Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мая бабуля скаціну лепшай карміла». Як выглядае бульба, якую зараз прадаюць у беларускіх крамах. Фота


Бульба на продаж у адной зь менскіх крамаў, красавік 2025 году
Бульба на продаж у адной зь менскіх крамаў, красавік 2025 году

У Беларусі праблемы з бульбай. У крамах — зморшчаная, непрыглядная, на рынках — дарагая. Звычайнай капусты няма, толькі квашаная і марская. Цыбуля — зь перабоямі. Дзяржава зноў спрабуе вырашыць праблему рэгуляваньнем цэнаў. Расказваем, як гэта ўдаецца.

Згодна з падпісанай прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным пастановай № 713 (7), з 17 красавіка 2025 году павялічваюцца гранічныя максымальныя адпускныя і раздробныя (гуртовыя) цэны на самую распаўсюджаную ў краіне гародніну. З кастрычніка 2024 году гэта ўжо сёмае рэгуляваньне цэнаў. Тады ўрад прызначыў максымальныя цэны на гародніну без уліку падатку на даданую вартасьць. Параўноўваем іх з цэнамі красавіка 2025 году:

— бульба — 0,68 рубля. Цяпер — 1 рубель;

— капуста белакачанная — 0,56 рубля. Цяпер 1,2 рубля;

— цыбуля рэпчатая (акрамя белай і чырвонай) — 0,85 рубля. Цяпер –1,5 рубля:

— яблыкі — 1,64 рубля. Цяпер — 2,66 рубля.

19 красавіка Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) праверыла 20 сховішчаў гародніны на наяўнасьць і якасьць бульбы, а таксама іншай гародніны так званага «баршчовага» набору. Паводле чыноўнікаў, праблем няма.

«У цэлым бульба мае адпаведную якасьць, адпавядае патрабаваньням дзяржаўнага стандарту 7176-2017 і захоўваецца ў аб’ёмах, дастатковых для выкананьня заявак», — адрапартавала МАРГ.

Зашквар з бульбай

Беларусы, зь якімі на ўмовах ананімнасьці паразмаўляла Свабода, кажуць, што рэч нават не ў шалёных цэнах на бульбу ды іншую гародніну. Андрэй кіроўца фуры, езьдзіць па Эўропе, бачыць, якую гародніну прадаюць у замежных гіпэрмаркетах і на фэрмэрскіх рынках.

«Там усё вымытае, чыстае, прыгожае. У Беларусі краінай кіруе былы дырэктар саўгасу, аграрый — дык навядзі парадак хоць у гэтай галіне, ты ж нібыта профі! Бо, як ён сам прызнаваўся, то „ўзяўся за яйкі — малако прапала“, то „каровы ў нас абасраныя“, а цяпер і бульба ў крамах — проста сорам! Прабачце, але мая бабуля скаціну больш прывабнай і якаснай бульбай карміла. 30 гадоў наводзіць парадак і ніяк не навядзе. І дэманстратыўная разборкі наладжвае», — абураецца Андрэй.

Прылавак з бульбай у адной зь менскіх крамаў, красавік 2025
Прылавак з бульбай у адной зь менскіх крамаў, красавік 2025

Тацяна апавядае, што зайшла ў панядзелак у «Грын». Ня самы танны супэрмаркет, але выбар і якасьць гародніны, на яе думку, там лепшыя, чым у «Еўраопце».

«Сёньня толькі адзін від бульбы быў у продажы — фасаваная, мытая па 3 рублі 99 капеек за кіляграм. Уяўляеце? Бульба ў Беларусі каштуе амаль паўтара даляра! Выглядала, праўда, нядрэнна. Цыбуля была толькі расейская белая, амаль па 9 рублёў за кіляграм. Але больш за ўсё ўразіла турэцкая цыбуля-парэй: больш за 33 рублі за кілю! Звычайнай беларускай капусты наагул няма, толькі квашаная, марская і брокалі», — дзеліцца ўражаньнямі Тацяна.

Кошты на гародніну ў адной зь менскіх крамаў, красавік 2025
Кошты на гародніну ў адной зь менскіх крамаў, красавік 2025

Мянчук Мікалай кажа, што за крок ад яго «Еўраопт», але там заўсёды гародніна была ня лепшай якасьці. Таму хадзіў па бульбу-моркву-буракі ў «Гіпа». Раней там заўсёды была гародніна з адной фэрмэрскай гаспадаркі Пружанскага раёну.

«Баюся яе назваць, каб не нашкодзіць гаспадарам. У фіялетаваай сетачцы былі адкалібраваныя адборныя клубні бульбачкі, прыгожая морква, буракі. Дзесьці перад Новым годам прадукцыя гэтай фэрмэрскай гаспадаркі зьнікла. Я пацікавіўся ў „Гіпа“, чаму яе няма. Мне адказалі, што, маўляў, „паколькі ў Беларусі жорсткае рэгуляваньне цэнаў, увесь ураджай яны прадалі даражэй у Расею. Мы ў сям’і няшмат той бульбы ўжываем. Таму сталі купляць на рынку слуцкую бульбу. Так, яна даражэйшая, але так прыемна ў гэтых беларускамоўных хлопцаў купляць: бульбачка адна ў адну, параяць, для якіх страваў якія гатункі лепш пасуюць», — кажа Мікалай.

Гародніна на прылаўку, красавік 2025
Гародніна на прылаўку, красавік 2025

Спадарыня Алена ўзгадвае стэрэатып, што Беларусь заўсёды славілася бульбай. Аказалася, што гэта ня так.

«Прабачце, але нават наш народ называлі (хоць мне вельмі не падабаецца гэта слова, але як ёсьць) — бульбашы. Калі ў Беларусі адкрыліся „Макдональдсы“, я з расчараваньнем даведалася, што бульба тым была не беларуская, а спачатку галяндзкая, потым польская. Нібыта патрэбная адмысловая тэхналёгія вырошчваньня, асаблівыя гатункі, а гэтага ў Беларусі не было. Дарэчы, і для вырабу чыпсаў бяруць не беларускую бульбу. Ну, а цяперашні зашквар з бульбай у крамах — гэта ганьба. Як казалі ў некалі папулярным фільме, „за дзяржаву крыўдна“», — кажа жанчына.

Альбо зморшчаная, альбо дарагая

Паглядзелі, якая гародніна прадаецца ў сталічных крамах проста цяпер.

У папулярным сэрвісе онлайн-гандлю прадуктамі «Е-дастаўка» ёсьць бульба дробная мытая — па 2,99 за кг (фасаваная, пакункі па 2,1 — 2,5 кг). Капусты белакачаннай няма. Ёсьць пэкінская па 7,59 рубля за кіляграм, брокалі па 21,99 рубля, нідэрляндзкая савойская капуста па 13,79 рубля, брусэльская — па 17.98 за пакунак у 350 грамаў. Цыбуля ёсьць дробная па 2,25 за кг. Расейская чырвоная каштуе 4,21 рубля, белая — 12,99.

Кошт маладой бульбы ў адной зь менскіх крамаў, красавік 2025
Кошт маладой бульбы ў адной зь менскіх крамаў, красавік 2025

У самой краме «Еўраопт» гародніна выглядае такім чынам.

У сетцы гіпэрмаркетаў «Гіпа» бульба мытая «Бабіна лета» каштуе 2,74 за кілаграм. Звычайнай беларускай цыбулі няма. Цыбуля чырвоная расейскай вытворчасьці — па 4,8 рубля за кг. Капуста ў «Гіпа» — толькі марская, квашаная ды ўзбэцкая квяцістая па 10,99. Звычайнай няма.

У дастаўцы гіпэрмаркетаў «Green» бульба мытая прадаецца па 3,99 рубля за кг. Капусты звычайнай няма, каляровая — па 13,99 рубля, брокалі — па 24,99 рубля за кіло.

Цыбуля беларуская дробная — па 2,23 рубля, чырвоная расейскай вытворчасьці — па 9,99 рубля за кіляграм.

У расейскай гандлёвай сетцы «Маяк», якая пазыцыянуе сябе як «крамы зь нізкімі цэнамі», гародніна выглядае ня вельмі апэтытна.

Кошты на капусту ў Менску, красавік 2025
Кошты на капусту ў Менску, красавік 2025

На Камароўскім ды іншых рынках сталіцы прыстойная бульба каштуе ад 4 да 5 рублёў за кг. За дробную просяць 2,5 рубля. Гэта амаль удвая даражэй, чым у крамах Вільні і Варшавы, дзе кіляграм сярэдняга памеру бульбы каштуе каля 80-90 эўрацэнтаў (менш за 3 рублі за кг).

Рэгуляваньне цэнаў

Эканамістка, старэйшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна зьвяртае ўвагу, што дзяржава пастаянна ўносіць папраўкі ў рэгуляваньне цэнаў — з кастрычніка 2024 года ўжо сёмы раз.

«У перадапошняй рэдакцыі рэгуляваньня цэнаў меркавалася, што яны будуць дзейнічаць па травень уключна. А іх павысілі ў сярэдзіне красавіка. З аднаго боку, працягнулі рэгуляваньне, а з другога — павысілі адпускныя цэны, каб запоўніць прылаўкі крамаў гароднінай, зь якой перабоі (капуста, бульба, цыбуля)», — кажа эканамістка.

Кошты на гародніну ў Менску, красавік 2025
Кошты на гародніну ў Менску, красавік 2025

Было шмат зваротаў грамадзянаў наконт вельмі дрэннай якасьці бульбы ў крамах. Звычайнай нямытай бульбы, цэны на якую рэгулююцца, не было ў продажы, а мытая вельмі дарагая, тлумачыць Анастасія Лузгіна.

«Вось і хочуць зацікавіць вытворцаў пастаўляць на рынак гародніну за кошт вышэйшых цэн, каб прадукты былі ў продажы. Часткова, магчыма, гэта і здыме дэфіцыт, але ж глыбінныя праблемы застаюцца. Нельга сказаць, што цэны не растуць — яны пастаянна павышаюцца. Плюс да таго ж выдаткоўваюцца дзяржаўныя рэсурсы, каб стрымліваць цэны штучна.

Натуральна, гэта нядобра, бо калі зьвярнуцца да эканамічнай навукі, нічога лепшага за рэгуляваньне рынкам не прыдумана. Натуральна, ёсьць выключэньні, ёсьць манаполія, але для большасьці тавараў і паслугаў толькі рынак ёсьць аптымальным інструмэнтам рэгуляваньня цэнаў», — мяркуе Анастасія Лузгіна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG