Адпаведную пастанову № 713(7) падпісаў 16 красавіка прэм’ер-міністар Аляксандар Турчын.
У прэс-службе ўраду заявілі, што «для падтрымкі айчынных вытворцаў» да 15 траўня павялічылі гранічныя максымальныя адпускныя і раздробныя (гуртавыя) цэны на шэраг тавараў:
- бульбу сьвежую (акрамя мытай),
- сьвежую белакачанную капусту (акрамя раньняй),
- рэпчатую цыбулю (акрамя чырвонай і белай).
Акрамя гэтага, павялічаць гранічныя максымальныя гуртавыя і гандлёвыя (з улікам гуртавых) надбаўкі на запасныя часткі да легкавых аўтамабіляў, якія вырабляюць у Беларусі.
Зьмены набываюць сілу з 17 красавіка 2025 году.
3 красавіка ўрад Беларусі апублікаваў пастанову № 713(6), якая ўжо шосты раз уносіць зьмены ў парадак рэгуляваньня цэнаў на найбольш значныя для насельніцтва тавары. Іх пералік скарацілі з 331 да 211. Як заявілі ва ўрадзе, зь пераліку выключылі «тавары няштодзённага попыту альбо прэміюм-клясы». Для вытворцаў тавараў штодзённага попыту вызначылі «гранічную норму рэнтабэльнасьці»: згодна зь ёю, вытворца ня можа павысіць цану, каб не перасягнуць вызначанага яму ўзроўню рэнтабэльнасьці, нават калі на тавар ёсьць попыт і яго можна прадаць даражэй.
- Рэгуляваньне цэнаў урад увёў у 2022 годзе, каб стрымаць інфляцыю.
- Дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў прывяло да праблемаў у сыстэме гандлю. Як паведамляе Белстат, у студзені 2025 году рэнтабэльнасьць сыстэмы раздробнага гандлю склала 1,4%. У 2024 годзе ў краіне было 97 стратных арганізацыяў раздробнага гандлю (у 2023 годзе такіх было 88), гэта 14,4% ад іх агульнай колькасьці. Стратаў на адну такую арганізацыю прыпадала 2,8 мільёна рублёў.
- Такім чынам праз замарожваньне цэнаў урадам гандаль у істоце ператварыўся ў беспрыбытковую дзейнасьць. Скарачэньне пераліку тавараў, цэны на якія рэгулююцца, як чакаецца, паскорыць інфляцыю.
- Паводле Белстату, у лютым 2025 году спажывецкія цэны ў Беларусі вырасьлі на 1,3%, а за 2024 год інфляцыя склала 5,2%.
- Да рэгуляваньня цэнаў рэнтабэльнасьць продажаў у беларускім раздробным гандлі складала 3-5%.
- 21 сакавіка 2025 году Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю анансавала, што ў Беларусі будзе значна скарочаны пералік тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава. Цяпер пастанова ўраду рэгулюе цэны на 331 від тавараў.
- Падчас нарады 28 сакавіка Аляксандар Лукашэнка, выказваючыся аб прапановах ураду наконт сыстэмы рэгуляваньня цэнаў, паставіў пад сумнеў ідэю новага прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына абмежаваць пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца.
- 2 красавіка прэс-служба ўраду Беларусі паведаміла, што падпісаны дакумэнт, які ўносіць чарговыя зьмены ў пастанову № 713 «Аб сыстэме рэгуляваньня цэнаў». Гэтай пастановай уведзеную ў Беларусі сыстэму рэгуляваньня цэнаў скарэктавалі ўжо шосты раз.
Форум