Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абмянялі сваю баскетбалістку на засуджанага за гандаль зброяй расейца Бута


Віктар Бут і Брытні Грайнэр
Віктар Бут і Брытні Грайнэр

Абмен адбыўся ў аэрапорце Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).

«8 сьнежня 2022 году ў аэрапорце Абу-Дабі пасьпяхова завяршылася працэдура па абмене грамадзяніна Расеі Віктара Бута на грамадзянку ЗША Брытні Грайнэр, якія адбывалі пакараньне ў папраўчых установах ЗША і Расеі», — адзначаецца ў паведамленьні МЗС Расеі.

Аб абмене паведамілі і амэрыканскія СМІ, у прыватнасьці тэлеканал CNN. Паводле іх, Грайнэр знаходзіцца пад кантролем амэрыканскага боку. Белы дом паведаміў, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіць у 8:30 раніцы па ўсходнеэўрапейскім часе, але не ўдакладніў тэму ягонага выступу.

Віктар Бут адбываў 25-гадовы тэрмін у турме ў ЗША за спробу змовы з мэтай забойства амэрыканскіх грамадзян шляхам продажу зброі калюмбійскім паўстанцам з групоўкі FARC.

Хто такая Брытні Грайнэр

  • Амэрыканская баскетбалістка Брытні Грайнэр, якая знаходзілася пад арыштам у Расеі зь лютага 2022 году, абвінавачваецца ў захоўваньні і кантрабандзе наркатычных сродкаў.
  • Яе засудзілі да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Брытні Грайнэр — двухразовая алімпійская чэмпіёнка, зорка Нацыянальнай жаночай баскетбольнай асацыяцыі.

Хто такі Віктар Бут

  • Віктар Бут нарадзіўся ў Душанбэ (Таджыкістан) у 1967 годзе. Валодае некалькімі замежнымі мовамі, служыў у савецкім войску вайсковым перакладчыкам, у тым ліку ў Анголе. Ён сьцьвярджаў, што вучыўся ў Маскоўскім моўным інстытуце, які служыць пляцоўкай для падрыхтоўкі афіцэраў вайсковай выведкі.
  • Былога савецкага афіцэра Віктара Бута экстрадыравалі з Тайлянду ў 2010 годзе пасьля апэрацыі Ўпраўленьня па барацьбе з наркотыкамі ЗША (DEA). Тады запісалі, як ён прапаноўваў прадаць ракеты людзям, якіх ён лічыў левымі калюмбійскімі партызанамі.
  • Ён адзін з самых вядомых гандляроў зброяй у сьвеце, гісторыя яго жыцьця лягла ў аснову галівудзкага фільма «Уладар вайны» з Нікаласам Кэйджам у галоўнай ролі.
  • У 2012 годзе Бут атрымаў пакараньне ў 25 гадоў турмы пасьля таго, як яго прызналі вінаватым у змове з мэтай забойства амэрыканцаў і афіцыйных асоб ЗША, а таксама ў дастаўцы зэнітных ракет і дапамозе тэрарыстычнай арганізацыі. Сам ён сьцьвярджаў, што быў проста прадпрымальнікам з законным міжнародным транспартным бізнэсам, памылкова абвінавачаным у спробах узброіць паўднёва-амэрыканскіх паўстанцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG