Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Думаю, гэта магло быць самагубства». Гісторыя рэчыцкага актывіста, якога знайшлі мёртвым у Польшчы


Сяргей Дубінін. Фота з прыватнага архіву Аляксандра Алмаева
Сяргей Дубінін. Фота з прыватнага архіву Аляксандра Алмаева

У Кракаве памёр беларус Сяргей Дубінін. Яго сябар Аляксандар Алмаеў расказаў Свабодзе, як знайшоў цела, што вядома пра апошнія дні жыцьця Сяргея і пра іхны канфлікт з беларускімі чыноўнікамі.

Сяргею Дубініну было 50 гадоў. Паходзіў з Рэчыцы. Быў грамадзкім актывістам і мастаком, сябрам незалежнага прафсаюзу РЭП (радыёэлектроннай прамысловасьці). З 2021 году жыў у Кракаве. Сёлета 15 красавіка цела Сяргея ў крыві знайшлі ў кватэры, дзе ён жыў.

«Ён быў увесь у крыві»

Цела Сяргея знайшоў сябар Аляксандар Алмаеў. Ён у той дзень вярнуўся з шпіталя, куды трапіў з інфарктам і дзе правёў некалькі дзён. Як расказаў Свабодзе Алмаеў, ён спадзяваўся, што пасьля выпіскі яго сустрэне Сяргей. Аднак тэлефон сябра быў недасяжны. Аляксандра сустрэлі іншыя знаёмыя і завезьлі дадому, дзе ён жыў у пакоі разам зь Сяргеем. У гэтай жа кватэры жылі яшчэ чатыры чалавекі.

«Мы прыехалі, а палове на пятую вечара. Хлопцы з працы адчынілі памяшканьне. Мы зайшлі. На падлозе ляжаў нож. Сяргей быў увесь у крыві. Я ня бачыў характару раненьняў. Мне стала кепска», — расказвае Аляксандар.

Суразмоўца кажа, што ранкам іншыя хлопцы, што жылі ў кватэры, паехалі на працу. Яны ўсе працавалі на будоўлі, але на розных аб’ектах. Сяргей быў мулярам, яго ў той дзень ніхто з суседзяў ня бачыў. Невядома, ці ён начаваў дома. Будзіць калегаў у іх не было прынята. Тое, што яго ня ўбачылі раніцай, у суседзяў ня выклікала хваляваньня, дадае Аляксандар.

«Раніцай у памяшканьні было чыста. Не было нікога. Санвузел быў чысты. Заходзілі, мыліся», — пераказвае суразмоўца тое, што ведае ад суседзяў па кватэры.

Дзіўным, на думку Алмаева, было тое, што крывёю была залітая падлога на ўваходзе ў кватэру і ў ванным пакоі. Паміж імі невялікі калідор, але ў ім зусім не было крыві.

Сяргей Дубінін і Аляксандар Алмаеў, фота з прыватнага архіву Алмаева
Сяргей Дубінін і Аляксандар Алмаеў, фота з прыватнага архіву Алмаева

Ня выйшаў на працу, не начаваў дома

Ужо ў панядзелак, 14 красавіка, Дубінін ня выйшаў на працу. Аляксандар заўважае, што суседзі ў кватэры не надалі гэтаму значэньня, бо дапускалі, што той можа быць у шпіталі, даглядаць сябра. Аляксандар ведае, што ў акаўнт Сяргея ў сацыяльных сетках апошні раз заходзілі ў ноч на 15 красавіка.

«У Тэлеграме вісіць, што ён апошні раз быў у 1:30 у сеціве, а потым ужо ўсё, тэлефон быў недасяжны. Калі я ўжо ў памяшканьне зайшоў, я потым бачыў, што тэлефон ляжаў адключаны на тумбачцы… Атрымліваецца, калі б ён быў дома, хлопцы б яго ўбачылі. Я так разумею, што, можа, ён не начаваў у панядзелак дома», — разважае суразмоўца.

Ён адзначае, што раней не было такога, каб Сяргей не адказваў на тэлефон ці зьнікаў. Ён папярэджваў, калі кудысьці зьяжджаў.

«Такога ніколі не было. Бо ён да працы вельмі адказна ставіўся. За ўвесь час у яго не было прагулаў, пропускаў. Калі ён за працу браўся, начальства не перажывала за якасьць ці што ён нешта не даробіць. У гэты пляне ён вельмі адказны чалавек», — падкрэсьлівае сябар.

Суразмоўца адзначае, што Сяргей не злоўжываў алькаголем. Ён трымаў дысцыпліну, каб выходзіць на працу своечасова. Да таго ж працаваў на вышыні, таму варта было захоўваць бясьпеку.

«Была бутэлька віскі. Ён яе выпіваў за месяц-паўтара, калі нехта ў госьці зойдзе, за кампанію», — кажа ён.

Не апускаць рукі

Апошні раз Аляксандар зьвязваўся зь Сяргеем, калі ляжаў у шпіталі.

«Я дамовіўся, што ён прыйдзе, прынясе мне майку, шорты, тапачкі, вады. Мне нельга было газаваную», — кажа ён.

Ён адзначае, што Сяргей не выказваў думак пра суіцыд, меў пляны на будучыню, таму сябру цяжка паверыць у самагубства.

«Былі пляны. Мы шукалі тут памяшканьне пад майстэрню. Ён знайшоў нейкія два варыянты. Сказаў: „Саша, трымайся. Выйдзеш са шпіталя, мы зьезьдзім, паглядзім. Ну не далі нам у Беларусі, тут арганізуем. Галоўнае — не апускаць рукі“», — пераказвае сябравы словы Аляксандар.

Аляксандар ведае, што Сяргей хацеў вярнуцца ў Беларусь.

«Ён кажа: „Саша, мы столькі шмат цяжкасьцяў, трагедыяў перажылі, таму нам у кожным разе трэба вярнуцца ў краіну і прыцягнуць людзей да адказнасьці“», — успамінае Аляксандар.

Сяргей Дубінін на адпачынку, фота з прыватнага архіву Аляксандра Алмаева
Сяргей Дубінін на адпачынку, фота з прыватнага архіву Аляксандра Алмаева

Канфлікт з чыноўнікамі праз майстэрню

Зь іншага боку, Алмаеў схіляецца да вэрсіі пра самагубства. Кажа, што сябар любіў жыцьцё, але дапускае, што яго маглі шантажаваць або пагражаць.

«Думаю, гэта магло быць самагубства. У кожнага, нават у мэталу, ёсьць свой пункт кіпеньня», — кажа ён.

Думае, што Сяргея да такога мог падштурхнуць даўні канфлікт зь беларускімі чыноўнікамі.

Аляксандар расказаў, што яны сябравалі зь Сяргеем з 1996 году. Разам займаліся вырабамі з дрэва як рамесьнікі. Спрабавалі стварыць у Рэчыцы сумесную творчую майстэрню.

Мужчына расказвае, што прадаў сваю кватэру і набыў на аўкцыёне памяшканьне пад майстэрню. Аднак, зь ягоных словаў, яму не дазволілі майстэрню зарэгістраваць. Пасьля куплі стала вядома, што на пустцы побач з гэтым будынкам плянуюць пабудаваць гандлёвы цэнтар. Месца стала больш прывабным.

Алмаеў сьцьвярджае, што мясцовыя чыноўнікі намаўлялі яго прадаць будынак, таксама патрабавалі ад яго хабар, каб зарэгістраваць зямлю. Расказвае, што аднойчы ён нават пабіўся ў кабінэце з землеўпараднікам.

Плянуюць пахаваць у Беларусі

У 2020 годзе Алмаеў з Дубініным зьбіралі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах: за Чэрачня, Дзьмітрыева і «за ўсіх». У гэтым жа годзе Алмаеў адбыў адміністрацыйны арышт за пратэсты. У 2021 годзе сябры зьехалі зь Беларусі. З словаў Аляксандра, іх вымусілі зьехаць, пагражалі, што інакш праблемы зьявяцца ў іхных блізкіх.

У Польшчы, з словаў Алмаева, яны зь Сяргеем працавалі на будоўлі. Кажа, што Сяргей быў добрым мулярам. За мяжой яны таксама шукалі месца пад сваю майстэрню.

«Літаральна месяц таму мы гэта абмяркоўвалі», — кажа суразмоўца.

Сяргей, з словаў сябра, таксама езьдзіў у горы, яны разам хадзілі на выставы. Дубінін дапамагаў зь легалізацыяй у Польшчы іншай беларускай актывістцы, якая пераехала з Украіны.

Яны і з Польшчы працягвалі перапіску з мясцовымі органамі кіраваньня ў Рэчыцы наконт іхнага будынку. Аляксандар кажа, што ім пагражалі чыноўнікі і іншыя людзі. Дапускае, што сьмерць сябра можа быць зьвязаная з канфліктам праз майстэрню, бо Сяргей моцна праз гэта перажываў.

Алмаеў паведаміў, што Сяргей афіцыйна разьвёўся з жонкай, каб у сям’і ў Беларусі не было праблемаў празь яго. За некалькі дзён да сьмерці яму прыйшоў ліст пра скасаваньне шлюбу. У Беларусі ў яго засталіся двое паўналетніх сыноў.

Аляксандар сказаў, што цела Сяргея ў моргу. Яно там застанецца, пакуль польская паліцыя расьсьледуе сьмерць Дубініна. Пахаваць Сяргея плянуюць у Беларусі.

BySol адкрыў збор на выдаткі, зьвязаныя з пахаваньнем Сяргея.

Свабода зьвярнулася ў кракаўскую паліцыю з пытаньнямі аб прычынах сьмерці Сяргея Дубініна. Адказу мы пакуль не атрымалі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG