Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БДУ выступіў расейскі гандляр зброяй Віктар Бут, які сядзеў у турме ў ЗША


Віктар Бут
Віктар Бут

У БДУ перад супрацоўнікамі і студэнтамі 31 сакавіка выступіў расеец, гандляр зброяй Віктар Бут, які ў ЗША быў прызнаны вінаватым у змове і атрымаў 25 гадоў турмы, а пазьней быў адпраўлены ў РФ па абмене.

Пра гэта паведаміў партал «Люстэрка» са спасылкай на прэсавую службу БДУ.

Бут быў прадстаўлены як «расейскі грамадзкі дзеяч, прадпрымальнік, дэпутат Заканадаўчага сходу Ульянаўскай вобласьці VII скліканьня».

Падчас яго выступу «адбылося абмеркаваньне прычын і тэндэнцый геапалітычнага супрацьстаяньня, яго экзістэнцыйнай асновы, сучаснага палітычнага стану і сьветаўладкаваньня, сыстэмы нацыянальнай бясьпекі і самаідэнтычнасьці».

У прыватнасьці, Бут «для эфэктыўнага разьвіцьця ключавых сфэр жыцьця беларускага і расейскага грамадзтва» заклікаў «умацоўваць тэхнічную базу, а таксама фармацэўтычную, навукова-адукацыйную, абаронную, эканамічную незалежнасьць дзьвюх краін».

Бут таксама даў інтэрвію прапагандысту Рыгору Азаронка, якое будзе паказанае на тэлеканале СТБ.

Віктар Бут, былы афіцэр савецкіх ВПС, быў затрыманы ў Тайляндзе ў 2008 годзе. Яго экстрадавалі з Тайлянду ў ЗША ў 2010 годзе. Бута называюць адным з самых вядомых гандляроў зброяй у сьвеце, заходняя прэса празвала яго «гандляром сьмерцю», а гісторыя яго жыцьця лягла ў аснову галівудзкага фільма «Зброевы барон».

У 2011 годзе Бут быў асуджаны да 25 гадоў турмы пасьля таго, як яго прызналі вінаватым у змове з мэтай забойства амэрыканцаў і афіцыйных асобаў ЗША, дастаўцы зэнітных ракет і дапамозе тэрарыстычнай арганізацыі. Сам ён сьцьвярджаў, што быў проста прадпрымальнікам з законным міжнародным транспартным бізнэсам, памылкова абвінавачаным у спробах узброіць амэрыканскіх паўстанцаў.

У сьнежні 2022 года Бута абмянялі на амэрыканскую баскетбалістку Брытні Грайнер, якая была асуджаная за правоз у Расею мэдычнай марыхуаны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG