Трэцяга сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў аб перапрызначэньні большасьці міністраў і віцэ-прэм'ераў у новы склад ураду Беларусі, паведамляе ягоная прэс-служба. Афіцыйнага ўказу аб прызначэньні прэм'ер-міністра пакуль няма.
Уладзімер Каранік прызначаны намесьнікам прэм'ер-міністра Беларусі. Цяпер ён будзе куратарам сацыяльнай сфэры. Да прызначэньня ён займаў пасаду старшыні Горадзенскага аблвыканкаму.
Уладзімер Каранік нарадзіўся ў Горадні ў 1973 годзе. Скончыў Горадзенскі мэдычны ўнівэрсытэт, мае ступень кандыдата мэдычных навук. Працаваў у РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава ў Менску з 1996 па 2011 год. Быў галоўным доктарам Менскага анкалягічнага дыспансэра з 2011-га па 2019 год. Займаў пасаду міністра здароўя ў 2019–2020 гадах, стаўшы міністрам на фоне карупцыйных скандалаў і крымінальных справаў у сфэры аховы здароўя, у тым ліку зьвязаных з закупкамі абсталяваньня для шпіталяў.
Выканаўцам абавязкаў старшыні Горадзенскага аблвыканкаму прызначылі Юрыя Караева. Гэтым жа ўказам Лукашэнка вызваліў яго ад пасады свайго памочніка — інспэктара па Горадзенскай вобласьці.
Юры Караеў нарадзіўся ў Арджанікідзэ (Паўночная Асэтыя), скончыў дзьве расейскія вайсковыя вучэльні, Вайсковую акадэмію Беларусі. Браў удзел у баявых дзеяньнях у Нагорным Карабаху. Служыў у беларускіх структурах МУС, у тым ліку ў менскім АМАП. Займаў пасаду міністра ўнутраных спраў у 2019–2020 гадах, кіраваў сілавікамі падчас пратэстаў 2020 году. Пацьвердзіў, што міліцыянты білі пратэстоўцаў. Мае званьне генэрал-лейтэнанта міліцыі. Знаходзіцца пад санкцыямі шэрагу заходніх краін.
У сакавіку 2021 году Лукашэнка заявіў, што лічыць Караева і Караніка «моцнымі кандыдатамі» на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Самі яны такую пэрспэктыву ніяк не камэнтавалі.
У прэс-службе паведамілі, што Лукашэнка сфармаваў эканамічны блёк ураду. На чале яго застаецца першы віцэ-прэмʼер Мікалай Снапкоў. У блёку адзіная зьмена — міністар сувязі і інфарматызацыі.
Новым міністрам сувязі і інфарматызацыі Беларусі прызначаны Кірыл Залескі, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі. Дагэтуль Кірыл Залескі займаў пасаду намесьніка дырэктара адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгіяў, а таксама начальніка аддзела грамадзкай інфармацыі і міжнароднага супрацоўніцтва адміністрацыі ПВТ. У мінулым Залескі таксама быў амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Паўднёвай Карэі (у 2011-2016 гадах).
Раней Міністэрства сувязі інфарматызацыі Беларусі ўзначальваў Канстанцін Шульган. Ён займаў гэтую пасаду са жніўня 2018 году, а да гэтага рабіў карʼеру ў Апэратыўна-аналітычным цэнтры, дзе даслужыўся да намесьніка начальніка.
Пакуль няма рашэньняў па віцэ-прэм’ерах, якія курыруюць прамысловасьць, будаўніцтва, транспарт, а таксама аграрную і лясную галіны. Таксама не прынялі рашэньні па профільных міністрах гэтых блёкаў.
Большасьць міністраў, пра прызначэньне якіх заявіў Лукашэнка, захавалі свае пасады. 3 сакавіка Лукашэнка прызначыў:
- Артура Карповіча — міністрам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю;
- Івана Кубракова — міністрам унутраных спраў;
- Аляксандра Хаджаева — міністрам аховы здароўя;
- Максіма Рыжанкова — міністрам замежных спраў;
- Марата Маркава — міністрам інфармацыі;
- Руслана Чарнецкага — міністрам культуры;
- Віктара Хрэніна — міністрам абароны;
- Андрэя Іванца — міністрам адукацыі;
- Дзмітрыя Кійко — міністрам па падатках і зборах;
- Вадзіма Сіняўскага — міністрам па надзвычайных сытуацыях;
- Сяргея Кавальчука — міністрам спорту і турызму;
- Натальлю Паўлючэнку — міністрам працы і сацыяльнай абароны;
- Юрыя Селіверстава — міністрам фінансаў;
- Юрыя Чабатара — міністрам эканомікі;
- Яўгена Каваленку — міністрам юстыцыі;
- Канстанціна Бурака — кіраўніком апарату Савету Міністраў;
Паводле прэс-службы, Лукашэнка праводзіць прызначэньні ў фармаце нарады. Ён зьбірае новых і ранейшых сяброў ураду па блёках. «Сёньня самае галоўнае — пастаноўка задач для ўсіх. Першым у залі — проста цяпер — эканамічны блёк», — гаворыцца ў паведамленьні.
Форум