыслалі Тайвань, Кітай і шэраг іншых дзяржаў, адзначае AFP.

Ва ўладзе ў М’янме — вайсковая хунта. Апазыцыйныя ўзброеныя групоўкі працягваюць змагацца за дэмакратызацыю дзяржавы. Але празь землятрус яны абвясьцілі перапынак у баявых дзеяньнях на паўмесяца.

Раней праз рызыку грамадзянскай вайны і рэпрэсіі вайсковай хунты каля 3,5 млн чалавек вымушаныя былі пакінуць свае дамы.

Чырвоны Крыж заявіў пра тое, што ў горад Мандалай адправіцца група псыхолягаў, якія таксама будуць працаваць на месцы землятрусу, каб дапамагаць людзям.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG