Аддзел спэцыялізуецца на самых цяжкіх злачынствах, у тым ліку шпіянажы. Пра гэта выданьню Rzeczpospolita паведамілі ў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.
«Расьсьледаваньне будзе праводзіцца ў адпаведнасьці з арт. 189 Крымінальнага кодэксу (датычыцца пазбаўленьня волі. — РС), але і паводле іншых пунктаў, пра якія мы не паведамляем. Усе абставіны справы высьветляць падчас разбору. Расьсьледаваньне перадалі Агенцтву ўнутранай бясьпекі. Больш мы нічога ня можам раскрыць», — паведаміла пракурор Катажына Цалюў-Яшэўская з Нацыянальнай пракуратуры.
Як адзначае выданьне, пасьля зьнікненьня Мельнікавай міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк паведаміў, што Мельнікавай няма ў Польшчы ўжо некалькі тыдняў. Яна без праблемаў перасоўвалася па Эўропе, бо, паводле неафіцыйнай інфармацыі, магла мець польскі пашпарт (і мае польскі нацыянальны ідэнтыфікацыйны нумар PESEL).
Польскае грамадзянства пасьля некалькіх гадоў жыцьця ў Польшчы Мельнікава магла атрымаць у трох выпадках: калі мела карту паляка (праз год) ці статус уцекача (праз два гады) або калі атрымала яго ад прэзыдэнта Анджэя Дуды (ніякіх патрабаваньняў).
Аднак у кожным выпадку яе мусілі правяраць польскія службы. У Аддзеле ў справах іншаземцаў выданьню адмовіліся адказваць на пытаньні пра статус Мельнікавай у Польшчы.
Як расказаў выданьню намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка, як старшыня Каардынацыйнай рады Мельнікава заснавала ўласную прэмію ў памеры 10 тысяч эўра для людзей, якія маюць новыя ідэі й хочуць рэалізаваць розныя праекты. Паводле яго, Мельнікава адмовілася ад заробку, бо «ў арганізацыі крызісная сытуацыя і няма сродкаў».
Праўда, пазьней у НАУ абверглі гэтую інфармацыю, паведаміўшы, што Анжаліка Мельнікава мела заробак: «Сьцьвярджэньне, што Анжаліка не працавала, нам не належыць. І мы ніколі так не казалі. Яна працавала ў камандзе НАУ і атрымлівала заробак. У астатнім яна сапраўды стварала ўражаньне чалавека, якому не патрэбныя грошы», — адказалі ў прэс-службе НАУ Белсату.
«Пасьля спыненьня фінансавага падтрыманьня ад амэрыканцаў яна ў студзені на ўласныя грошы прафінансавала паседжаньне Каардынацыйнай рады», — сьцьвярджае Латушка. Паводле яго, дзеяньні Мельнікавай «не выклікалі ніякіх падазрэньняў».
Мельнікава нібыта тлумачыла сябрам, што мае грошы, бо яе муж Андрэй Мельнікаў — праграміст і добра зарабляе, калі верыць паведамленьням у LinkedIn — у буйной брытанскай IT-кампаніі. У рэестры CEDIG выданьне знайшло кампанію, якую Андрэй Мельнікаў заснаваў у сакавіку 2021 года ў Беластоку, а праз год перанёс яе ў Варшаву.
«Яго прадпрымальніцкая дзейнасьць у Польшчы не была прыпыненая, яго сямейнае становішча не зьмянілася, а апошнія зьмены ў дакумэнтах датаваныя красавіком 2024 году», — піша выданьне.
Як адзначае Reform.news, у зьвестках CEDIG Андрэй Мельнікаў у інфармацыі пра сваю кампанію падаў «сумесную ўласнасьць мужа і жонкі». Прадпрыемства, зарэгістраванае 15 сакавіка 2021 году, дагэтуль актыўнае, як адрас рэгістрацыі ўказана апошняе месца жыхарства — там пара зь дзецьмі жыла з канца 2024 году, то бок зьвесткі пра сямейны статус адносна актуальныя.
Раней сама Мельнікава расказвала калегам, што разышлася з мужам.
Фонд Мельнікавай, як даведалася выданьне з рэестру KRS, атрымаў 405 тысяч злотых у 2023 годзе ад кампаніі, зарэгістраванай у Лёндане, — Media Consulting Services Ltd, і яшчэ 15,5 тысяч злотых ад іншых, невядомых донараў. Справаздача за 2024 год не пададзеная. Кампанія Media Consulting Services належыць Тэў Карвалью дэ Алівэйры, грамадзяніну Францыі і жыхару Тайлянду.
Што вядома пра зьнікненьне Анжалікі Мельнікавай
Пра тое, што 25 сакавіка зьнікла сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, паведаміў 28 сакавіка Павал Латушка. Ён сказаў, што падаў заяву аб зьнікненьні ў праваахоўныя органы Польшчы (у Анжалікі, акрамя беларускага, ёсьць польскае грамадзянства). З словаў Паўла Латушкі, апошні кантакт зь ёю адбылася 25 сакавіка раніцай. Візуальна падчас сазвону ў Зуме дэлегаты КР бачылі яе 21 сакавіка — пры гэтым невядома, адкуль яна выходзіла ў сувязь. Таксама стала вядома, што зьніклі і дочкі Мельнікавай, якія жылі зь ёю ў Варшаве.
27 сакавіка Павал Латушка падаў афіцыйны зварот у камэндатуру паліцыі Варшавы ў сувязі са зьнікненьнем Анжалікі і яе дачок. Ён адзначаў, што нефармальна інфармаваў паліцыю за «дзень-два» да 27 сакавіка. Асабіста ён бачыў Анжаліку ў канцы лютага ў офісе.
Паводле польскай паліцыі, Мельнікава ў канцы лютага вылецела за межы Эўразьвязу, у Лёндан, зь дзьвюма дочкамі. Былы муж Анжалікі выехаў з Польшчы ў Беларусь аўтобусам 23 сакавіка.
НАУ самастойна вызначыў, што мабільная прылада Мельнікавай была лякалізаваная на тэрыторыі Беларусі 19 і 25 сакавіка. Пры гэтым адзін зь яе гаджэтаў яшчэ 18 сакавіка знаходзіўся ў Варшаве.
4 красавіка сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BySol Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікай Брытаніі, падаў заявы аб зьнікненьні Мельнікавай у паліцыю Лёндану і ў нацыянальнае крымінальнае агенцтва Вялікай Брытаніі. У прэс-службе лёнданскай паліцыі 8 красавіка паведамілі выданьню ВВС, што не расьсьледуюць зьнікненьня Мельнікавай.
Журналістам «Люстэрка» 7 красавіка ўдалося датэлефанавацца да былога мужа Мельнікавай, які пацьвердзіў, што ён разам зь іхнымі дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі. Таксама ён заявіў, што ня ведае, дзе цяпер Анжаліка Мельнікава.
Хто такая Анжаліка Мельнікава
Прадстаўніцу сьпісу «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“» Анжаліку Мельнікаву абралі сьпікеркай Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня 11 ліпеня 2024 году ад блёку «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“», які значна апярэдзіў астатнія кааліцыі колькасьцю атрыманых галасоў і ў выніку заняў 28 з 80 месцаў у КР.
Мельнікава скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Да 2018 году была намесьніцай генэральнага дырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Белоруссія», пасьля пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2020-м яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, сям’я выехала зь Беларусі.
З чэрвеня 2022 году яна была каардынатаркай праектаў Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня на чале з Паўлам Латушкам.
Выступаючы на паседжаньні Каардынацыйнай рады 10 ліпеня 2024 году, яна назвала асноўнымі кірункамі сваёй дзейнасьці ў выпадку выбраньня «працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэньне канкрэтных праблем людзей», пашырэньне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяньня з АПК, узьняцьце ўзроўню і прэстыжу КР, структурызацыю і якаснае асьвятленьне яе працы.
Форум