Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вучыўся на ксяндза, працаваў на фуры, адкрыў гостэл для ўцекачоў. Гісторыя Андрэя Васоры


Андрэй Васора, архіўнае фота
Андрэй Васора, архіўнае фота

Беларускі палітуцякач трагічна загінуў у Беластоку ад атрыманай у канцы 2024 году траўмы. Яго знаёмыя расказалі Свабодзе, якім Андрэй Васора быў чалавекам і якія добрыя справы рабіў.

Ураджэнец Ліды Андрэй Васора памёр у Беластоку 20 студзеня. Ён пакінуў Беларусь пасьля жорсткага затрыманьня. На новым месцы адкрыў гостэл, дзе бясплатна прымаў каліноўцаў і палітычных уцекачоў. Пасьля няшчаснага выпадку памёр у Беластоку ва ўзросьце 47 гадоў.

Быў у рыцарскім клюбе, гатаваў тартар

«Ягоныя бацькі былі простыя людзі, шчырыя вернікі. Дзядзька — ксёндз. Два браты яшчэ ёсьць. Гэта вядомая сям’я ў Лідзе. Іх ведаюць як палякаў, бо яны падтрымлівалі польскую культуру, традыцыі. Проста свабодныя людзі. Ён вырас у вольнай сям’і, дзе чалавек шукаў іншых каштоўнасьцяў, ішоў на захад», — расказала ў размове са Свабодай знаёмая Андрэя Васоры зь Ліды Ірэна (поўнага імя не называем зь меркаваньняў бясьпекі. — РС).

Яна дадала, што Андрэй Васора быў харцэрам. Харцэрства — частка скаўцкага руху, якая ўзьнікла ў Польшчы ў ХІХ стагодзьдзі. Грунтуецца на служэньні, самаўдасканаленьні, працы над сабой і братэрстве. У больш сталым узросьце Васора таксама быў сябрам рыцарскага клюбу ў Лідзе.

«Вельмі любіў гатаваць. Такія сталы ўмеў накрыць! Заўсёды было смачна, прыгожа. Добра гатаваў тартар, розную бульбачку, шашлык. Мы часта прыяжджалі да яго, сядзелі», — расказвае Ірэна.

Вучыўся на ксяндза

Андрэй Васора некалькі гадоў вучыўся ў Горадзенскай духоўнай сэмінарыі, зьбіраўся стаць ксяндзом. Але зразумеў, што гэта не ягоны шлях, выйшаў з сэмінарыі, стварыў сям’ю. Чалавек, які камунікаваў з Андрэем Васорам, калі той вучыўся ў сэмінарыі, на ўмовах ананімнасьці расказаў, якім ён быў у той пэрыяд.

«Пакінуў яркія ўспаміны пра сябе як жыцьцярадасны, вясёлы, актыўны малады чалавек. Думаю, што часам ён быў, можа быць, і празьмерна вясёлым. Ён ня быў заўважаны як той, хто здольны зрабіць нейкае сьвінства. Быў сапраўдным чалавекам. Ёсьць людзі штучныя, што начапілі на сябе маску, якія хочуць выглядаць у вачах іншых больш правільнымі, набожнымі, сьвятымі. Ён ня быў такім», — кажа суразмоўца.

Ён адзначае, што Андрэй ня здолеў прайсьці праз усе рамкі сэмінарыйнага, фармацыйнага жыцьця.

«Тапталіся па нырках»

У 2021 годзе Андрэя Васору жорстка затрымалі ў ягоным прыватным доме ў Лідзе. Захавалася відэа, дзе некалькі сілавікоў у рыштунку забягаюць да яго ў дом, кладуць гаспадара тварам у падлогу і чыняць допыт.

Ірэна адзначыла, што Васора ніколі ня ўтойваў сваёй грамадзкай пазыцыі «і гаварыў, і выходзіў». Ён сам расказваў жанчыне пра сваё затрыманьне.

«Кажа: „Ведаеш, я заўважыў, што ўжо акружылі дом. Я тады схадзіў у прыбіральню. Бо для іх галоўнае, каб стаць на ныркі, каб усц**ся хлопец, у штаны нарабіў. Яны мне тапталіся па нырках і казалі, не даецца ніяк“. Ён не абсікаўся. Я гэта ад яго даведалася. Я ж ня ведала, што так можа быць», — расказвае Ірэна.

Яшчэ адзін знаёмы Андрэя расказвае, што Васора любіў сваю Бацькаўшчыну Беларусь.

«Ён быў здольны вырвацца з польскага горадзенскага і савецкага бэкграўнду. Яго „круціла“ ад двудушнасьці некаторых сьвятароў, як яны мяняюць Эвангельле на палітычную дзейнасьць, выступаюць на баку рэжыму. Вельмі нэгатыўна выказваўся пра палякаў, якім наяўнасьць „карты паляка“ не перашкаджала браць удзел у зьнішчэньні польскіх могілак у Беларусі на загад рэжыму», — успамінае знаёмы.

Прымаў каліноўцаў і ўцекачоў

Калі Андрэя Васору выпусьцілі з-за кратаў, лідчук зьехаў у Польшчу. Спачатку ў Востраў Мазавецкі пад Варшавай, а потым у Беласток. Ягоная жонка і непаўналетні сын засталіся ў Беларусі.

«Вельмі сумаваў па сям’і, па сыну. Ён увесь час плакаў ад гэтага», — успамінае Ірэна.

Падчас жыцьця ў Беларусі Андрэй Васора працаваў дальнабойнікам. У Беластоку адкрыў гостэл «Сава». Знаёмыя расказваюць, што ён прымаў там бясплатна былых каліноўцаў, уцекачоў зь Беларусі, дапамагаў людзям у патрэбе. Апошнія месяцы перад сьмерцю ў гостэле Васоры жыў невылечна хворы журналіст Вадзім Доўнар.

«Паўсюль стараўся дапамагаць, быў вельмі ахвярным чалавекам, вельмі файным. Бясплатна пускаў, калі каму трэба было. Ён казаў: „Мы маем быць салідарныя, дапамагаць адно аднаму“», — успамінае Ірэна.

Знаёмы Васоры ўспамінае, што той езьдзіў на мітынгі салідарнасьці беларусаў у Варшаву. Апошні раз — летась на Дзень Волі.

«Марыў пра тое, каб паехаць у Беларусь. Яму гэтая несправядлівасьць балела», — кажа суразмоўца.

Пахаваюць побач з бацькам

Летась перад каталіцкімі Калядамі Андрэй Васора падчас няшчаснага выпадку атрымаў траўму і празь нейкі час упаў у кому. Ён правёў у рэанімацыі 25 дзён, пасьля чаго памёр 20 студзеня.

Разьвіталіся з Андрэем Васорам 25 студзеня ў Беластоку ў касьцёле, дзе ён калісьці праходзіў практыку, калі вучыўся на сьвятара, расказала Ірэна. Цела пасьля крэмацыі плянуюць прывезьці ў Беларусь і пахаваць у Лідзе каля ягонага бацькі. Цяпер афармляюць неабходныя для гэтага паперы.

BySol адкрыў збор, каб аплаціць лячэньне і пахаваньне Васоры. Паводле папярэдніх разьлікаў, на гэта патрэбна 7 тысяч эўра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG