Раней зьявілася інфармацыя пра адключэньне электраэнэргіі ў Партугаліі і Гішпаніі з-за кібэратакі. Аднак, як перадае зь Лісабону агенцтва Reuters, партугальскі апэратар электрасеткі REN заявіў, што ў яго «няма інфармацыі» пра тое, што масавыя адключэньні электраэнэргіі на Пірэнэйскім паўвостраве былі выкліканыя кібэратакай.
Сябра праўленьня REN Жуан Кансэйсэу заявіў журналістам, што апэратар не выключае, што адключэньне электраэнэргіі адбылося з-за «вельмі вялікіх ваганьняў электрычнага напружаньня, спачатку ў гішпанскай сыстэме, якія затым распаўсюдзіліся на партугальскую сыстэму».
«Калі б усё залежала ад REN, краіна прачнулася б заўтра з электрычнасьцю, але, на жаль, ня толькі REN мае значэньне», — дадаў ён.
Што ў Гішпаніі?
Гішпанія абвясьціла надзвычайнае становішча пасьля адключэння электраэнэргіі па ўсёй краіне.
Міністэрства ўнутраных спраў Гішпаніі ў панядзелак абвясьціла надзвычайнае становішча пасьля адключэньня электраэнэргіі па ўсёй краіне на большай частцы Пірэнэйскага паўвострава. Міністэрства дадало, што надзвычайнае становішча будзе ўжыта ў рэгіёнах, якія дашлюць адпаведны запыт, паведамляе Reuters.
Масіўнае адключэньне электраэнэргіі адбылося на вялікіх абшарах Гішпаніі, а 12:32 дня ў панядзелак.
«Прычыны ўсё яшчэ вывучаюцца. Лепш не рабіць здагадак», — заявіў прэм’ер-міністар Пэдра Санчэс у час зьяўленьня на паседжаньні ўраду адразу пасьля 18:00, прадбачыўшы «крытычныя гадзіны». Санчэс заклікаў людзей пазьбягаць паездак, карыстацца мабільнымі тэлефонамі толькі для кароткіх званкоў, пазьбягаць перагружаных экстраных службаў і спадзявацца выключна на афіцыйную інфармацыю, піша El Pais.
Тым часам 30% мэтро Барсэлёны аднавіла працу. Электраэнэргія вярнулася ў некаторыя месцы, але пра спыненьне праблемаў гаварыць заўчасна.
Санчэс дадаў, што ўрад возьме на сябе кіраваньне праблемай адключэньня электраэнэргіі ў Андалюзіі, Эстрэмадуры і Мадрыдзе на просьбы гэтых рэгіёнаў.
Камунальная кампанія Red Electrica расьсьледуе прычыны інцыдэнту, які закрануў і Партугалію. Эдуарда Прыета, дырэктар па абслугоўваньні апэрацый Red Eléctrica, заявіў, што адключэньне «выключнае і абсалютна незвычайнае», і што на яго ліквідацыю спатрэбіцца ад 6 да 10 гадзін, гэта значыць, што праблема ня будзе вырашаная да сёньняшняга вечара.
З-за адключэньня электрычнасьці быў прыпынены ўвесь чыгуначны рух. Паводле зьвестак Міністэрства транспарту, у панядзелак не чакаецца аднаўленьня руху цягнікоў сярэдняга і далёкага спалучэньня. Гэта таксама паўплывала на грамадзкі транспарт у гарадах і мястэчках. І гэта прывяло да доўгіх чэргаў у супэрмаркетах, дзе ўжо папярэджваюць, што прымаюцца толькі наяўныя плацяжы, і людзей даводзілася ратаваць зь непрацуючых ліфтаў.
Таксама адкладзены шэраг паядынкаў на тэнісным турніры ў Мадрыдзе. У прыватнасьці, на невядомы час адкладзеная сустрэчы беларускі Арыны Сабаленкі супраць амэрыканкі Пэйтан Стэрнс.
Шэраг пірэнэйскіх выданьняў піша пра тое, што жыхары Партугаліі і Гішпаніі асьцерагаюцца актаў марадэрства ў час, калі стане цёмна.
Форум