Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы муж Анжалікі Мельнікавай заявіў, што ня будзе зьвяртацца ў міліцыю з прычыны ейнага зьнікненьня


Анжаліка Мельнікава, архіўнае фота
Анжаліка Мельнікава, архіўнае фота

Адначасна з гэтым высьветлілася, што старшыня Каардынацыйнай рады дакладна пакінула Лёндан.

Ужо тры тыдні нічога не вядома пра старшыню Каардынацыйнай рады Анжаліку Мельнікаву. Раней журналісты высьветлілі, што ейныя дзеці, мяркуючы па ўсім, у Беларусі, як і былы муж Андрэй.

16 красавіка «Эўрарадыё» паразмаўляла з былым мужам Мельнікавай Андрэем. У час размовы назваліся журналістамі, не ўдакладніўшы, зь якога мэдыя, «каб не ствараць пагрозаў праз камунікацыю з „экстрэмістамі“», — адзначае выданьне. У гутарцы Андрэй Мельнікаў яшчэ раз пацьвердзіў, што дзеці зь ім у Беларусі, а пра Анжаліку ён ня ведае нічога і зьвяртацца ў міліцыю з гэтай нагоды не зьбіраецца.

На іншыя пытаньні журналістаў Мельнікаў нічога канкрэтнага не адказаў.

У той жа момант кіраўнік ініцыятывы ByHelp Аляксей Лявончык паведаміў, што дакладна даведаўся пра вылет Анжалікі зь Лёндану, у Вялікай Брытаніі яна не заставалася.

«Я не магу пакуль камэнтаваць, куды яна вылецела зь Лёндану. Але ў Лёндане яна дакладна не затрымалася, з таго што мы разумеем», — сказаў Лявончык у этэры «Эўрарадыё».

Раней Лявончык падаў заявы ў брытанскую паліцыю і памежную службу на вышук Мельнікавай, але рэакцыі на іх пакуль не атрымаў.

Што вядома пра зьнікненьне Анжалікі Мельнікавай

Пра тое, што 25 сакавіка зьнікла сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, паведаміў 28 сакавіка Павал Латушка. Ён сказаў, што падаў заяву аб зьнікненьні ў праваахоўныя органы Польшчы (у Анжалікі, акрамя беларускага, ёсьць польскае грамадзянства). З словаў Паўла Латушкі, апошняя камунікацыя зь ёй адбылася 25 сакавіка раніцай. Візуальна падчас сазвону ў Зуме дэлегаты КР бачылі яе 21 сакавіка — пры гэтым невядома, адкуль яна ўключалася. Таксама стала вядома, што зьніклі і дочкі Мельнікавай, якія жылі зь ёй у Варшаве.

27 сакавіка Павал Латушка падаў афіцыйны зварот у камэндатуру паліцыі Варшавы ў сувязі са зьнікненьнем Анжалікі і яе дачок. Ён адзначаў, што нефармальным чынам інфармаваў паліцыю за «дзень-два» да 27 сакавіка. Асабіста ён бачыў Анжаліку ў канцы лютага ў офісе.

Паводле польскай паліцыі, Мельнікава ў канцы лютага вылецела за межы Эўразьвязу, у Лёндан, зь дзьвюма дочкамі. Былы муж Анжалікі выехаў з Польшчы ў Беларусь аўтобусам 23 сакавіка.

НАУ самастойна вызначыў, што мабільная прылада Мельнікавай была лякалізаваная на тэрыторыі Беларусі 19 і 25 сакавіка. Пры гэтым адзін зь яе гаджэтаў яшчэ 18 сакавіка знаходзіўся ў Варшаве.

4 красавіка сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BySol Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікай Брытаніі, падаў заявы аб зьнікненьні Мельнікавай у паліцыю Лёндану і ў нацыянальную крымінальную агенцыю Вялікай Брытаніі. У прэс-службе лёнданскай паліцыі 8 красавіка паведамілі выданьню ВВС, што не расьсьледуюць зьнікненьня Мельнікавай.

Журналістам «Люстэрка» 7 красавіка ўдалося датэлефанавацца да былога мужа Мельнікавай, які пацьвердзіў, што ён разам зь іхнымі дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі. Таксама ён заявіў, што ня ведае, дзе цяпер Анжаліка Мельнікава.

Хто такая Анжаліка Мельнікава

Прадстаўніцу сьпісу «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“» Анжаліку Мельнікаву абралі сьпікеркай Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня 11 ліпеня 2024 году ад блёку «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“», які значна апярэдзіў астатнія кааліцыі колькасьцю атрыманых галасоў і ў выніку заняў 28 з 80 месцаў у КР.

Мельнікава скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Да 2018 году была намесьніцай генэральнага дырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Белоруссія», пасьля пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2020-м яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, сям’я выехала зь Беларусі.

З чэрвеня 2022 году яна была каардынатаркай праектаў Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня на чале з Паўлам Латушкам.

Выступаючы на паседжаньні Каардынацыйнай рады 10 ліпеня 2024 году, яна назвала асноўнымі кірункамі сваёй дзейнасьці ў выпадку выбраньня «працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэньне канкрэтных праблем людзей», пашырэньне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяньня з АПК, узьняцьце ўзроўню і прэстыжу КР, структурызацыю і якаснае асьвятленьне яе працы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG