Улады афрыканскай дзяржавы Танзаніі абвінавацілі больш за 200 чалавек у «дзяржаўнай здрадзе», паведаміў адвакат і судовыя крыніцы агенцтва AFP. Апазыцыя заявіла, што арыштаваны яшчэ адзін зь яе лідэраў.
Прэзыдэнтка краіны Самія Сулуху Хасан перамагла на выбарах 29 кастрычніка, паводле зьвестак выбарчай камісіі. Там заявілі, што яна атрымала 98% галасоў. Аднак апазыцыя, якую адхілілі ад удзелу ў выбарах, назвала працэс «фікцыяй».
У дзень выбараў па ўсёй усходнеафрыканскай краіне ўспыхнулі жорсткія пратэсты, прычым крыніцы паказваюць, што сотні, калі ня тысячы людзей, маглі быць забітыя.
У той жа час шматдзённае адключэньне інтэрнэту перашкодзіла своечасоваму публікаваньню праверанай інфармацыі.
У пятніцу сотні людзей зьявіліся ў судзе ў эканамічным цэнтры Дар-эс-Саламе.
«Усе гэтыя дамы і спадары, агульнай колькасьцю больш за 250 чалавек, былі прыцягнуты да адказнасьці ў трох асобных справах… і ўсім ім выстаўленыя абвінавачванні ў дзьвюх відах злачынстваў», — сказаў адвакат Пітэр Кібатала AFP.
«Першы набор злачынстваў — гэта змова з мэтай зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады. А другі від злачынстваў — гэта самая дзяржаўная здрада», — сказаў ён.
Крыніцы ў судзе паведамілі AFP, што ім вядома як мінімум пра 240 абвінавачаных.
Апазыцыйная партыя «Чадэма» сьцьвярджае, што ў выніку гвалту падчас выбараў загінулі як мінімум 800 чалавек. Дыпляматычныя крыніцы і крыніцы ў сілавых структурах пацьвярджаюць гэтую ацэнку, дадаючы, што, паводле вартых даверу зьвестак, колькасьць загінулых і параненых можа дасягаць тысячаў.
Улады пакуль адмаўляюцца называць колькасьць загінулых і параненых. У суботу «Чадэма» заявіла, што намесьнік генэральнага сакратара партыі Амані Галугва быў арыштаваны паліцыяй у Арушы.
«Арышт намесьніка генэральнага сакратара азначае, што на волі застаюцца толькі трое з шасьці галоўных лідэраў партыі», — гаворыцца ў заяве партыі, апублікаванай на плятформе X.
Форум