Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як суседзі Беларусі ставяцца да Лукашэнкі? Агляд апытаньняў


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Як мянялася стаўленьне да Лукашэнкі ў Расеі ды іншых суседніх краінах на працягу апошніх гадоў?

Расея

69% расейцаў станоўча ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі — такія вынікі свайго сёлетняга лютаўскага апытаньня апублікаваў расейскі сацыялягічны цэнтар «Фонд „Общественное мнение“» (ФОМ).

Як вы ў цэлым ставіцеся да Аляксандра Лукашэнкі - хутчэй добра, хутчэй кепска ці абыякава?, ФОМ

Паводле ФОМ, у жніўні 2020 году, падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, станоўча Лукашэнку ацэньвалі 38% расейцаў, у 2021 годзе — 42%, у сакавіку 2023 году — 59%.

Сёлетні лютаўскі паказьнік — рэкордна высокі ў апытаньнях ФОМ, пачынаючы з 2000 году. Папярэдні пік станоўчага стаўленьня расейцаў да Лукашэнкі быў у 2013 годзе і складаў 58%.

Іншая расейская сацыялягічная арганізацыя, «Левада-центр», даволі рэдка вымярала стаўленьне расейцаў да Лукашэнкі.

Аднак улетку 2023 году, неўзабаве пасьля мяцяжу Яўгенія Прыгожына і адпраўкі «Вагнэра» ў Беларусь, сацыёлягі «Левада-центра» задавалі пытаньне пра давер палітыкам зь пералікам прозьвішчаў, у сьпісе фігураваў і Аляксандар Лукашэнка. У тым апытаньні ён аказаўся на другім месцы пасьля Ўладзіміра Пуціна, пра давер Лукашэнку тады заявілі 70% рэспандэнтаў. Магчыма, тады прычынай такіх паказьнікаў стала роля Лукашэнкі ў вырашэньні крызісу зь мяцяжом Прыгожына, дакладней успрыняцьце гэтай ролі расейскай грамадзкай думкай.

Аднак стаўленьне расейцаў да Лукашэнкі вельмі залежыць ад кантэксту, у якім задаецца пытаньне. Той жа «Левада-центр» рэгулярна пытаецца сваіх рэспандэнтаў, каму з палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў яны давяраюць. Прычым пытаньне адкрытае — гэта значыць, што апытаныя самі ўпісваюць прозьвішча асобы, якой давяраюць. Па змоўчаньні размова ідзе пра расейскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Але, пачынаючы прынамсі з 2022 году, у адказ на гэта адкрытае пытаньне некаторыя рэспандэнты ўпісвалі і прозьвішча Лукашэнкі. У сёлетнім студзеньскім апытаньні «Левада-центра» такіх знайшлося 2%. Прыкладна на такім жа ўзроўні гэты паказьнік быў і ў папярэднія гады.

На адкрытае пытаньне пра давер канкрэтна да Лукашэнкі ўлетку 70% расейскіх рэспандэнтаў адказалі станоўча. На пытаньне пра давер расейскім палітыкам яго ўспаміналі пару адсоткаў.

У 2019 годзе экспэрт ФОМ Грыгорый Кертман апісаў стаўленьне расейцаў да Лукашэнкі наступным чынам:

«Калі мы вывучалі структуру гэтага стаўленьня, то з ацэнак вынікала: гэты прэзыдэнт вельмі добры для Беларусі, але для Расеі ён быў бы ня надта добры. Сымпатыя да яго — гэта сымпатыя як да кіраўніка дружалюбнай краіны. І гэтая сымпатыя не экстрапалявалася на Расею, ня тое каб мы хацелі б такога лідэра для Расеі».

Вяртаючыся да вынікаў лютаўскага 2025 году апытаньня ФОМ, варта адзначыць, што колькасьць тых, хто выказаў станоўчае стаўленьне да Лукашэнкі, блізкая да колькасьці прыхільнікаў ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. І імавернае тлумачэньне росту сымпатыяў расейцаў да Лукашэнкі: гэта сымпатыі да саюзьніка ў вайне.

Апытаньні "Левада-центра"
Апытаньні "Левада-центра"

У лютым 2022 году напад на Ўкраіну ажыцьцяўляўся і з тэрыторыі Беларусі, расейскіх вайскоўцаў у Беларусі трэніравалі і лячылі, Лукашэнка ўвесь час гаворыць аб падтрымцы Расеі — для многіх расейцаў, якія падтрымліваюць вайну, гэта падстава падтрымліваць і Лукашэнку.

Украіна

Зусім іншае стаўленьне да Лукашэнкі ва Ўкраіне. З 2014-га па 2020 год ён быў самым папулярным замежным палітыкам для ўкраінцаў. Але пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны яго папулярнасьць ва Ўкраіне абрынулася. Яшчэ ў студзені 2022 году ў апытаньні ўкраінскай сацыялягічнай групы «Рэйтынг» пра станоўчае стаўленьне да Лукашэнкі заявілі 29% рэспандэнтаў. А ўжо ў красавіку таго ж году — толькі 2%. Такое ж стаўленьне захоўвалася і пазьней, у 2022 годзе. Аднак, паводле апытаньня «Рэйтынгу», у кастрычніку летась станоўчыя ацэнкі Лукашэнку далі ўжо 7% украінцаў, а ў сьвежым, лютаўскім 2025 году — 8%.

Гэта не 29% тры гады таму, але і ня 2% на пачатку поўнамаштабнай вайны. Атакі на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі (сухапутныя і ракетныя) спыніліся, адчуваньне пагрозы ўступленьня ў вайну беларускай арміі зьменшылася, таму, можна меркаваць, крыху палепшылася стаўленьне ўкраінцаў да асобы, якая кантралюе суседнюю краіну.

Дадзеныя апытаньняў іншага ўкраінскага дасьледчага цэнтру, імя Разумкова, не супярэчаць дадзеным «Рэйтынгу». У лютаўскім 2023 году апытаньні цэнтру імя Разумкова пра станоўчае стаўленьне да Лукашэнкі паведамілі 3,3% апытаных, у лютаўскім апытаньні 2024 году — 3,7%.

Польшча

Улетку 2023 году польскі Цэнтар Юліюша Мерашэўскага правёў апытаньне грамадзкай думкі «Палякі пра Беларусь і беларусаў». У тым апытаньні станоўча пра Лукашэнку выказаліся 3% апытаных палякаў.

Латвія

У лютым сёлета былі абнародаваныя дадзеныя апытаньня, праведзенага латвійскім дасьледчым цэнтрам Norstat.

Паводле гэтых дадзеных, 8% апытаных заявілі, што ставяцца да Лукашэнкі вельмі станоўча, яшчэ 13% — хутчэй станоўча. Усяго, такім чынам, пра станоўчае стаўленьне да яго заявілі 21% рэспандэнтаў.

Сацыёлягі адзначылі істотныя адрозьненьні ў стаўленьні да яго паміж рознымі этнічнымі і моўнымі групамі латвійскага грамадзтва: сярод этнічных латышоў пра станоўчае стаўленьне да Лукашэнкі паведамілі 10% апытаных, сярод расейскамоўных грамадзянаў Латвіі — 38%, сярод этнічных расейцаў, жыхароў Латвіі — 39%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG