Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крамлі заявілі, што лічаць Менск найлепшым месцам для перамоваў аб сканчэньні вайны ва Ўкраіне

Пятага сакавіка журналісты спыталі Пяскова пра стаўленьне Крамля да паведамленьня аб лісьце Зяленскага Трампу, у якім выказваецца гатоўнасьць Украіны да найхутчэйшых перамоваў аб «трывалым міры».

«Гэтае пытаньне не ўздымалася і ніяк не абмяркоўвалася. Але, вядома, для нас Менск — гэта найлепшае месца. Гэта наш галоўны саюзьнік, таму гэта найлепшае месца для перамоваў», — сказаў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў, якога цытуе Інтэрфакс.

Раней Лукашэнка ў інтэрвію блогеру Марыё Наўфалю выказаўся, што перамовы аб мірным вырашэньні вайны Расеі супраць Украіны могуць прайсьці ў Менску.

Пяскоў сказаў, што ў Крамлі ў цэлым пазытыўна ўспрынялі навіну аб тым, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў лісьце прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу выказаў гатоўнасьць да мірных перамоваў, але заяўляюць, што забарона Кіева на перамовы з Масквой па-ранейшаму юрыдычна дзейнічае, заявіў Дзьмітрый Пяскоў.

«[Наша пазыцыя] пазытыўная. Пытаньне ў тым, з кім сесьці [для перамоў]. Застаецца ў сіле заканадаўчая забарона прэзыдэнта Ўкраіны на перамовы з расейскім бокам. Так што ў цэлым пазыцыя пазытыўная, але нюансы не зьмяніліся», — сказаў Пяскоў.

Гаворачы ў інтэрвію блогеру Марыё Наўфалю пра палітыку Трампа ў дачыненьні да Ўкраіны, Лукашэнка адзначыў, што «ня трэба Зяленскага цяпер „нахіляць“, які б ён ні быў», і прапанаваў яму «дамаўляцца» наконт сканчэньня вайны на беларускай тэрыторыі.

«Вось, побач — 200 кілямэтраў ад беларускай мяжы да Кіева. Паўгадзіны на самалёце. Таму перадайце Трампу, я яго чакаю тут разам з Пуціным і Зяленскім. Сядзем і спакойна дамовімся», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што «ні ў якім разе не хацеў бы быць нейкім пасярэднікам, асабліва ў нармалізацыі адносінаў ва Ўкраіне», але «дапамагчы, арганізаваць, падштурхнуць нейкі працэс» — «зь вялікім задавальненьнем».

Лукашэнка заявіў, што калі ў Стамбуле «працэс ішоў да заключэньня мірных пагадненьняў», туды прыехаў тагачасны прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан «і забараніў Зяленскаму ісьці да міру». Ён абвінаваціў Вялікую Брытанію і адміністрацыю тагачаснага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў тым, што яны датычныя да «чарговага вітка эскаляцыі ва Ўкраіне».

«Быў дакумэнт адпаведны. Дакумэнт значна больш выгадны (для Ўкраіны. — Рэд.), чым цяпер становішча», — сказаў Лукашэнка і заявіў, што ён тады нібыта «публічна ўвесь час падштурхоўваў кіраўніцтва Ўкраіны да таго, што трэба заключаць мір».

Лукашэнка на перамовах у Стамбуле, дзе нібыта «працэс ішоў да заключэньня мірных пагадненьняў», не прысутнічаў. І пра які дакумэнт гаворка, ён не ўдакладніў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG