Заяву аб зьнікненьні сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай у польскую паліцыю падаў старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка. Гэта адбылося 25 сакавіка. Паводле інфармацыі Свабоды, на сувязь Мельнікава перастала выходзіць яшчэ 21 сакавіка. Публічнай інфармацыя аб яе зьнікненьні стала праз тры дні пасьля падачы заявы. З таго часу стала вядома, што былы муж Анжалікі разам зь іх супольнымі дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі, з фонду, якім кіравала Мельнікава, маглі быць зьнятыя прызначаныя Каардынацыйнай радзе і «Кібэрпартызанам» грошы, а сама Анжаліка выехала з Польшчы яшчэ ў канцы лютага.
24 красавіка офіс Паўла Латушкі распаўсюдзіў чарговыя навіны, атрыманыя ад польскіх праваахоўнікаў. Паводле гэтага паведамленьня, Люблінскі аддзел дэпартамэнту барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы распачаў сьледзтва ў справе пазбаўленьня свабоды ў дачыненьні да Анжалікі Мельнікавай. Больш падрабязнай інфармацыі польскія праваахоўнікі не даюць.
10 тысяч эўра за інфармацыю
Кіраўнік ініцыятывы ByHelp Аляксей Лявончык — адзін з тых, хто актыўна працягвае шукаць Анжаліку Мельнікаву. Ён абвесьціў збор сродкаў на грашовую ўзнагароду для таго, хто зможа даць дакладную інфармацыю аб лёсе Мельнікавай пасьля 25 сакавіка, зьвяртаўся з заявай аб яе зьнікненьні ў брытанскія праваахоўныя органы.
«Мы па-ранейшаму ведаем толькі, што яна прыляцела ў Лёндан і вылецела зь Лёндану, — у размове з Свабодай кажа Аляксей Лявончык. — У адну з трэціх краінаў. У такую, куды беларусы звычайна накіроўваюцца, калі лятуць з трэціх краінаў. Пакуль толькі так магу сказаць, вы самі можаце здагадацца, пра што ідзе гаворка. Пакуль я не магу сказаць больш, працягваюцца спробы высьветліць, куды Анжаліка магла паляцець далей».
З словаў Аляксея Лявончыка, асноўнай крыніцай інфармацыі пра лёс Мельнікавай становяцца здабытыя журналістамі і актывістамі навіны. Ён лічыць, што зьвесткі, атрыманыя на гэты момант, сьведчаць аб прымусовым характары зьнікненьня сьпікеркі Каардынацыйнай рады.
«Гэта або выкраданьне, або прымус, — кажа Аляксей Лявончык. — Я маю тэорыю таго, як усё адбывалася, але пакуль яна таксама больш спэкулятыўнага кшталту. Спадзяюся, што калі мы запусьцім у панядзелак нашую грашовую прэмію для таго, хто можа расказаць пра лёс Мельнікавай больш, такі чалавек зьявіцца. Альбо людзі, якія захочуць пагаварыць. Пакуль да нас ніхто канкрэтна не зьвяртаўся. Былі рандомныя прапановы, хтосьці прыходзіў у Тэлеграм з інфармацыяй. Прасілі зьвярнуць увагу на пэўных людзей, але калі я прасіў больш канкрэтна выказацца, то гэтыя людзі зьнікалі. Пакуль, на жаль, мы маем толькі сьляпыя канцы».
З словаў Лявончыка, інфармацыі аб магчымым знаходжаньні ці перамяшчэньнях Мельнікавай у Брытаніі ад мясцовых праваахоўнікаў няма. Аляксей разьлічвае, што 10 тысяч эўра за зьвесткі аб сьпікерцы Кардынацыйнай рады будуць сабраныя да панядзелка 28 красавіка, тады ж іх змогуць публічна прапанаваць інфарматарам.
«На жаль, нас пакуль не апытвалі»
Свае пошукі працягваюць і ў «Народным антыкрызісным упраўленьні», адкуль Анжаліка Мельнікава прыйшла ў Каардынацыйную раду. Кіраўнік НАУ Павал Латушка піша звароты ў польскія праваахоўныя органы, апошні на гэты момант адказ адтуль прыйшоў 24 красавіка.
«Мы ведаем, што расьсьледаваньне перададзенае пад нагляд Нацыянальнай пракуратуры Польшчы, ім займаецца дэпартамэнт барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю ў Любліне, — расказвае ў размове з Свабодай Павал Латушка. — Я зьвяртаўся да генэральнага пракурора Польшчы Адама Боднара з адмысловым лістом, дзе прасіў, каб пракуратура прыняла нагляд за гэтай справай. Магчыма, мой зварот таксама адыграў сваю ролю».
З словаў Латушкі, справаю Мельнікавай заняўся люблінскі дэпартамэнт, бо практыка перадачы справаў у рэгіянальныя цэнтры характэрная для Польшчы. У прыватнасьці, справай аб падбухторваньні да забойства самога Паўла Латушкі на заданьне замежных спэцслужбаў займаецца дэпартамэнт нацыянальнай пракуратуры Польшчы, разьмешчаны ў Лодзі. Прычынай перадачы справы Мельнікавай у Люблін можа быць нагрузка на Варшаўскі аддзел Нацыянальнай пракуратуры ці тое, што зьвязаныя зь беларускім кантэкстам справы часта перадаюць акурат у гэтае рэгіянальнае аддзяленьне.
«Праз тыдзень пасьля таго, як я даў паказаньні аб зьнікненьні Анжалікі Мельнікавай у камэндатуры сталічнай (варшаўскай. — РС) паліцыі, я накіраваў раённаму пракурору Варшавы афіцыйны ліст з прапановай дапытаць дадатковых сьведкаў, — гаворыць Павал Латушка. — Справай Анжалікі тады займаўся аддзел барацьбы з тэрарызмам і забойствамі паліцыі Варшавы. У лісьце мы пазначылі імёны і прозьвішчы асобаў, якія могуць даць паказаньні. На жаль, на сёньня нас пакуль не апытвалі, такіх дзеяньняў з боку польскай пракуратуры не было».
Пісьмовыя пацьверджаньні атрыманьня пагрозаў
З словаў Паўла Латушкі, ён зьбіраецца дадаткова зьвярнуцца ў польскія праваахоўныя органы з просьбай даць магчымую інфармацыю аб сьледзтве. Прычынай гэтага сталі дзеяньні ўладаў Беларусі, пагрозы ў адрас сяброў Каардынацыйнай рады і яе сьпікеркі Анжалікі Мельнікавай у прыватнасьці.
«Нам удалося знайсьці пісьмовыя пацьверджаньні таго, што ў адрас Анжалікі Мельнікавай паступалі пагрозы, — кажа кіраўнік НАУ. — Пагрозы рэпрэсіўных дзеяньняў. У красавіку 2024 году яна атрымала шэраг пагрозаў ад спэцслужбаў у мэсэнджары (частка перапіскі ёсьць у рэдакцыі. — РС). У нас у камандзе ёсьць правіла адразу інфармаваць аб такіх выпадках. Мы можам адзначыць шантаж у адрас Анжалікі Мельнікавай з выкарыстаньнем пагрозаў у адносінах яе да блізкіх і родных. Яна не ўступіла ў перапіску, проста ў той час паінфармавала нас аб гэтым».
Павал Латушка таксама гаворыць, што яго каманда пасьля 25 сакавіка спрабавала зьвязацца з роднымі Анжалікі Мельнікавай праз сацыяльныя сеткі, аднак гэта ня мела выніку. Ніхто зь сяброў Мельнікавай або яе блізкіх самастойна з камандай Паўла Латушкі ці зь ім асабіста не кантактаваў.
«Мы стварылі ў Народным антыкрызісным упраўленьні адмысловую групу, якая займаецца пошукамі Анжалікі, — дадае Павал Латушка. — Штодня аналізуем інфармацыю, якая зьяўляецца. Вядома, мы шукаем яе. З улікам нашых абмежаваных магчымасьцяў. Мы ня можам праводзіць сьледчых дзеяньняў на тэрыторыі Польшчы альбо трэціх краінаў. Тым больш у Беларусі, якую кантралюе рэжым Лукашэнкі. Але некалькі чалавек у нас пастаянна працуюць над гэтым».
Што да вэрсіяў зьнікненьня сьпікеркі Каардынацыйнай рады, то Павал Латушка кажа, што не хацеў бы спэкуляваць на гэтым. Зь яго словаў, адзінае, што можна прыняць на гэты момант, — што зьнікненьне Мельнікавай зьвязанае зь дзеяньнямі беларускіх уладаў.
«Мы зыходзім з тых фактаў, якія маем, — кажа Павал Латушка. — На жаль, іх няшмат, але яны ўсё ж ёсьць. Зыходзім з таго, што мы жывем у сытуацыі вайны без абмежаваньняў з боку рэжыму, які вядзе барацьбу супраць інстытутаў дэмакратычных сілаў — Каардынацыйная рада як прыклад. Ён не цураецца ніякіх мэтадаў, праводзіць рэпрэсіі ў адносінах як актывістаў, так і іх родных і блізкіх. Рэжым змог пасадзіць самалёт Ryanair, яны змушаюць прадстаўнікоў дыяспары да супрацоўніцтва, выкарыстоўваючы шантаж. Пагражаюць забойствамі. Так што без узьдзеяньня рэжыму зьнікненьне Анжалікі Мельнікавай не магло адбыцца. У якой ступені, якім быў гэты ўплыў, я не хацеў бы спэкуляваць. Але ён дакладна ёсьць».
Форум