«Я хачу падзякаваць генэралу Чарльзу Браўну за яго больш чым 40-гадовую службу нашай краіне, у тым ліку ў якасьці цяперашняга старшыні. Ён выдатны джэнтэльмэн і выдатны лідар, і я жадаю яму і яго сям’і вялікай будучыні», — напісаў Трамп, не патлумачыўшы прычынаў яго звальненьня.
Чакалася, што Браўн завершыць свой чатырохгадовы тэрмін у верасьні 2027 году.
Зьмену кадравай палітыкі ў амэрыканскім войску раней анансаваў новы міністар абароны ЗША Піт Гэгсэт. Ён заявіў, што з войска павінны сысьці людзі, зьвязаныя з праграмамі разнастайнасьці, роўнасьці і інклюзіўнасьці (DEI), якую падтрымлівала папярэдняя адміністрацыя Джо Байдэна. «Гэта не зьяўляецца асновай нашай місіі, і мы зьбіраемся пазбавіцца ад усяго гэтага», — сказаў Гэгсэт.
Цяпер у афіцыйных заявах міністар выказваецца больш стрымана, але ў сваёй кнізе, выпушчанай летась, Гэгсэт адкрыта задаваўся пытаньнем, ці ня стаў Браўн старшынёй Аб’яднанага камітэту праз тое, што ён цемнаскуры.
Да гэтага Браўн, вайсковец з 35-гадовым службовым досьведам, у тым ліку кіраўнічым, быў камандуючым Ваенна-паветраных сіл ЗША — і на гэтую пасаду яго прызначыў Дональд Трамп у свой першы прэзыдэнцкі тэрмін. Тады Трамп ганарыўся Браўнам і адзначаў, што той стаў першым у гісторыі ЗША афраамэрыканскім камандуючым.
У 2020-ым Браўн выказваўся ў падтрымку руху Black Lives Matter, які арганізаваў масавыя пратэсты пасьля забойства паліцыянтам пры затрыманьні афраамэрыканца Джорджа Флойда.
На месца Браўна Трамп вылучыў адстаўнога генэрал-лейтэнанта Дэна Кейна — для прызначэньня яго кандыдатуру павінен зацьвердзіць Сэнат. Кейн зьяўляецца былым намесьнікам дырэктара ў ваенных пытаньнях у ЦРУ.
Акрамя Браўна, Трамп звольніў кіраўніка штабу Ваенна-марскіх сіл ЗША Лізу Франкеці, першую жанчыну, якая ўзначаліла ваенную службу, намесьніка начальніка штабу ВПС генэрала Джыма Слайфа і яшчэ трох высокапастаўленых вайскоўцаў. Пасьля адстаўкі Браўна і Франкеці ў асноўным складзе камітэту начальнікаў штабоў засталіся толькі белыя мужчыны.
Форум