Нараджэньне ў музэі Багдановіча
26 красавіка 1996 году ў Менску праходзіў Чарнобыльскі шлях, на які выйшлі, паводле розных ацэнак, ад 30 да 60 тысяч чалавек. У раёне плошчы Якуба Коласа, насупраць крамы «Лянок», адбылася сур’ёзная правакацыя: шлях калёне перагарадзілі некалькі міліцэйскіх аўтамабіляў. Дэманстранты іх перакулілі, пабіўшы шыбы і люстэркі.
Тады затрымалі больш за дзьве сотні чалавек, завялі дзясяткі крымінальных справаў. Многія грамадзкія актывісты, а таксама ўсе кіраўнікі Беларускага Народнага Фронту апынуліся ў СІЗА.
Група на чале з Алесем Бяляцкім, тагачасным дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча, пачала зьбіраць інфармацыю аб затрыманых. «Хроніка затрыманьняў у 1996 годзе» потым выйшла асобнай кнігай, якая так і называлася — «Вясна-96».
Як прызнаваўся Алесь Бяляцкі у інтэрв’ю Свабодзе, спачатку ён думаў, што гэта часовая ініцыятыва.
«Тады, у 1996 годзе, ніхто ня верыў, што той рэжым здушэньня грамадзянскіх свабодаў, дэмакратыі замацуецца на такі доўгі тэрмін. Мы меркавалі, што гэта часовая праца, год-два нам трэба будзе ёю займацца. Але жыцьцё склалася так, што гэта стала асноўнай справай для дзясяткаў беларускіх праваабаронцаў», — расказваў Бяляцкі.
З 29 гадоў дзейнасьці — 4 гады легальнай працы
У 1998 годзе Алесю Бяляцкаму давялося выбіраць: або заставацца працаваць дырэктарам музэю Багдановіча, або цалкам займацца праваабарончай дзейнасьцю. Ён выбраў другое. Разам зь Бяляцкім з музэю пайшлі Алена Лапцёнак, Тацяна Равяка, Паліна Сьцепаненка. Да іх далучыліся юрысты — Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч.
15 чэрвеня 1999 году ў Міністэрстве юстыцыі было зарэгістраванае грамадзкае аб’яднаньне «Праваабарончы цэнтар „Вясна“». Філіі яго зьявіліся ўва ўсіх абласных цэнтрах і іншых буйных гарадах — Баранавічах, Бабруйску, Мазыры, Воршы. У 2003 годзе рэгістрацыю «Вясны» скасавалі, у офісах праваабарончага цэнтру прайшлі ператрусы, канфіскоўвалі аргтэхніку, актывістаў ня раз затрымлівалі, саджалі на «суткі».
Вельмі драматычнымі для «Вясны» былі канец 2010-га і 2011 год. На наступны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў дзень у офісе адбыліся ператрусы, сканфіскавалі кампутары і тэхніку. За «Плошчу» былі затрыманыя дзясяткі чалавек, прычым ня толькі лідэры апазыцыйных партыяў і грамадзкія актывісты, а і шмат студэнтаў, рабочых, далёкіх ад палітыкі, якім патрэбная была дапамога.
«Вясна» адразу ж пачала складаць сьпісы затрыманых, шукаць сваякоў, якія былі разгубленыя, ня ведалі, што рабіць. Юрысты кансультавалі родных, дапамагалі шукаць адвакатаў і грошы, каб аплаціць іх працу. Валянтэры зьбіралі харчовыя перадачы і перадавалі ў пастарункі і ў ізалятары.
Улады не даравалі «Вясьне» такой актыўнасьці. У жніўні 2011 году на кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага завялі крымінальную справу, а пасьля асудзілі на 4,5 году калёніі (паводле ч. 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу — «ухіленьне ад сплаты падаткаў» з прычыненьнем шкоды «ў асабліва буйным памеры»). Ён мусіў сплаціць дзяржаве 721 мільён тагачасных рублёў стратаў і 36 мільёнаў судовых выдаткаў (каля 250 тысяч даляраў па тагачасным курсе — РС).
Нягледзячы на тое, што неабыякавыя людзі вельмі хутка сабралі сродкі і кампэнсавалі страты, Бяляцкі адседзеў у бабруйскай калёніі амаль 3 гады.
Пагрозы бясьпецы
«Вясна» працягвала працу і падчас падзеяў жніўня 2020 году. 17 верасьня была затрыманая кіраўніца валянтэрскай службы «Вясны» 25-гадовая Марфа Рабкова. Ёй інкрымінавалі 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у справе было 160 тамоў. 6 верасьня 2022 году судзьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Хрыпач вынес Марфе прысуд — 15 гадоў пазбаўленьня волі. Потым Вярхоўны суд на 3 месяцы скараціў тэрмін.
2 кастрычніка 2020 году быў затрыманы валянтэр Андрэй Чапюк. Ён атрымаў 5 гадоў і 9 месяцаў і толькі тыдзень таму выйшаў на волю.
На пачатку студзеня 2021 году затрымалі гомельскіх праваабаронцаў Леаніда Судаленку і Тацяну Ласіцу. Судаленка адседзеў 3 гады ў «Віцьбе» і выйшаў на волю. Праз 2 тыдні вымушаны быў зьехаць зь Беларусі. Пазьней на праваабаронцу завялі новыя крымінальныя справы і завочна асудзілі яшчэ на 5 гадоў.
Летам 2021 году ўлады Беларусі праводзілі «зачыстку» ўсяго грамадзкага сэктару, недзяржаўных арганізацыяў. 14 ліпеня 2021 году амаль адначасова затрымалі практычна ўсіх сяброў праваабарончага цэнтру «Вясна», якія на той час заставаліся ў Беларусі. Былі допыты, ператрусы, апавядае праваабаронца Натальля Сацункевіч.
«Вядома, гэта было вельмі страшна і складана — затрыманьне Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзя Лабковіча, бо гэта такія „стаўпы“ арганізацыі, на якіх шмат што трымалася (у іх быў досьвед, веды, аўтарытэт, выбітныя асабістыя якасьці). Гэта быў удар па ўсёй „Вясьне“. Нагадаю, што тады разам зь Бяляцкім, Стэфановічам, Лабковічам затрымалі Андрэя Палуду, Алену Лапцёнак, Сяргея Сыса, Яўгенію Бабаеву, Ніну Лабковіч — была масавая атака. Большасьць зь іх выйшла праз 3 дні. Але на той момант гэта выглядала сапраўды як катастрофа!
Мы вельмі ганарымся, што нам удалося захаваць працу арганізацыі, а таксама пашырыць і палепшыць яе, каб адпавядаць тым выклікам, зь якімі мы сутыкаемся. У нас не было ніводнага выпадку, калі людзі сыходзілі з арганізацыі праз пагрозу бясьпецы», — з гонарам канстатуе праваабаронца Натальля Сацункевіч.
Кіраўнікоў «Вясны» асудзілі на вялікія тэрміны: Алесь Бяляцкі атрымаў 10 гадоў зьняволеньня, Валянцін Стэфановіч — 9, Уладзімер Лабковіч — 7.
Нобэлеўская прэмія міру
За 25 гадоў сваёй дзейнасьці Алесь Бяляцкі быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: у 2006 годзе — швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава Нарвэскага Хэльсынскага камітэту, прэміяй Homo Homіnі, якую яму ўручаў Вацлаў Гавэл. У 2011 годзе — дыплёмам «За мужнасьць і барацьбу за свабоду», прэміяй «Найлепшы праваабаронца году», прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», у 2012 годзе — прэміяй Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, у 2013 годзе — прэміяй Вацлава Гаўла ад Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, у 2019 годзе — прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону», а ў 2020 годзе — прэміяй «За годны лад жыцьця» і прэміяй імя Сахарава ад Эўрапарлямэнту. Пяць разоў Бяляцкага вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру.
У 2022 годзе Алесь Бяляцкі быў узнагароджаны Нобэлеўскай прэміяй міру (разам з расейскім «Мэмарыялам» і ўкраінскім «Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў»).
Чатыры кіраўнікі за кратамі
Кіраўнік «Вясны» і Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі, ягоны намесьнік і віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімер Лабковіч і каардынатарка валянтэрскай службы Марфа Рабкова атрымалі тэрміны ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня.
«На жаль, апошнім часам мы маем зусім няшмат навінаў ад калегаў і ня ведаем, у якім стане яны цяпер знаходзяцца. Яшчэ з часоў СІЗА вядома пра пагаршэньне іх здароўя: у Марфы Рабковай крышыліся зубы, былі праблемы зь лімфавузламі і шчытавіцай, ва Ўладзя Лабковіча і Алеся Бяляцкага моцна сапсаваўся зрок. І не выпадае спадзявацца, што гэтыя праблемы былі вырашаныя, улічваючы нізкі ўзровень турэмнай мэдыцыны, дрэннае харчаваньне, цяжкія ўмовы працы ў калёніях.
Нашы калегі могуць падтрымліваць сувязь толькі з блізкімі, бо ўлады жорстка і незаконна абмяжоўваюць кантактаваньне іх з навакольным сьветам. Але мы верым, што нягледзячы на ўсе складанасьці, яны годна і непахісна трымаюцца сваіх каштоўнасьцяў, ведаюць, што яны не забытыя. Менавіта таму нам важна працягваць гаварыць пра нашых калегаў, апавядаць іхныя гісторыі і патрабаваць неадкладнага іх вызваленьня», — перакананая праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка.
Праца ў эміграцыі
Нягледзячы на рэпрэсіі, «Вясна» працягвае працу ў новых умовах, у эміграцыі, у тым ліку праз сайт spring96.org, дзе публікуе сьпісы палітвязьняў, аналітыку, навіны аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Натальля Сацункевіч адзначае, што за апошнія 5 гадоў умовы працы праваабаронцаў значна зьмяніліся. Пачынаючы з студзеня 2021 году, калі затрымалі гомельскіх праваабаронцаў, офісы «Вясны» зачыніліся, частка супрацоўнікаў мусіла зьехаць і працаваць не ў Беларусі, каб мець дастаткова гнуткую структуру арганізацыі.
«Цяпер у Беларусі немагчыма весьці праваабарончую дзейнасьць, адкрыта назіраць за судамі ці выбарамі, арганізоўваць мірныя сходы або адукацыйныя мерапрыемствы на тэмы правоў чалавека.
Але мы бачым вялікую колькасьць запытаў, якія прыходзяць да нас ад беларусаў, і агулам сытуацыя з правамі чалавека катастрафічная. Таму мы ня можам спыніцца, вымушаны працаваць, і маем жаданьне і імпэт, каб людзям дапамагаць», — расказвае Сацункевіч.
Прававаабаронцы Вясны дагэтуль сутыкаюцца з рэпрэсіямі, шмат хто ў вышуку (і ў беларускай, і ў расейскай базах), да сваякоў пастаянна прыходзяць сілавікі зь ператрусамі, працягвае яна.
«Рэжым працягвае сачыць за дзейнасьцю і рэагаваць на нашу актыўнасьць. Вядома, яму не падабаецца крытыка, апублічваньне ўсіх ягоных злачынстваў. Але нейкім цудоўным чынам каманда „Вясны“ ўсе 29 гадоў фармуецца з сапраўды ўнікальных, выбітных людзей, якія бачаць сваю місію. Зараз у нас такая сытуацыя, што частка людзей працуе публічна, частка непублічна праз пагрозы бясьпецы. Гэта патрабаваньне часу», — тлумачыць праваабаронца Натальля Сацункевіч.
Усе 29 гадоў свайго існаваньня «Вясна» дапамагала тысячам беларусаў. Зараз праваабаронцы самі просяць аб дапамозе, на працяг дзейнасьці арганізацыі неабходныя сродкі.
Форум