Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва працягнула закрыцьцё паветранай прасторы каля мяжы зь Беларусьсю


Віленскі аэрапорт
Віленскі аэрапорт

Закрыцьцё паветранай прасторы Літвы на мяжы зь Беларусьсю падоўжанае да лютага наступнага году. Раней плянавалася, што такія абмежаваньні працягнуцца да сьнежня, паведамляе BNS.

Як раней заяўляла Міністэрства абароны Літвы, частка паветранай прасторы на мяжы закрытая ў сувязі з патэнцыйнымі пагрозамі, асабліва праз рызыку для цывільнай авіяцыі, якая ўзьнікае ў выніку парушэньня паветранай прасторы бесьпілётнікамі.

Тым часам Віленскі аэрапорт увечары 3 сьнежня і ў ноч на 4 сьнежня закрываўся тройчы

Шторазу — праз навігацыйныя знакі, характэрныя для паветраных балёнаў, паблізу лётнішча.

3 сьнежня а 19:36 паветраная прастора над Віленскім аэрапортам была закрытая з прычыны выяўленьня навігацыйных знакаў, характэрных для паветраных балёнаў, у рызыкоўных для авіяцыі зонах — «гібрыднай атакі, зьдзейсьненай Беларусьсю супраць Літвы, цывільнай авіяцыі і грамадзтва».

Аэрапорт аднавіў працу а 21:06 пасьля зьняцьця абмежаваньняў на паветраную прастору, напісала дырэкцыя аэрапорту на сваім сайце.

У той жа вечар а 22:24 радары зноў заўважылі знакі, характэрныя для пралёту паветраных балёнаў. Паветраная прастора над Віленскім аэрапортам была зноў закрытая. Вымушаны перапынак у працы працягваўся да 00:56.

Ужо ў ноч на 4 сьнежня а 01:15 адбылося новае закрыцьцё паветранай прасторы, лётнішча не працавала. Праца аднавілася а 02:30.

Паводле папярэдніх ацэнак аэрапорту, абмежаваньні паветранай прасторы закранулі 27 рэйсаў і 3134 пасажыраў. 5 рэйсаў былі перанакіраваныя ў аэрапорт Коўна, адкуль пасажыраў адвезьлі ў Вільню аўтобусамі, 17 рэйсаў затрыманыя, а 5 рэйсаў скасаваныя.

3 сьнежня ў МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі і ўручылі яму ноту пратэсту.

Прычынай сталі няспынныя гібрыдныя атакі з тэрыторыі Беларусі кантрабандысцкімі балёнамі, якія парушаюць працу Віленскага аэрапорту і пагражаюць бясьпецы цывільнай авіяцыі, а таксама блякаваньне літоўскіх грузавікоў з прычэпамі, якім улады Беларусі не дазваляюць вярнуцца назад у Літву, вынікае з паведамленьня МЗС Літвы.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG