Лідэры краін Эўрапейскага Зьвязу сабраліся 6 сакавіка на спэцыяльны саміт, каб абмеркаваць працяг падтрымкі Ўкраіны і эўрапейскай абароны.
Сярод іншага лідэры ЭЗ абмяркоўваюць эўрапейскі ўнёсак у гарантыі бясьпекі, неабходныя для забесьпячэньня працяглага міру ва Ўкраіне.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прыбыў у Брусэль для ўдзелу ў спэцыяльным саміце эўрапейскіх лідэраў.
«Мы ўдзячныя, што мы не адны, мы гэта адчуваем. Сыгналы павелічэньня ваенных выдаткаў і павелічэньня вытворчасьці вельмі вітаюцца», — сказаў Зяленскі ў камэнтары журналістам.
Старшыня Эўрапейскай рады Антонію Кошта падкрэсьліў, што бясьпека Эўропы неаддзельная ад бясьпекі Ўкраіны, а прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен адзначыла, што Эўропа павінна абараняць сябе і імкнуцца да трывалага міру.
«Прадстаўляю плян пераўзбраеньня на 800 мільярдаў, якія ідуць і краінам ЭЗ, і Украіне», — дадала яна.
Кіраўніца зьнешняй палітыкі ЭЗ Кая Калас заявіла:
«Украіна мае нашу падтрымку. Праца над гэтым павінна адбыцца сёньня, а ў канцы месяца будзе саміт. Вайна ўжо ў Эўропе. Эўропа павінна ўдзельнічаць у мірных дамоўленасьцях. У нас ёсьць што пакласьці на стол. Блякаваньне з боку Вугоршчыны становіцца ўсё большай праблемай. Таму мы гаворым пра кааліцыю ахвотных, каб адна краіна не магла ўсё заблякаваць. У адваротным выпадку Вугоршчына можа гаварыць сама за сябе. Мы ўсе хочам міру, але гэта ня можа быць мір, які прынясе больш пакут Украіне і нам».
Канцлер ФРГ Оляф Шольц падтрымаў яе:
«Мэханізмы бясьпекі і мір ва Ўкраіне ня могуць быць гвалтоўна навязаныя зьнешнімі актарамі. Мы далучаемся да гэтай канцэпцыі. Узмацненьне бясьпекі Ўкраіны — гэта тое, што мы сёньня тут абмяркоўваем. Варта вітаць тое, што ўкраінскі прэзыдэнт ясна даў зразумець, што ён можа сабе ўявіць, што гарматы на час змоўкнуць, у паветры, на моры, каб закласьці асновы мірнага разьвіцьця. Нам таксама ясна, што самае важнае для Ўкраіны — заставацца сувэрэннай, незалежнай дэмакратычнай дзяржавай. Гэта таксама будзе задачай, якой мы павінны прысьвяціць сябе тут, у прыватнасьці, пацьвярджаючы, што шлях Украіны ў Эўразьвяз можа працягвацца ў нязьменным выглядзе, і мы гарантуем гэтаму падтрымку».
Бэльгія разьлічвае паставіць зьнішчальнікі F16 для баявых дзеяньняў ва Ўкраіне ў 2026 годзе, заявіў прэм’ер-міністар Бэльгіі Барт дэ Вэвэр перад сустрэчай зь іншымі лідэрамі ЭЗ у Брусэлі. Ён сказаў, што абяцаную пастаўку самалётаў адклалі, бо Бэльгія чакае пастаўкі новых F35 на замену F16.
Прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў:
«Эўропа ў цэлым сапраўды здольная выйграць любое фінансавае, эканамічнае, ваеннае супрацьстаяньне з Расеяй. Мы проста мацнейшыя. Нам трэба было толькі пачаць у гэта верыць. І сёньня гэта, напэўна, адбываецца».
Туск сказаў, што будзе прапаноўваць на саміце абмеркаваць павелічэньне прысутнасьці эўрапейскіх, натаўскіх войскаў на мяжы з Расеяй і Беларусьсю.
Як стала вядома ад крыніц Свабоды, на саміце на фоне паўзы ў адносінах паміж ЗША і Ўкраінай Эўрапейская рада зьбіраецца пацьвердзіць сваю пастаянную і цьвёрдую падтрымку незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў яе міжнародна прызнаных межах, адзначаецца ў заяве саміту Эўразьвязу.
У праекце заявы сказана, што лідэры ЭЗ перакананыя: спыненьне агню можна разглядаць «толькі як частку працэсу, які вядзе да ўсёабдымнага мірнага пагадненьня, а любая такая дамова павінна суправаджацца надзейнымі гарантыямі бясьпекі для Ўкраіны, якія будуць спрыяць стрыманьню будучай расейскай агрэсіі; мір павінен грунтавацца на павазе да незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».
У дакумэнце таксама адзначаецца, што ня можа быць ніякіх перамоваў аб Украіне без Украіны і Эўропы.
Другога сакавіка ў Лёндане адбыўся саміт, прысьвечаны Ўкраіне. Паводле дадзеных Офіса прэзыдэнта, у ім узялі ўдзел 18 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў і кіраўнікі міжнародных інстытуцый. Лідэры абмеркавалі працяг фінансавай падтрымкі ўкраінскай абароннай прамысловасьці, а таксама гарантыі бясьпекі.
Прэм’ер-міністар Брытаніі Кір Стармэр паведаміў, што Вялікая Брытанія разам з Францыяй і Ўкраінай дамовіліся падрыхтаваць плян «спыненьня баявых дзеяньняў», які затым прадставяць ЗША.
Саміт адбыўся на фоне напружанасьці пасьля таго, як 28 лютага ў Белым доме прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі меў эмацыйную дыскусію з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і віцэ-прэзыдэнтам Джэй Ды Вэнсам наконт вайны РФ супраць Украіны.
Форум