Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Алеся Бяляцкага з турмы зрэдку прыходзяць паштоўкі з кароткім тэкстам: «У мяне ўсё па-старому»


Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Тэлеканал «Настоящее время» расказаў пра заснавальніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, пра тое, за што ён змагаецца і як адбывае палітычна матававаны вырак у беларускай турме.

Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі, вядомы беларускі праваабаронца, адбывае другі палітычна матываваны тэрмін у папраўчай калёніі № 9 у горадзе Горкі Магілёўскай вобласьці.

У 2022 годзе, быўшы ў зьняволеньні, ён разам з калегамі з Украіны і Расеі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. 10 сьнежня таго ж году на цырымоніі ўручэньня ўзнагароды ў Осла самога Бяляцкага не было — ён сядзеў у сьледчым ізалятары ў чаканьні выраку, успамінае гісторыю палітвязьня тэлеканал «Настоящее время».

Замест Бяляцкага прэмію атрымала ягоная жонка Натальля Пінчук. Яна ня бачыла мужа ўжо некалькі гадоў і толькі зрэдку атрымлівае ад яго паштоўкі. Апошнюю атрымала восеньню 2024 году.

«Ад яго прыйшла паштоўка з кароткім тэкстам: „У мяне ўсё па-старому“. Па сутнасьці, гэты тэкст ва ўсіх паштоўках, якія вельмі рэдка прыходзяць мне. Гэтая ішла каля месяца, бо датаваная лістападам», — расказвае Пінчук.

У сакавіку 2023 году Алеся Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі, абвінаваціўшы ў фінансаваньні пратэстаў 2020 году і кантрабандзе грошай. Сам ён не прызнаў віны, назваўшы абвінавачаньні палітычна матываванымі.

Яго перасьлед стаў часткай маштабнага задушэньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, кажа журналіст і біёграф Бяляцкага Валер Каліноўскі, аўтар кнігі «Справа Бяляцкага».

«Я заняўся тэмай Бяляцкага пасьля пераломнага 2010 году, калі ў краіне ўжо зацьвердзіўся аўтарытарны рэжым. Масавыя пратэсты, рэпрэсіі — усё гэта зрабіла ягоную працу яшчэ больш значнай. Я быў захоплены тым, як працуе праваабарончы цэнтар „Вясна“, створаны Бяляцкім. Яго дзейнасьць мела вялікае значэньне для беларускага грамадзтва».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» Алесь Бяляцкі заснаваў у сярэдзіне 1990-х гадоў, яшчэ працуючы дырэктарам музэю Максіма Багдановіча ў Менску. З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі пачаўся перасьлед іншадумцаў, паўстала патрэбу абараняць іхныя правы.

У 1996 годзе, у час масавых арыштаў удзельнікаў пратэстаў, што атрымалі назву «Менская вясна», музэй, якім кіраваў Бяляцкі, стаў цэнтрам дапамогі палітвязьням.

«Тады ўпершыню здарыліся масавыя арышты, — расказвае Валер Каліноўскі. — Менавіта ягоны музэй стаў месцам, дзе дапамагалі затрыманым і пабітым. Ён увайшоў у праваабарончую дзейнасьць яшчэ быўшы дырэктарам музэю, але затым цалкам прысьвяціў сябе гэтай місіі».

«Алесь — шчыры і прыстойны чалавек. Гэта адбіваецца на яго манэры зносінаў і на людзях, якія яго атачаюць. Акрамя таго, ён шчыры патрыёт Беларусі. Ён быў сярод тых, хто будаваў краіну як незалежную дзяржаву», — успамінае Павал Сапелка, праваабаронца цэнтру «Вясна».

У 2003 годзе рэжым Лукашэнкі пазбавіў «Вясну» рэгістрацыі. Але дзякуючы імпэту Бяляцкага арганізацыя працягнула сваю працу.

«Маштабы іх дзейнасьці ня зьменшыліся, — адзначае Валер Каліноўскі. — Адбывалася эвалюцыя праваабарончага руху на фоне дэградацыі палітычнай сыстэмы Беларусі».

У 2020 годзе ў Беларусі адбыліся масавыя пратэсты супраць дыктатуры. Улетку 2021 году ўлады арыштавалі самога Алеся Бяляцкага. У ягоным доме і офісе прайшлі ператрусы.

«Я гаварыла зь ім аб тым, што, можа, варта было б пакінуць краіну і захаваць свабоду, — успамінае Натальля Пінчук. — Але ён дакладна адказаў, што гэтага зрабіць ня можа. Ужо тады яго калегі зь „Вясны“ былі ў зьняволеньні, і ён адчуваў адказнасьць за іх».

Павал Сапелка пацьвярджае:

«Застацца ў Беларусі — гэта было сьвядомае рашэньне Алеся. Ён заўсёды казаў, што падзеліць лёс беларускага народу. Гэта ягоная высокая місія як праваабаронца».

Сёньня, пакуль у Беларусі за кратамі, паводле самой «Вясны», 1223 палітвязьні, у тым ліку найбліжэйшыя паплечнікі Алеся Бяляцкага Валянцін Стэфановіч і Ўладзь Лабковіч, праваабарончы цэнтар працягвае працу за мяжою. Ягоныя супрацоўнікі фіксуюць парушэньні правоў чалавека, Канстытуцыі краіны і іншых законаў.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG