Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра Сержука Вітушку, лідэра легендарнай «Талакі», якому сёньня споўнілася б 60 гадоў


Сяржук Вітушка з жонкай Людвікай Кардзіс у Вільні, 2000
Сяржук Вітушка з жонкай Людвікай Кардзіс у Вільні, 2000

Сяржук Вітушка (1965–2012) — кіраўнік «Талакі», моладзевай арганізацыі, якая ўзьнікла ў сярэдзіне 1980-х гадоў і стала адным з рухавікоў новага беларускага адраджэньня.

Незалежнасьць Беларусі, абвешчаная ў 1991 годзе, — заслуга ў тым ліку і талакоўцаў, хоць фармальна арганізацыя не займалася палітыкай. Яе мэтай было аднавіць гістарычную памяць і нацыянальныя традыцыі беларусаў, вярнуць у гарадзкое асяродзьдзе беларускую мову. У гэтай місіі выявіўся лідэрскі талент студэнта гістарычнага факультэту БДУ Сержука Вітушкі, якога аднадумцы абралі старшынём «Талакі».

Сяржук Вітушка з талакоўцамі ў Купалаўскім скверы ў Менску
Сяржук Вітушка з талакоўцамі ў Купалаўскім скверы ў Менску

З дапамогай удавы актывіста Людвікі Кардзіс Свабода згадала 10 фактаў талакоўскага пэрыяду жыцьця Вітушкі, а таксама часу, калі Сяржук зь Менску пераехаў жыць у Вільню.

1. Пераход на беларускую мову

Сваякі і сябры згадваюць Сержука Вітушку як чалавека, які заўсёды гаварыў па-беларуску. Жонка актывіста Людвіка, зь якой ён пазнаёміўся ў 1988 годзе, кажа, што расейскамоўным Сержука ня памятае. Але сам Вітушка казаў, што ў яго маладосьці быў і расейскамоўны пэрыяд. А скончыўся ён, паводле ўспамінаў Сержука, у дзень, калі памёр Уладзімер Караткевіч.

«Чамусьці мне тады стала зусім ясна, што Караткевіч ня проста памёр, што чалавек згарэў у барацьбе за беларушчыну. І падумаў: «А што ж я? Як жа мне ня сорамна! Я павінен размаўляць па-беларуску! Я павінен паўсюль гаварыць па-беларуску!» — згадваў Сяржук Вітушка ў размове з Палінай Качатковай. Па-беларуску заўсёды гаварылі і ў Сержуковай сям’і.

«Ягоная сям’я была зь вёскі Кісялі з-пад Радашкавічаў, вёска дагэтуль беларускамоўная. Мама і тата гаварылі па-беларуску, цёткі таксама. Адна зь цётак працавала ў музэі Янкі Купалы. То бок ягонае вяртаньне ў беларускую мову — вельмі натуральны шлях», — кажа Людвіка Кардзіс.

Сяржук Вітушка, 1988 год. Здымак Міхася Раманюка
Сяржук Вітушка, 1988 год. Здымак Міхася Раманюка

2. Праз хваробу не хацелі браць у ВНУ

Сяржук Вітушка меў вышэйшую гістарычную адукацыю, скончыў БДУ. Але паступіў туды не адразу. Прычына затрымкі — ня брак балаў на іспытах, а цяжкая хвароба.

«У савецкія ВНУ, — згадала Людвіка Кардзіс, — ня бралі на вучобу зь некаторымі хваробамі, у тым ліку з цукроўкай у той форме, якая была ў Сержука. Пераадолець такі бар’ер дапамагла іншая савецкая загана — блат. Маці адной актывісткі „Талакі“ працавала ў БДУ і зь яе дапамогай удалося падаць дакумэнты — і ён паступіў на гістфак. Гэта быў 1986 год».

Студэнты гістфаку БДУ на раскопках у Мірскім замку. Справа — Сяржук Вітушка
Студэнты гістфаку БДУ на раскопках у Мірскім замку. Справа — Сяржук Вітушка

3. Натхняўся лекцыямі Сагановіча

Інтарэс да беларушчыны і краязнаўства Сяржук Вітушка меў зь дзяцінства. Але дадатковы штуршок гэты інтарэс атрымаў у сярэдзіне 1980-х гадоў, калі пачаліся зьмены і ў друку зьявілася больш гістарычных публікацыяў.

Пасьля вучобы ў прафэсійна-тэхнічнай вучэльні электронікі № 76 Сяржук Вітушка ўладкаваўся працаваць наладнікам на вытворчым аб’яднаньні «Інтэграл». Паводле ягоных успамінаў, гэта там ён далучыўся да нефармальнага гуртку беларускамоўнай моладзі, якая цікавілася беларускай гісторыяй і культурай. «Да іх чытаць лекцыі прыходзіў вядомы гісторык Генадзь Сагановіч. Думаю, гэта былі вельмі важныя для яго размовы і сустрэчы», — мяркуе ўдава актывіста.

Беларуская тэма, паводле спадарыні Людвікі, натхняла і творчасьць Сержука Вітушкі — прыкладам, як аўтара дзіцячых п’есаў для беларускай батлейкі.

Сяржук Вітушка (справа) адкрывае шэсьце на Гуканьне вясны. Канец 1980-х
Сяржук Вітушка (справа) адкрывае шэсьце на Гуканьне вясны. Канец 1980-х

4. Удзельнічаў у раскопках у Курапатах

Падчас студэнцтва Сяржук Вітушка ўдзельнічаў у навуковых экспэдыцыях, у раскопках гістарычных мясьцінаў. Сярод іншага, ён працаваў на раскопках у Мірскім замку. Таксама браў удзел у першых раскопках у Курапатах.

«Ведаю, што Зянон Пазьняк яго запрасіў у групу, якая праводзіла раскопкі ў Курапатах, яшчэ да зьяўленьня ў „ЛіМе“ артыкулу „Дарога на Курапаты“. Сяржук расказваў, што адчуваў вялікую адказнасьць, калі працаваў у Курапатах», — расказала Людвіка Кардзіс.

Таксама ўдава актывіста згадала, як у канцы 1990-х гадоў з ініцыятывы Сержука ў Курапатах паставілі вялікі крыж у памяць беларусаў-віленчукоў, якія загінулі ад сталінскіх рэпрэсіяў.

«Памятаю той вялікі крыж, які ў Курапаты прывезьлі беларусы зь Вільні. Яго ўсталявалі на ўзгорку, які завуць Галгофай, але ці ён захаваўся, ня ведаю», — сказала Людвіка Кардзіс.

Сяржук Вітушка на першым шэсьці і мітынгу ў Курапатах, 19 чэрвеня 1988 году
Сяржук Вітушка на першым шэсьці і мітынгу ў Курапатах, 19 чэрвеня 1988 году

5. Выклікалі на гутарку ў КДБ

Жонка Сержука Вітушкі мяркуе, што ягоная роля як старшыні «Талакі» яшчэ недастаткова ацэненая, між тым у канцы 1980-х гадоў ня толькі ў справе краязнаўства і адраджэньня беларускіх традыцыяў, па яе словах, «ён зрабіў вельмі шмат».

«Знаходзіў сілы і час езьдзіць па ўсёй краіне, шукаў і абзаводзіўся аднадумцамі. Нефармальныя моладзевыя арганізацыі зьявіліся ў Гомлі, Горадні, Баранавічах, у іншых месцах. У выніку такая актыўнасьць не магла не прыцягнуць увагі спэцслужбаў. Аднойчы яго выклікалі ў КГБ і правялі „прафіляктычную“ гутарку. Казалі, каб падумаў, маўляў, гэта ў некаторых талакоўцаў ёсьць уплывовыя бацькі, а „хто за цябе заступіцца?“

Але Сержука гэта не спалохала. Ён умеў з усімі, нават з кагэбістамі, пагаварыць гэтак, каб справе не нашкодзіць».

Сяржук Вітушка (справа) у судзе разам зь Юрыем Хадыкам і Зянонам Пазьняком. Архіўнае фота
Сяржук Вітушка (справа) у судзе разам зь Юрыем Хадыкам і Зянонам Пазьняком. Архіўнае фота

6. Пратэставаў супраць вайсковай базы ў Вялейцы

У канцы 1980-х гадоў актывісты «Талакі» ўсё больш актыўна ўдзельнічалі ў палітычных працэсах. У тым ліку пратэставалі супраць разьмяшчэньня ў Беларусі савецкіх вайсковых базаў. Людвіка Кардзіс згадала акцыю супраць вайсковай базы ў Вялейцы ў 1989 годзе.

«Зьбіраліся мы ў Вязынцы і адтуль ехалі да Вялейкі, а там у лесе паставілі некалькі намётаў. Адзін намёт, які пашылі дзяўчаты з „Талакі“, быў асабліва вялікім, мы яго называлі „палац рэспублікі“. Усяго сабраліся каля ста чалавек, ня толькі зь Менску, з розных гарадоў. У нас былі плякаты з тэкстам супраць гэтай базы. Памятаю, што зьявіліся міліцыянты, і Сяржук вёў зь імі перамовы», — згадала Людвіка Кардзіс.

Сяржук Вітушка (зьлева) і Сяржук Сокалаў-Воюш (у цэнтры) на Купальлі ў Заслаўі, 1989 год
Сяржук Вітушка (зьлева) і Сяржук Сокалаў-Воюш (у цэнтры) на Купальлі ў Заслаўі, 1989 год

7. На тэлевізію езьдзіў на службовай машыне

У 1992 годзе Сяржук зь Менску пераехаў жыць у Вільню да жонкі. Пэўны час Сяржук працаваў на прыватным канале «Baltijos TV», вёў ранішнюю беларускамоўную перадачу.

Людвіка Кардзіс згадвае, што праз гэтую працу ўсім даводзілася вельмі рана падымацца.

«У эфір ён выходзіў а сёмай, а яшчэ трэба ж было сабрацца, даехаць туды. Таму падымаўся недзе а пятай, па яго заяжджаў службовы аўтамабіль, які зьбіраў па горадзе журналістаў і вёз на працу. А я тады ўключала тэлевізар і глядзела яго на экране. Потым ён вяртаўся і, калі была магчымасьць, адсыпаўся. Або рабіў якія тэрміновыя справы, бо ён быў вельмі актыўны».

Сяржук Вітушка (крайні справа) на Літоўскай тэлевізіі. Побач зь ім Тацяна Сапач (Дубавец)
Сяржук Вітушка (крайні справа) на Літоўскай тэлевізіі. Побач зь ім Тацяна Сапач (Дубавец)

8. Дапамагаў адкрыцьцю беларускай школы ў Вільні

Сяржук Вітушка таксама ўдзельнічаў у перадачы «Віленскі сшытак», якую на Літоўскай тэлевізіі вяла Тацяна Сапач (Дубавец). Для гэтай перадачы Вітушка рыхтаваў сюжэты пра беларусаў-віленчукоў, у тым ліку пра выпускнікоў Віленскай беларускай гімназіі, якая працавала ў міжваенны час. Паводле Людвікі Кардзіс, уласьцівая Сержуку камунікабэльнасьць дапамагала яму хутка паразумецца з старымі віленчукамі і натхняцца новымі ідэямі.

«Вырашылі аднавіць у Вільні навучаньне па-беларуску. Але каб адкрыць хаця б адну клясу, патрэбныя былі заявы ад бацькоў. Тады ў мясцовым аддзеле адукацыі ўзялі сьпісы дзяцей, якія пойдуць у першую клясу, і ўсіх іх абыходзілі, агітавалі за беларускае навучаньне. Удалося. Цяпер гэта Беларуская гімназія імя Францішка Скарыны, і Сяржук у ёй таксама папрацаваў, выкладаў гісторыю».

Першыя вучні беларускай школы ў Вільні. Сяргей Дубавец падсаджвае вучня да памятнай табліцы ў гонар Ф. Скарыны, побач — Сяржук Вітушка і Людвіка Кардзіс. 1 верасьня 1992 году
Першыя вучні беларускай школы ў Вільні. Сяргей Дубавец падсаджвае вучня да памятнай табліцы ў гонар Ф. Скарыны, побач — Сяржук Вітушка і Людвіка Кардзіс. 1 верасьня 1992 году

9. Рэдагаваў краязнаўчую газэту

У Вільні Сяржук Вітушка цягам году выдаваў і сам рэдагаваў краязнаўчы штомесячнік «Вільня і край».

«Часы былі такія, што людзі вельмі ахвотна дапамагалі адзін аднаму. Прыкладам, калі ў Менску Сержуку за акцыю „Талакі“ прысудзілі штраф, дык усе сябры скінуліся грашыма і ўсё хутка аплацілі. Вось і з гэтым выданьнем, ужо ў незалежнай Літве, было прыкладна тое ж. Літоўскія сябры дапамаглі з памяшканьнем, зь іншымі неабходнымі рэчамі.

Сяржук працаваў як заўсёды самааддана. І вось аднойчы ён сустрэўся з старым беларусам зь вёскі Юшкі, што на Віленшчыне. Выявілася, бацька гэтага чалавека выпісваў яшчэ тую, старую „Нашу ніву“, у іх у доме захаваліся асобнікі той газэты. Сяржук зрабіў пра таго чалавека адмысловую тэлеперадачу і быў вельмі задаволены, што пазнаёміўся зь сьведкам даўняй беларускай гісторыі».

Сяржук Вітушка выступае на мітынгу ў Менску. Талакоўскія часы
Сяржук Вітушка выступае на мітынгу ў Менску. Талакоўскія часы

10. Праводзіў экскурсіі па Вільні для сьляпых

Апошнія гады жыцьця для Сержука Вітушкі былі вельмі складанымі, бо ён траціў зрок, ужо ня мог працаваць і па Вільні перасоўваўся з кійком. Але знаходзіў сілы, каб ладзіць экскурсіі. Удзельнікамі такіх экскурсіяў былі ня толькі турысты зь Беларусі, але і тутэйшыя жыхары.

«Таксама праводзіў экскурсіі для такіх, як ён, літоўцаў, якія дрэнна бачаць альбо амаль ня бачаць. Ён зрабіў маршрут гэтак, каб падыходзіць да мосту каля Арсэналу, дзе на агароджы захавалася мэталічная Пагоня. Падводзіў туды экскурсію, і людзі маглі памацаць Пагоню рукамі, пераканацца, што яна на месцы. Казаў, што гэта яго таксама вельмі натхняла», — расказала Людвіка Кардзіс.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG