Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заявілі, што зафіксавалі 165 лягераў, у якіх утрымліваюць выкрадзеных украінскіх дзяцей, у тым ліку ў Беларусі і КНДР


Эвакуацыя ўкраінскіх дзяцей з зоны баявых дзеяньняў. Архіўнае фота
Эвакуацыя ўкраінскіх дзяцей з зоны баявых дзеяньняў. Архіўнае фота

Улады Ўкраіны заявілі, што маюць доказы таго, што Расея накіроўвае выкрадзеных ёю ўкраінскіх дзяцей у лягеры «перавыхаваньня» ў самой Расеі, на акупаваных тэрыторыях Украіны, у Беларусі і Паўночнай Карэі.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заявіў, што Расея працягвае сыстэматычна парушаць міжнароднае гуманітарнае права, незаконна дэпартуючы ўкраінскіх дзяцей:

«І нядаўна зьявілася шакуючая інфармацыя. Паводле зьвестак Рэгіянальнага цэнтру па правах чалавека, зафіксавана 165 лягераў, у якіх русыфікуюцца і мілітарызуюцца ўкраінскія дзеці. Яны знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, у Расейскай Фэдэрацыі, Беларусі і нават у Паўночнай Карэі».

Дзьмітро Лубінец заявіў, што гвалтоўнае перамяшчэньне дзяцей, іх русыфікацыя і мілітарызацыя зьяўляюцца грубым парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права і адной з 5 прыкмет генацыду паводле Рымскага статуту.

«Расеі пляваць на лёс украінскіх дзяцей. Для краіны-агрэсара гэта проста рэсурс для будучых войнаў супраць заходняга сьвету. Важна, каб нашы партнэры ўлічвалі кожны такі выпадак і спрыялі прыцягненьню вінаватых да адказнасьці», — зазначыў Лубінец.

Генэральная Асамблея ААН 3 сьнежня прыняла неабавязковую рэзалюцыю, у якой заклікала да неадкладнага і безумоўнага вяртаньня ўкраінскіх дзяцей, «гвалтоўна перавезеных» у Расею.

91 дзяржава прагаласавала «за», 12 — «супраць», 57 дзяржаваў устрымаліся. Беларусь была сярод дзяржаваў, якія галасавалі супраць.

Улады Беларусі дапамагаюць Расеі вывозіць дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны. Вядома, што тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў прыяжджаюць у Беларусь.

Журналісты Свабоды і ўкраінскага праекту «Схемы» дасьледавалі тэму вывазу непаўналетніх з акупаваных Расеяй тэрыторыяў — пераважна зь Лісічанску і Марыюпалю — у дзіцячыя лягеры Беларусі і высьветлілі, якія арганізацыі датычныя да гэтага, знайшлі бацькоў дзяцей, што знаходзіліся ў такіх установах, а таксама атрымалі эксклюзіўныя ўнутраныя дакумэнты Беларускага Чырвонага Крыжа.

Тым часам упершыню ў гісторыі ў Сэнаце ЗША ў Вашынгтоне 3 сьнежня адбыліся спэцыяльныя слуханьні ў справе выкраданьня і гвалтоўнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей Расеяй, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

У сакавіку 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскага дзіцячага омбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацыях і перасяленьні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Упаўнаважаная ў правах дзяцей Расеі Марыя Львова-Бялова ў ліпені 2023 году заявіла, што з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расея «прыняла» каля 4,8 мільёна жыхароў Украіны, зь якіх больш за 700 000 — дзеці. Паводле яе, бальшыня ўкраінскіх дзяцей нібыта прыехалі ў Расею разам з бацькамі або іншымі сваякамі.

У дэпартаваньні ўкраінскіх дзяцей Расеі спрыяюць і ўлады Беларусі.

  • Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь вывезьлі сама меней 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыйяў Украіны (паводле ацэнкі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» — ня менш за 3,5 тысячы).
  • Праваабаронцы вызначылі 18 беларускіх інстытуцыяў, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
  • Паводле справаздачаў праваабаронцаў і расьсьледаваньня Свабоды, дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць у духу любові да Расеі і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі выкараненьня ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.
  • «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» зьбірае зьвесткі аб перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з «ДНР» і «ЛНР» у Беларусь. У 2023 годзе НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, дзе расказваецца пра ролю ў ім Беларусі.
  • Датычнымі да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
  • 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага для Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
  • Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), але рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
  • ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
  • На канец кастрычніка 2024 году дэпартаванымі або вымушана перамешчанымі, паводле зьвестак украінскіх уладаў, лічацца 19 546 дзяцей. Больш за 1700 дзяцей лічацца зьніклымі бязь вестак.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG