Якасная гародніна так званага «баршчавога набору» амаль зьнікла з прылаўкаў беларускіх крамаў, але ў сховішчах яна ёсьць, запэўнівае Міністэрства па антыманапольным рэгуляваньні і гандлі Беларусі.
Пра гэта паведамілі 19 красавіка на сайце міністэрства:
«Супрацоўнікі МАРГ праверылі наяўнасьць і якасьць бульбы, а таксама іншай гародніны „баршчавога“ набору ў 20 сховішчах для агародніны краіны. У КФГ „Дружба і К“ (Менская вобласьць) бульба захоўваецца навалам і ў кантэйнэрах, перад непасрэднай адгрузкай праводзіцца сартаваньне прадукцыі. У ТП УКП „Пладагародніна“ (Берасьцейская вобласьць) закладзеная прадукцыя мае належную якасьць і захоўваецца ў аб’ёмах, дастатковых для выкананьня паставак па зацьверджаным графіку. У ПК „Альгоўскае“ (Віцебская вобласьць) гародніны, якая знаходзіцца ў сховішчах, дастаткова для выкананьня дагаворных абавязацельстваў, ёсьць свабодныя абʼёмы капусты і буракоў».
«У цэлым у абсьледуемых стабілізацыйных фондах бульба мае належную якасьць, адпавядае патрабаваньням ДАСТ 7176-2017 „Бульба харчовая“ і захоўваецца ў абʼёмах, дастатковых для выкананьня заявак», — паведаміла міністэрства, не ўдакладніўшы, чаму пры гэтым якаснай бульбы і гародніны ня бачна ў крамах.
Днямі ўрад ухваліў захады па вырашэньні сытуацыі, якая ўзьнікла з-за дыспарытэту цэн, калі беларускім вытворцам стала больш выгадна пастаўляць сваю бульбу на зьнешнія рынкі.
З 17 красавіка набыла моц пастанова Савета Міністраў, якая ўносіць карэкціроўкі ў сыстэму рэгуляваньня цэн. Згодна з дакумэнтам, лімітаваная максымальная адпускная цана на бульбу павялічананая з 76 капеек да 1 рубля.
Для падтрымкі беларускіх вытворцаў павялічаныя гранічныя максымальныя адпускныя і розьнічныя (аптовыя) цэны на бульбу, капусту белакачанную і цыбулю, якія будуць дзейнічаць да 15 траўня 2025 года.
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня і аблвыканкамы заявілі, што маюць дастаткова бульбы для ўнутранага рынку.