Старшыні раённых і гарадзкіх выканаўчых камітэтаў атрымалі права выносіць пісьмовыя патрабаваньні (прадпісаньні) аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства і аб прыцягненьні работнікаў да дысцыплінарнай адказнасьці, вынікае з указу «Аб узмацненьні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў разьвіцьці рэгіёнаў», які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 21 лютага.
Па ўзгадненьні з раённымі і гарадзкімі выканкамамі цяпер павінны прымаць рашэньні, якія «прадугледжваюць спыненьне дзейнасьці важных для раёну аб’ектаў ці прыпыненьне дзейнасьці арганізацыяў». Паводле прэс-службы Лукашэнкі, гэта дазволіць «перадухіліць неабдуманае скарачэньне працоўных месцаў і ліквідацыю сацыяльна значных аб’ектаў», такіх, як банкаматы, пошта, прыпынкі грамадзкага транспарту і інш.
Указ «істотна пашырае» кадравыя паўнамоцтвы мясцовых выканкамаў і іх старшыняў. Так, старшыні райвыканкамаў будуць узгадняць кіраўнікоў тэрытарыяльных органаў усіх міністэрстваў і ведамстваў (акрамя КДБ), кіраўнікоў ключавых арганізацый раёну ўсіх формаў уласнасьці паводле пераліку, які зацьвердзіць сам выканкам. У гэтым падпункце ўказу таксама адзначаецца, што пракурорскі работнік «на запрашэньне старшыні выканкаму базавага ўзроўня ўдзельнічае ў пасяджэньнях адпаведнага выканкаму з правам дарадчага голасу».
Старшыні рай- і гарвыканкамаў атрымалі права нароўні з выданьнем распараджэньняў выносіць пісьмовыя патрабаваньні (прадпісаньні) ліквідацыі парушэньняў заканадаўства і прыцягненьні да дысцыплінарнай адказнасьці работнікаў. Патрабаваньні могуць адрасаваць кіраўнікам ніжэйстаячых выканкамаў і іншых арганізацыяў. Іх невыкананьне пацягне адміністрацыйную адказнасьць. Пры гэтым на старшыняў выканкамаў базавага ўзроўню ўсклалі «пэрсанальную адказнасьць за выдадзеныя распараджэньні, прынятыя рашэньні аб кадравых узгадненьнях, іншыя рашэньні (даручэньні) і вынесеныя пісьмовыя патрабаваньні».
Указам пашырылі фінансавыя магчымасьці выканкамаў базавага ўзроўню «для разьвіцьця тэрыторыяў і задавальненьня патрэбаў грамадзян». У межах Году добраўпарадкаваньня ім далі правы «актыўна ўцягваць грамадзян і арганізацыі ў агульную справу па навядзеньні парадку ў краіне», паведамляе прэс-служба Лукашэнкі. Ва ўказе гаворыцца, што выканкамам далі права прыцягваць юрыдычных асобаў, ІП і грамадзян «да выкананьня ўласнымі сіламі і (або) за кошт уласных сродкаў працаў па падтрыманьні належнага санітарнага стану, добраўпарадкаваньні і ўтрыманьні тэрыторыяў земляў агульнага карыстаньня населеных пунктаў».
Таксама спрасьцілі правілы продажу агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў, у асноўным пяску, грамадзянам для ўласных патрэбаў, і арганізацыям для добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня тэрыторыяў, сельскагаспадарчых аб’ектаў.
На думку распрацоўнікаў закона, усе гэтыя меры дазволяць «умацаваць уплыў мясцовых органаў улады на сытуацыю ў рэгіёне, павысіць эфэктыўнасьць працы выканаўчых камітэтаў і іх старшыняў, раскрыць рэзэрвы для якаснага росту ўзроўню жыцьця ў краіне».
Указ пачынае дзеяньне з 1 сакавіка.
Форум