Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэр «Вясны» Чапюк выйшаў на волю пасьля адбыцьця тэрміну, за кратамі застаюцца яшчэ 4 вясноўцы


Андрэй Чапюк, архіўнае фота
Андрэй Чапюк, архіўнае фота

Палітзьняволены Андрэй Чапюк скончыў адбываць свой тэрмін, але на волю яго вывезьлі не адразу, а правялі дадатковы допыт.

Андрэя Чапюка па абедзе 18 красавіка вывелі з калёніі ў кайданках, такое відэа апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Чапюка не аддалі адразу родным, якія чакалі яго каля калёніі, сілавікі пасадзілі яго ў кайданках у машыну. З калёніі яго павезьлі даваць паказаньні, паведамілі пазьней праўладныя тэлеграм-каналы.

Хто менавіта выводзіў Чапюка і куды яго вазілі — невядома.

Але позна 18 красавіка стала вядома, што ў той жа вечар яго адпусьцілі. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі ў «Вясьне».

«Выклікае аблягчэньне, што палітвязень Андрэй Чапюк нарэшце на волі і ўзьяднаўся з сям’ёй», — такім чынам Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала 19 красавіка на навіну аб вызваленьні валянтэра праваабарончага цэнтра «Вясна».

«Валянтэр „Вясны“ цалкам адбыў свой несправядлівы тэрмін. Нават у дзень вызваленьня яго закавалі ў кайданкі і павезьлі на допыт, перш чым канчаткова адпусьціць», — адзначыла Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

У верасьні 2022 году Андрэю Чапюку прысудзілі 6 гадоў калёніі. Пазьней Вярхоўны суд скараціў тэрмін на тры месяцы — да 5 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня. За кратамі Чапюк правёў больш за 4,5 года.

За кратамі застаюцца чатыры прадстаўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна»: ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Марфа Рабкова.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.


Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў). Выйшаў на волю 18 красавіка 2025 году.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG