Ад 1 сьнежня пошта Чэхіі спыніла прыём адпраўленьняў у Беларусь.
Такая інфармацыя ёсьць на афіцыйным сайце гэтай установы.
Таксама ў суполцы беларусаў Чэхіі зьявіўся наступны допіс:
«Учора зайшла на пошту адправіць у РБ паштоўку да Новага Году. Паштоўку не ўзялі, сказалі, што ім прыйшоў новы ўказ не адпраўляць лісты ў РБ, кампутар таксама не пусьціў — краіна Беларусь заблякаваная».
Летась Чэхія ўвяла бестэрміновую забарону на выдачу віз і дазволаў на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі. Тагачасны прэм'ер-міністар краіны Пэтр Фіяла тады сказаў, што адначасова неабходна стварыць умовы для прадстаўнікоў апазыцыі і студэнтаў, якія «ня хочуць мець нічога агульнага з гэтымі рэжымамі, каб яны маглі вучыцца, працаваць на тэрыторыі Чэхіі».
Забарону для расейцаў Чэхія ўвяла адразу пасьля пачатку расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, у чэрвені 2022 году яе дзеяньне было падоўжанае да сакавіка 2023 году, а потым да сакавіка 2024-га. Выключэньне было зроблена для паездак з гуманітарнымі мэтамі.
У сакавіку 2023 году забарону распаўсюдзілі і на беларусаў, пры гэтым ня мае значэньня, ці ёсьць у іх грамадзянства іншай краіны.
У некаторых выпадках атрыманьне візы або ДНЖ усё ж магчымае: напрыклад, калі заяўнік зьяўляецца чальцом сям’і грамадзяніна Чэхіі або іншай краіны Эўразьвязу або іншаземца, які мае чэскі ДНЖ.
Для беларусаў таксама захавалася магчымасьць атрымаць візу для навучаньня, калі яна аплачваецца стыпэндыяй з боку Чэхіі, ЭЗ ці міжнароднай арганізацыяй.
Яшчэ адно выключэньне складаюць тыя заяўнікі, чыё знаходжаньне «адпавядае інтарэсам Чэскай Рэспублікі» і гэта пацьвердзіла МЗС краіны.
- У сакавіку 2023 году забарону на выдачу візаў беларусам спрабавала аспрэчыць Сьвятлана Ціханоўская пачас візыту ў Прагу, ёй гэта было абяцана, але неўзабаве ўлады краіны ўсё ж увялі забарону і для беларусаў.