Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі справаю занялася Нацыянальная пракуратура, гэта не шараговае расьсьледаваньне». Храналёгія зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай


Анжаліка Мельнікава на Беларускім форуме ў Варшаве, канец студзеня 2025 году
Анжаліка Мельнікава на Беларускім форуме ў Варшаве, канец студзеня 2025 году

З моманту, калі стала вядома пра зьнікненьне сьпікеркі Каардынацыйнай рады, прайшло ўжо тры тыдні. Свабода сабрала разам усё, што вядома пра апошнія месяцы і дні дзейнасьці Мельнікавай на пасадзе, а таксама паразмаўляла зь людзьмі, якія бачылі яе і кантактавалі зь ёю непасрэдна перад зьнікненьнем.

14 красавіка папулярная польская радыёстанцыя RMF апублікавала інфармацыю аб тым, што справа аб зьнікненьні сьпікеркі Каардынацыйнай рады Беларусі Анжалікі Мельнікавай перададзеная ў Нацыянальную пракуратуру Польшчы і далей ёю будзе займацца менавіта гэты орган. З словаў рэдактара ўплывовага выданьня Dziennik Gazeta Prawna Міхала Патоцкага, гэта можа сьведчыць толькі пра тое, што сьледчыя атрымалі важныя падставы лічыць справу Мельнікавай неардынарнаю.

«Тое, што справаю Мельнікавай занялася Нацыянальная пракуратура Польшчы, азначае, што справа насамрэч важная, — расказаў у размове з Свабодай Міхал Патоцкі. — І што паліцыя знайшла доказы таго, што гэта ня нешта шараговае. Спачатку зьнікненьнем Анжалікі Мельнікавай займалася толькі паліцыя. І калі яны перадалі справу не ў раённую пракуратуру, а ў самую галоўную, гэта значыць, што ўжо ёсьць нейкая папярэдняя інфармацыя. І яна дае падставы думаць, што гэта не шараговае расьсьледаваньне. Альбо яны знайшлі сьляды, якія сьведчаць аб выкраданьні ці забойстве, альбо лічаць зараз, што справа Мельнікавай настолькі сур’ёзная, што гэтым павінен займацца хтосьці значна вышэйшы паводле пасады, чым раённы пракурор».

Нацыянальная пракуратура Польшчы ў заяве аб зьнікненьні Анжалікі Мельнікавай, якая мае таксама польскае грамадзянства, агучыла некалькі папярэдніх вэрсій. Гэта:

  • махлярства;
  • прысваеньне сродкаў з апазыцыйных фондаў;
  • дзеяньні ў інтарэсах замежнай выведкі;
  • выкраданьне замежнымі спэцслужбамі.

Паводле Міхала Патоцкага, гэта пакуль што хутчэй фармальна пералічаныя варыянты разьвіцьця падзеяў. Журналіст дадае, што польскія спэцслужбы такога ўзроўню вельмі рэдка да моманту завяршэньня расьсьледаваньня агучваюць рэальную інфармацыю, якой валодаюць.

«Гэтыя структуры вельмі закрытыя ў пытаньнях інфармаваньня аб ходзе расьсьледаваньняў, — кажа Патоцкі. — Людзі, якія там працуюць, журналістам звычайна нічога не расказваюць акрамя таго, што паведамляецца публічна. Адчуваецца такое нежаданьне дзяліцца зьвесткамі. І гэта сьведчыць альбо пра тое, што яны нічога ня маюць, альбо акурат пра тое, што знайшлі нешта важнае».

У адказах на запыты Свабоды польскія праваахоўныя органы пацьвердзілі, што афіцыйна займаюцца расьсьледаваньнем справы аб зьнікненьні Анжалікі Мельнікавай. Аднак больш поўнай інфармацыі пакуль даць ня могуць у сувязі з інтарэсамі сьледзтва. Вядома таксама, што расьследаваньнем знікнення Анжалікі Мельнікавай заняліся і польскія спецслужбы. У прыватнасьці, Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.

Мельнікава на дэбатах «Вострая неабходнасьць свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі. Страсбур, 30 студзеня 2025
Мельнікава на дэбатах «Вострая неабходнасьць свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі. Страсбур, 30 студзеня 2025

Свабода сабрала зьвесткі пра дзейнасьць Анжалікі Мельнікавай на пасадзе сьпікеркі Каардынацыйнай рады ў апошнія месяцы перад зьнікненьнем у храналягічным парадку. Расказваем, што ўдалося даведацца.

3-4 лютага

Форум Касьцюшкі ў Гданьску. Апошняя вялікая публічная падзея, у якой прымала ўдзел Анжаліка Мельнікава.

Як расказалі Свабодзе ўдзельнікі форуму, паводзіны Анжалікі там былі звычайнымі для яе. Яна шмат кантактавала зь людзьмі, паводзілася актыўна і нязмушана. Ахвотна размаўляла з журналістамі і ніякім чынам не выказвала нейкай занепакоенасьці.

21 лютага

Удзел у жывым эфіры «Еўрарадыё». У размове з журналістам Зьмітром Лукашуком Мельнікава абмеркавала актуальныя падзеі беларускай палітыкі і сытуацыю вакол Каардынацыйнай рады. 6 сакавіка адбылося яе апошняе на гэты момант зьяўленьне ў мэдыя зь вялікім інтэрвію — удзел у аўтарскай праграме Зьмітра Лукашука «Ідэя Х». Аднак, як расказаў Свабодзе сам Зьміцер, праграма была запісаная значна раней, 21 лютага, падчас візыту Мельнікавай у варшаўскую студыю «Еўрарадыё».

«Сапраўды, апошняе зьяўленьне Анжалікі Мельнікавай у мэдыя зь вялікім інтэрвію было ў мяне, — расказвае ў размове з Свабодай Лукашук. — Але мы запісвалі яго не 6 сакавіка, а 21 лютага. Яна прыйшла да мяне ў студыю. У нас быў вялікі эфір пра тое, што адбываецца ў Каардынацыйнай радзе, агулам у апазыцыі. І адразу ж у той дзень пасьля эфіру мы зь ёю запісалі „Ідэю Х“. І тут нюанс ёсьць таксама. Я плянаваў, што гэтая перадача выйдзе ў сярэдзіне сакавіка. Так было ў мяне ў пляне. Але Анжаліка вельмі прасіла, каб гэта было 6 сакавіка. У мяне на гэты дзень быў Алег Гарбуз, але я пагадзіўся. Анжаліка вельмі прасіла, каб размова зь ёю выйшла раней за сярэдзіну сакавіка».

Зьміцер кажа, што лічыць гэтую просьбу простым жаданьнем гераіні інтэрвію пабачыць сябе ў эфіры раней і ня схільны разьвіваць кансьпіралягічных тэорыяў. Паводле яго словаў, ініцыятыва размовы і запісу інтэрвію ішла ад самой Мельнікавай. Зьміцер дадае, што, зыходзячы з падзеяў канца сакавіка, можна ўгледзець у гэтым нешта загадзя сплянаванае, аднак ён усё ж мяркуе, што паводзіны Анжалікі Мельнікавай ня варта лічыць нечым незвычайным для палітыка, які мае жаданьне прыцягнуць увагу да сваёй дзейнасьці і таму сам ідзе на кантакт з журналістамі.

Зьміцер Лукашук
Зьміцер Лукашук

З таго, што вядома пра дзейнасьць Анжалікі Мельнікавай ў лютым і сакавіку, вынікае, што Зьміцер Лукашук мог быць адным з апошніх публічных людзей, хто кантактаваў зь Мельнікавай непасрэдна перад яе адʼездам з Польшчы.

«Яна паводзілася абсалютна звычайна, — расказвае Зьміцер. — Прыйшла з цудоўным настроем, шыкоўна выглядала, скураныя нагавіцы. Шмат жартавала, прычым вельмі востра. Яна так заўсёды сябе паводзіла, мы зь ёй і раней шмат жартавалі паміж сабой. Часам на мяжы фолу. Гэтым разам яна была такой самай, нічым не адрозьнівалася. Ніякай прыгнечанасьці, нічога я не заўважыў. Магчыма, Анжаліка была крыху стомленай толькі. Але я палічыў, што гэта нармальна для чалавека, які столькі працуе».

Канец лютага

Анжаліку Мельнікаву заўважаюць у публічных месцах Варшавы, яна ўдзельнічае ў сустрэчах з паплечнікамі па Каардынацыйнай радзе.

26 лютага

Анжаліка Мельнікава зьяжджае з Польшчы ў Вялікую Брытанію. Такую інфармацыю з спасылкай на польскую паліцыю ў канцы сакавіка распаўсюдзіў Павал Латушка. У атрыманым у канцы сакавіка адказе на запыт Свабоды, накіраваным у Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы, дакладнай даты адʼезду Мельнікавай з польскай тэрыторыі няма. Там адзначылі толькі, што яе няма ў Польшчы «ўжо шмат тыдняў».

Сусед Анжалікі Мельнікавай з дому, дзе яна жыла ў Варшаве, у размове з журналістам «Еўрарадыё» расказаў, што бачыў яе апошні раз «каля 1 сакавіка». Прыкладна ў гэты ж час нейкі мужчына выносіў рэчы зь яе кватэры. Ці гэта былы муж Анжалікі Андрэй Мельнікаў, невядома.

Анжаліка Мельнікава на канфэрэнцыі "Новая Беларусь" у Вільні, 4 жніўня 2024 году
Анжаліка Мельнікава на канфэрэнцыі "Новая Беларусь" у Вільні, 4 жніўня 2024 году

3 сакавіка

Былы муж Анжалікі Мельнікавай Андрэй зьяжджае з Польшчы ў Беларусь. Такую інфармацыю з спасылкай на польскую паліцыю распаўсюджвае Павал Латушка. Пакуль дакладна невядома, быў нехта зь ім разам у гэты момант ці не. Паводле іншага сьцьверджаньня таго ж Латушкі, Андрэй Мельнікаў выехаў з Польшчы ў Беларусь не 3, а 23 сакавіка.

13 сакавіка

З акаўнту Анжалікі Мельнікавай былі спампаваныя файлы, датычныя дзейнасьці Каардынацыйнай рады.

«Гэта інфармацыя, якая была даступная ёй як сябру Каардынацыйнай рады, як сьпікерцы, — расказвае ў размове з Свабодай Андрэй Ягораў. — Яна захоўвалася на гугл-дыску. Унутраныя дакумэнты, дакумэнты камісіяў. Зьвесткі пра склад Каардынацыйнай рады, кантактныя зьвесткі яе чальцоў. Магчыма, нейкая перапіска, ліставаньне зь іншымі органамі. Нейкія працоўныя праекты дакумэнтаў, камунікацыя з донарамі, праекты заявак на гранты. Самае небясьпечнае, што там было, — гэта пэрсанальныя дадзеныя чальцоў Каардынацыйнай рады. Інфармацыя пра месца жыхарства, асабістыя тэлефонныя нумары».

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Другая палова сакавіка

Мельнікава коратка адказвае на паведамленьні ў мэсэнджарах. Сваю адсутнасьць на публічных імпрэзах яна тлумачыць хваробай.

«У сярэдзіне лютага — пачатку сакавіка зь ёю яшчэ былі кантакты. Здаецца, яе бачылі на нейкіх мерапрыемствах, — расказаў Свабодзе былы сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў. — Я сам зь ёю кантактаваў апошні раз 18 сакавіка. Гэта была перапіска ў мэсэнджары. Анжаліка хварэла, і я запытаўся, калі яна будзе ў доступе. Яна адказала мне: „Ужо хутка“. Гэта было апошняе паведамленьне, якое я атрымаў ад Анжалікі Мельнікавай».

19 сакавіка

Мабільны тэлефон, які зьвязваюць з Анжалікай Мельнікавай, знаходзіцца ў Беларусі. Такую інфармацыю агучыў Павал Латушка ў красавіку, спаслаўшыся на «тэхнічныя сродкі», з дапамогай якіх гэта стала вядома. Больш падрабязнай інфармацыі аб дакладным месцы знаходжаньня тэлефона, якім магла карыстацца Анжаліка Мельнікава, няма. Невядома таксама, ці працягваюць ім карыстацца зараз.

Латушка таксама паведаміў, што адзін з гаджэтаў Мельнікавай яшчэ 18 сакавіка знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы.

21 сакавіка

Анжаліка Мельнікава апошні раз выходзіць на сувязь. Удзельнічае ў сазвоне з калегамі.

25 сакавіка

Паплечнікі Анжалікі Мельнікавай разумеюць, што яна зьнікла і больш не выходзіць на сувязь. Заява аб зьнікненьні сьпікеркі Каардынацыйнай рады перададзеная ў польскую паліцыю.

На дадзены момант Павал Латушка з'яўляецца адной з асноўных крыніц інфармацыі па справе Анжалікі Мельнікавай. На пасаду сьпікеркі Каардынацыйнай рады яна прыйшла зь яго каманды
На дадзены момант Павал Латушка з'яўляецца адной з асноўных крыніц інфармацыі па справе Анжалікі Мельнікавай. На пасаду сьпікеркі Каардынацыйнай рады яна прыйшла зь яго каманды

28 сакавіка

Павал Латушка публічна заяўляе аб зьнікненьні Мельнікавай. Трохдзённы перапынак палітык тлумачыць просьбаю польскай паліцыі даць час для папярэдняга расьсьледаваньня. У гэты ж дзень аб зьнікненьні сьпікеркі даведваюцца яе паплечнікі па Каардынацыйнай радзе.

«Пра зьнікненьне Анжалікі я даведаўся з мэдыя, — расказвае Андрэй Ягораў. — Унутры Каардынацыйнай рады ў нас інфармацыі пра гэта не было. Я даведаўся пра ўсё, толькі калі пра гэта пачаў паведамляць Павал Латушка. Пра тое, што пададзеная заява ў паліцыю, што Анжаліка зьнікла. Дагэтуль мы былі ў рэжыме чаканьня. Думалі, што яна хварэе, і чакалі вяртаньня сьпікеркі да працы. Такая была сытуацыя».

Анжаліка Мельнікава на канфэрэнцыі "Новая Беларусь" у Вільні, 4 жніўня 2024 году
Анжаліка Мельнікава на канфэрэнцыі "Новая Беларусь" у Вільні, 4 жніўня 2024 году

7 красавіка

Былы муж Анжалікі Мельнікавай у кароткай размове з журналістамі выданьня «Зеркало» пацьвярджае, што ён знаходзіцца ў Беларусі. Ён таксама гаворыць, што разам зь ім там жа знаходзяцца іх сумесныя з Анжалікай дзеці. Празь некалькі дзён зьвесткі аб тым, што двое непаўналетніх дзяцей пары таксама зьехалі ў Беларусь, пацьвярджаюць бацькі Анжалікі Мельнікавай.

10 красавіка

Тэлеканал «Белсат» з спасылкай на крыніцу ў МЗС Польшчы паведамляе, што з рахунку заснаванага Анжалікай Мельнікавай фонду «Białoruś Liberty» былі зьнятыя сродкі, прызначаныя на апэрацыйную дзейнасьць Каардынацыйнай рады і ініцыятывы «Кібэрпартызанаў». Афіцыйных зьвестак аб гэтым пакуль няма. Пасьля зьнікненьня Мельнікавай новым старшынём фонду быў абраны Віталь Пацехін. Паводле інфармацыі Свабоды, ён таксама пакуль ня мае доступу да рахункаў арганізацыі, бо не знаходзіцца фізычна ў Польшчы.

Пакуль дакладна невядома, пра якія сумы на кіраваным Мельнікавай рахунку можа весьціся гаворка. Паводле інфармацыі Свабоды, на ім магло быць значна больш за сто тысяч эўра, пра якія зьяўлялася інфармацыя ў СМІ.

Як расказалі Свабодзе на ўмовах ананімнасьці некалькі чальцоў Каардынацыйнай рады, амаль уся інфармацыя аб сытуацыі вакол Анжалікі Мельнікавай зараз ідзе ад Паўла Латушкі, зь якімі Мельнікава шчыльна працавала. Чальцы Каардынацыйнай рады, у тым ліку новае яе кіраўніцтва, даведваюцца аб ходзе расьсьледаваньня з мэдыя. Польскія праваахоўныя органы пакуль не апытвалі ўдзельнікаў Каардынацыйнай рады ў сувязі са зьнікненьнем сьпікеркі.

Былы сьпікер арганізацыі Андрэй Ягораў заклікае не спэкуляваць на тэме зьнікненьня Мельнікавай, спасылаючыся на брак інфармацыі, якая б дазволіла рабіць адназначныя высновы.

«Першае, аб чым я думаю зараз, гэта заклапочанасьць, непакой пра чалавека, пра дзяцей, — гаворыць Андрэй Ягораў. — Мяне вельмі непакоіла сытуацыя зь дзецьмі, калі Анжаліка зьнікла. Зараз мы ведаем, што яны ў Беларусі, гэта ўжо значыць, што яны ў адноснай бясьпецы. Але мы так і ня ведаем, што здарылася з Анжалікай. Пакуль ёсьць толькі спэкулятыўныя вэрсіі. З таго, што мы ведаем, цяжка нешта сказаць дакладна. Калі пацьвердзіцца інфармацыя пра зьняцьце грошай з рахункаў, да якіх мела доступ Мельнікава, гэта будзе значыць толькі тое, што яна здымала тыя грошы. Але мы ня будзем ведаць, у якой сытуацыі яна гэта рабіла — пад якім ціскам альбо бязь ціску. Мы зноў жа ня будзем ведаць гэтага».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG