Паводле беларускага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які ўдзельнічаў у сустрэчы, гаворка ішла пра лёсы беларускіх палітзьняволеных, сярод іншых праваабаронцы надалі ўвагу свайму калегу, старшыню «Вясны», ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Беляцкаму, якога чацьвёрты год трымаюць за кратамі ў беларускай вязьніцы.
Праваабаронцы выказалі амэрыканскаму боку просьбу спрыяць у вызваленьні Алеся Бяляцкага. Яны мяркуюць, што дзеля гэтага можна было б, напрыклад, выкарыстаць абмен вязьнямі паміж ЗША і Расеяй.
«Наш калега Алесь Бяляцкі за кратамі з чэрвеня 2021 году. Паводле прысуду на волю яму выходзіць ажно ў 2031 годзе, але вядома, што ў яго пагаршаецца стан здароўя. Алеся Бяляцкага трымаюць у калёніі з жорсткімі ўмовамі, гэта калёнія ў Горках. У свае 62 гады Бяляцкі мусіць працаваць на вытворчасьці, і мы вельмі занепакоеныя, ці ў яго хопіць сілаў далей пратрымацца.
Апошнім часам зьявіліся зьвесткі, што магчымы новы абмен вязьнямі паміж ЗША і Расеяй, падобны на той, што адбыўся летась, у пачатку жніўня. Пра гэта ўжо паведамляюць мэдыя Нямеччыны. Таму мы і прасілі, калі такі абмен сапраўды рыхтуецца, каб улады ЗША ўключылі ў сьпіс на абмен нашага калегу, нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага», — расказаў Свабодзе Леанід Судаленка.
Паводле Леаніда Судаленкі, у размове зь Пітэрам Каўфманам таксама згадвалася інтэрвію намесьніка міністра МЗС Расеі Рабкова амэрыканскаму тэлеканалу NBC, у якім расейскі дыплямат не выключаў такога абмену вязьнямі.
Часовы павераны Пітэр Каўфман і ягоныя калегі сказалі, што ўважліва вывучаць просьбу і перададуць яе для разгляду, паведаміў Леанід Судаленка.
Старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага затрымалі ў ліпені 2021 году і ў 2023 годзе асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня. Разам з Алесем Бяляцкім судзілі ягоных калегаў Валянціна Стэфановіча, які атрымаў 9 гадоў зьняволеньня, і Ўладзімера Лабковіча (асуджаны на 7 гадоў калёніі).
Усяго ў Беларусі больш за 1300 палітычных зьняволеных.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
Форум